На “Бабруйскаграмашы” ўзмацняецца кадравы голад

За апошні час на ААТ “Бабруйскаграмаш” пашырыўся пералік спецыяльнасцяў, на якіх адчуваецца востры недахоп працоўных рук.

Адзін з найбуйнейшых машынабудаўнічых заводаў Магілёўскай вобласці працягвае сутыкацца з сур’ёзнымі праблемамі ўкамплектавання штату. Паводле новых звестак, якія з’явіліся ў распараджэнні маніторынгавай супольнасці BELPOL, за апошнія месяцы сітуацыя з кадрамі на “Бабруйскаграмашы” не толькі не стабілізавалася, але і прыкметна пагоршылася.

Калі раней дэфіцыт супрацоўнікаў закранаў пераважна асобныя вытворчыя ўчасткі, то цяпер недахоп людзей становіцца сістэмнай праблемай для прадпрыемства. Найбольш востра завод па-ранейшаму мае патрэбу ў рабочых спецыяльнасцях, звязаных з асноўнай вытворчасцю.

На сённяшні дзень прадпрыемства шукае адразу некалькі дзясяткаў работнікаў. Асабліва не стае маляроў і слесараў механазборачных работ – па 15 чалавек на кожную пазіцыю. Пры гэтым патрэба ў слесарах за два месяцы вырасла напалову. Таксама ад сакавіка не закрыты восем вакансій машыністаў кранаў.

Адначасова завод пачаў шукаць і новых спецыялістаў, якіх раней у спісах дэфіцытных прафесій не было. Гаворка ідзе пра станочнікаў шырокага профілю і зваршчыкаў, якія працуюць на аўтаматычных і паўаўтаматычных лініях. Па кожным з гэтых кірункаў прадпрыемству патрабуецца па шэсць чалавек.

Адначасова прадпрыемства пачало адчуваць недахоп спецыялістаў, наўпрост задзейнічаных у металаапрацоўцы і зварачнай вытворчасці, што можа сведчыць аб нарастальных цяжкасцях ў забеспячэнні вытворчага цыклу. Умовы, калі вакансіі застаюцца незакрытымі месяцамі, усё мацней уплываюць на працу прадпрыемства.

Сітуацыя паказвае, што кадравы голад на “Бабруйскаграмашы” ўжо даўно перастаў быць часовай праблемай. Недахоп кваліфікаваных рабочых набывае ўстойлівы характар.

Фотаздымак: Яндэкс.Карты

“Бабруйскаграмаш” хочуць уключыць у холдынг сельгасмашынабудавання

Холдынг “Бабруйскаграмаш” плануюць зрабіць часткай холдынга сельскагаспадарчага машынабудаванння, стварэнне якога абмяркоўваецца ва ўрадзе.

Паводле паведамлення ва ўрадавым тэлеграм-канале, прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын правёў нараду па пытанні стварэння холдынгу сельскагаспадарчага машынабудавання. Мяркуецца, што ў яго ўвойдуць вядучыя прадпрыемствы галіны, а іх абʼяднанне дазволіць зарабляць больш. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал ураду Беларусі.

Акрамя «Кіруючай кампаніі холдынгу «Бабруйскаграмаш», у склад ствараемага холдынгу плануецца ўключыць «Кіруючую кампанію холдынгу «Лідсельмаш» і «Кіруючую кампанію холдынгу «Мінскі маторны завод». У складзе ўсіх трох суб’ектаў гаспадарання знаходзіцца 22 арганізацыі і 1 філіял.

У Савеце міністраў спадзяюцца, што стварэнне холдынгу дазволіць абʼяднаць усіх вытворцаў пад адным брэндам, у перспектыве павысіць пазнавальнасць тэхнікі на экспартных рынках, а таксама, улічваючы магчымасці канструктарскіх службаў прадпрыемстваў, выпускаць асобныя віды складанай высокапрадукцыйнай тэхнікі.

Пры гэтым не ва ўсіх кампаніяў, якія плануецца ўключыць у холдынг, справы ідуць добра. Як ужо паведамлялася, «Бабруйскаграмашу» не хапае людзей. Прадпрыемства папрасіла Мінпрамысловасці пазычыць яму працаўнікоў, інакш абваліцца экспарт.

Фотаздымак: Яндэкс.Карты

“Бабруйскаграмаш” з-за кадравага калапсу шукае работнікаў “у арэнду”

“Бабруйскаграмаш” просіць Мінпрам дапамагчы ў пошуку работнікаў, без залічэння іх у штат.

