Крадзёж са злоўжываннем службовымі паўнамоцтвамі і замах на дачу хабару інкрымінаваны 55-гадоваму намесніку дырэктара аграрнага прадпрыемства Хоцімскага раёна і яго саўдзельніку, 51-гадоваму жыхару Краснаполля.
Як паведамляе генеральная пракуратура, дзейнічаючы па папярэдняй змове, абвінавачаныя выкралі 47,5 тон угнаенняў коштам больш як 7 тысяч беларускіх рублёў. Затым гэтыя ўгнаенні яны вывезлі ў Расію і прадалі там.
Для ўтойвання гэтага факта зламыснікі спрабавалі падкупіць загадчыцу склада сельгаспрадпрыемства. Аднак жанчына не прыняла 30 тысяч расійскіх рублёў хабару і крадзёж быў раскрыты дзякуючы ёй.
Пасля таго як абвінавачаныя даведаліся, што пра крадзёж стала вядома, то разам з калегам з іншага сельгаспрадпрыемства, намеснік дырэктара выкраў яшчэ 48,5 тон аналагічных мінеральных угнаенняў. Гэтыя ўгнаенні даставілі на склад замест раней выкрадзеных.
Такім чынам, сукупная шкода ад злачыннай дзейнасці намесніка дырэктара і яго саўдзельніка перавысіла 11 тысяч беларускіх рублёў.
Зламыснікі знаходзяцца зараз пад вартай, у іх дачыненні заведзена крымінальная справа.
Фота ілюстрацыйнае