«Тона на дваіх». Разам з фарбаванай саляркай на сяле масава крадуць камбікорм

У Хоцімскім раёне двое працаўнікоў сельгаспрадпрыемства накралі больш за 1 тону камбікорму. Цягалі яго на свае падворкі  некалькі месяцаў.

Выкрылі жыхароў вёскі Бярозкі падчас міліцэйскага рэйду. 53-гадовая яе жыхарка ў хляўку назапасіла дзяржаўнага камбікорму амаль 760 кілаграмаў. Супраць вяскоўкі распачатая крымінальная справа.

Яе 35-гадовы зямляк не змог утаіць ад міліцыі 300 кілаграмаў камбікорму. Распачатая праверка, па выніках якой ўчынку вяскоўца дадуць прававую ацэнку.

Скрадзенае, піша тэлеграм-канал «Милиция Могилевщины» вернутае гаспадарцы.

Цяпер найбольш, калі сыходзіць са звестак міліцыі, крадуць на вёсках фарбаваную салярку, прызначаную для запраўкі сельгастэхнікі.

Днямі 840 літраў такога паліва выявіў міліцэйскі рэйд у жыхаркі Магілёўскага раёну. Магілёў.media падлічыў, што літраж нацяганай вяскоўкай саляркі складае 64% ад усяго аб’ёму накрадзенага паліва з пачатку месяца ў рэгіёне.

Праваахоўнікі высвятляе, дзе жанчына набрала столькі фарбаванага паліва.

З дапамогаю афарбоўкі паліва змагаюцца з махінацыямі і крадзяжамі не толькі ў Беларусі, пісаў раней Магілёў.media.

У Бельгіі, напрыклад, паліва, прызначанае для фермерскіх гаспадарак, каштуе ў чатыры разы танней, чым звычайнае на запраўках. Такое паліва фарбуецца ў чырвоны колер (у нас – у зялёны), а для праверкі выкарыстоўваюцца адмысловыя рэактывы, якія паліцыя падносіць да выхлапной трубы. Штраф за выкарыстанне чырвонага паліва чакае нават самаго фермера, калі ён заправіць такой саляркай свой асабісты аўтамабіль.

«Патрабуецца мабілізацыя ўсіх сіл». Працаўнікоў магілёўскіх прадпрыемстваў рэкрутуюць на жніво

Адпаведнае распараджэнне ўжо атрымалі кіраўнікі прадпрыемстваў, кажа кіраўнік магілёўскага гарвыканкаму Ўладзімір Цумараў. Ягоныя калегі з аблвыканкаму адзначаюць, што сёлетняе жніво пройдзе інакш, чым у мінулыя гады. Чыноўнікі ў агучванні планаў на ўборачную ўжываюць вайсковую тэрміналогію.

«Патрабуецца мабілізацыя ўсіх сіл, – заяўляе ён. – Для магілёўцаў дапамога сялу – практыка не новая. Штогод у перыяд уборачнай кампаніі адпраўляем неабходную тэхніку, задзейнічаем працоўныя рэсурсы. Адпаведнае распараджэнне ўжо атрымалі кіраўнікі прадпрыемстваў Магілёва».

Уладзімір Цумараў, піша «Веснік Магілёва» удзельнічаў у «вялікая рэспубліканскай селектарнай нарадзе па пытаннях уборачнай кампаніі», якую праводзіў Аляксандр Лукашэнка. Па ягоных словах «у Беларусі вырашчаны добры ўраджай збожжавых і зернебабовых культур, хоць цяперашняя пільніца прагназуецца няпростай з-за пэўных сюрпрызаў надвор’я».

Па выніках нарады  Цумараў і распарадзіўся кінуць на жніво працаўнікоў прадпрыемстваў.

Чыноўнікі з аблвыканкаму заяўляюць, што сёлетняе жвіно ў Магілёўскай вобласці пройдзе па спецыяльным сцэнарыі. Спачатку камбайны з паўночных раёнаў будуць перакінуты на поўдзень, каб хутчэй завяршыць уборачную там, а потым лавінай пойдуць па рэгіёне, паведамляе сайт Магилёўскага аблвыканкаму.

фота: garadvest.by