Як даведалася арганізацыя былых беларускіх сілавікоў BELPOL, у Міністэрства прамысловасці паступіў афіцыйны зварот ад ААТ “Кіруючая кампанія холдынгу “Бабруйскаграмаш”. Прадпрыемства просіць садзейнічання ў падборы персаналу па дамовах аўтстафінгу, гэта значыць узяць работнікаў “у арэнду” ў іншых арганізацый без залічэння іх у штат.

Сам па сабе такі крок выглядае паказальным. Адзін з буйных дзяржаўных машынабудаўнічых холдынгаў не можа самастойна закрыць базавыя вытворчыя патрэбы і вымушаны шукаць часовых супрацоўнікаў, каб падтрымліваць працэс вытворчасці.

У дакуменце падкрэсліваецца, што перад прадпрыемствам стаіць «стратэгічная задача» па пастаўцы сельскагаспадарчай тэхнікі ў краіны так званай «далёкай дугі». Аднак за гэтай фармулёўкай хаваецца больш прыземленая праблема, а менавіта востры дэфіцыт рабочых кадраў. Менавіта недахоп персаналу называецца адным з фактараў, які ставіць пад пагрозу выкананне экспартных кантрактаў у вызначаныя тэрміны.

Паводле звароту, прадпрыемству тэрмінова патрабуюцца 35 чалавек на ключавыя пазіцыі:

 

  • слесары механазборачных работ – 10 чалавек;
  • маляры – 15 чалавек;
  • машыністы крана – 10 чалавек.

 

Гаворка ідзе не пра вузкапрофільных інжынераў, а пра базавыя рабочыя спецыяльнасці, без якіх машынабудаўнічая вытворчасць не можа функцыянаваць. Адсутнасць менавіта гэтых работнікаў сведчыць пра сістэмны характар праблемы.

Раней, як піша BELPOL, з’яўлялася інфармацыя пра складаную кадравую сітуацыю на МАЗе. Цяпер аналагічныя цяжкасці фактычна прызнаюцца і ў структуры «Бабруйскаграмаша», які ўваходзіць у сістэму Міністэрства прамысловасці.

Такім чынам, дэфіцыт рабочых рук выходзіць за межы аднаго прадпрыемства. Зварот з просьбай дапамагчы ў аўтстафінгу работнікаў сведчыць, што нават дзяржаўныя гіганты вымушаны шукаць часовыя рашэнні, каб закрыць элементарныя вытворчыя патрэбы. На гэтым фоне рыторыка пра «стратэгічныя рынкі» і «далёкую дугу» кантрастуе з рэальнасцю, у якой заводу бракуе слесараў, маляроў і машыністаў крана.

Калі прамысловае прадпрыемства дзяржаўнага сектара вымушана звяртацца да механізму аўтстафінгу для закрыцця базавых вакансій, гэта сведчыць пра глыбокі кадравы крызіс, які ўжо немагчыма ігнараваць.

Фотаздымак: Яндэкс.Карты

У цэхах «Бабруйскаграмаша» халодна – ў сацсетках казалі праўду

Холад на «Бабруйскаграмашы» – планавы, малаткі з прывараннымі ручкамі – не.

Інспектар абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў галін прамысловасці вымяраў тэмпературу ў цэхах «Бабруйскаграмаша» і пераканаўся, што падставы для скаргаў у сацыяльных сетках былі: тэрмометр паказаў ад 2,7 да 8,4 градуса цяпла.

Аднак наймальнік забяспечыў кампенсацыйныя і ахоўныя меры:

  • на прадпрыемстве дзейнічае загад аб працы ў халодны перыяд;
  • работнікам прадастаўляюцца дадатковыя перапынкі для абагрэву;
  • абсталяваныя і дзейнічаюць цёплыя пакоі для адпачынку і прыёму ежы;
  • выдаецца ўцепленая спецвопратка і абутак;
  • прадугледжаныя даплаты за працу ў неспрыяльных умовах.

А вось выкарыстанне малаткоў з прывараннымі металічнымі ручкамі і напільнікаў з пашкоджанымі ручкамі інспектар зафіксаваў як парушэнне.

Варта нагадаць, што на холад скардзіліся не толькі супрацоўнікі «Бабруйскаграмаша», але і работнікі хлебазавода ў Касцюковічах.

Мяркуючы па публікацыях мясцовай газеты, рэакцыі ўладаў і прафсаюзаў на гэтую скаргу не было.

Фота “Магілёўскія ведамасці”