падстаўныя магілёўцы

Магілёўцы расказалі, што думаюць пра справы Лукашэнкі

Падстаўныя жыхары Магілёўшчыны з катэгорыі “заўсёды гатовыя” пахвалілі здзяйсненні Лукашэнкі, зробленыя ім на мінулым тыдні.

Інфармацыйны партал адміністрацыі Лукашэнкі “Беларусь Сегодня” апытаў чатырох «жыхароў» Магілёўскай вобласці, якія каментуюць падзеі “прэзідэнцкага” тыдня. 

Усе чацвёра ўхвалілі ваенны, эканамічны і знешнепалітычны курс Лукашэнкі. 

Інтанацыі розныя, сэнс адзін. Давайце паглядзім, каго менавіта “саўбелка” называе народам.

Артур Селязнёў: патрыёт па пасадзе

Артур Селязнёў прадстаўлены як «жыхар Магілёўскай вобласці». Ён разважае пра аснашчэнне арміі і баяздольнасць Узброеных Сіл. Яго словы гучаць прафесійна. І невыпадкова: Селязнёў – старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі «Саюз дэсантнікаў Магілёўскай вобласці».

У маі 2025 года ён выступаў на IV форуме развіцця грамадзянскай супольнасці ў Бабруйску. Менавіта ў гэтым афіцыйным статусе, побач з прадстаўнікамі «Белай Русі», «Саюза афіцэраў» і настаяцелем царквы. Там ён анансаваў патрыятычную акцыю, закліканую аб’яднаць беларусаў і расіян.

Чалавек з такой біяграфіяй, безумоўна, можа выказвацца на ваенную тэму. Але «выпадковым жыхаром» ён пры гэтым не з’яўляецца нават блізка. Яго арганізацыя цалкам залежыць ад добразычлівасці ўладаў.

Вольга Курэпіна: актывістка чатырох арганізацый разважала пра навуку

Вольга Курэпіна ў артыкуле – проста начальніца жыллёва-камунальнага аддзела. У рэальнасці Вольга Алегаўна сапраўды начальніца жыллёва-камунальнага аддзела ААТ «Бабушкіна крынка», але гэта толькі пачатак яе паслужнога спісу.

Яшчэ Курэпіна – член «Белай Русі», Беларускага саюза жанчын, Фонду міру і прафсаюзаў АПК.

У выніку – чатыры структуры, ніводная з якіх не прадугледжвае выпадковых удзельнікаў.

Нарэшце, у 2025 годзе Курэпіна ўваходзіла ў склад выбарчай камісіі на сфальсіфікаваных выбарах, што працавала ў інтэрнаце ААТ «Бабушкіна крынка». Вылучаная яна была ад Магілёўскай абласной прафсаюзнай арганізацыі аграпрамысловага комплексу.

Чалавека з такім магутным профілем «СБ» прадставіла як выпадковага, з народа, і папрасіла выказацца пра рэформу аплаты працы навукоўцаў. 

Курэпіна, вядома ж, выступіла і за рэформу, і за аплату.

Анжаліка Уквусіке: вясельны фатограф з экспертызай па знешняй палітыцы

Анжаліка Уквусіке прадстаўлена як спецыялістка па зваротах грамадзян прадпрыемства. 

Яна каментуе тэлефонную размову Лукашэнкі з Пуціным і разважае пра «праверанае гадамі» беларуска-расійскае сяброўства.

У яе экспертнасці можна не сумнявацца. Бо Анжаліка не толькі працуе са зваротамі грамадзян. Яна яшчэ і вясельны фатограф у Магілёве з уласным партфоліа на foto.by і акаўнтам у Instagram.

Трэба спадзявацца, што праца са зваротамі грамадзян у Уквусіке не прадугледжвае статусу дзяржаўнай службоўцы. Інакш гаворку давядзецца весці ўжо не пра тэлефонную размову.

Генадзь Жучкоў: пенсіянер на ўсе тэмы

Генадзь Жучкоў – пенсіянер, які разважае пра стойкасць Ірана на міжнароднай арэне.

Жучкоў апытваецца праўладнай прэсай не першы раз. У студзені 2021 года ён ужо выказваўся пра шчаслівыя сем’і: «У прыярытэце для абодвух бацькоў заўсёды павінны быць дзеці». У 2019 годзе на pravo.by Жучкоў таксама значыўся сярод апытаных і скардзіўся на малы працоўны стаж. 

Тут без Ірана ніяк не абысціся.

Апытанне чатырох чалавек, кожны з якіх так ці інакш уключаны ў сістэму, ніколі не пакажа сапраўднага меркавання народа пра справы Лукашэнкі. Гэтых меркаванняў вышэй за дах у TikTok, дзе ад нецэнзурнай лаянкі народ утрымліваюць толькі правілы супольнасці.

Фота – калаж mogilev.media (злева направа): Артур Селязнёў, Вольга Курэпіна, Анжаліка Уквусіке, Генадзь Жучкоў.

← Усе навіны Магілёва