Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу ў адносінах да дырэктара арганізацыі адпачынку і забаў за няшчасны смяротны выпадак са стажорам.
52-гадовы дырэктар падазраецца ў службовай халатнасці, якая пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека (ч.2 арт. 428 КК РБ). Згодна Крымінальнага кодэкса, пакаранне за такое злачынства прадугледжана ад абмежавання волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў да пазбаўлення волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.
Паводле інфармацыі на сайце ААТ “МагілёўАтракцыёны”, яго дырэктарам з’яўляецца Юрый Мышэйка.
Нагадаем, трагедыя адбылася 1 траўня 2026 года ў Парку атракцыёнаў у Магілёве, дзе з-за парушэння тэхнікі бяспекі загінуў 18-гадовы стажор аператара.
Валерыя Хурсана ціха адправілі на пенсію з філіяла «Быхаўскі» ААТ «Бабушкина крынка». Без лішніх пытанняў, без падвядзення вынікаў, без спробы ўспомніць, чым менавіта запомніліся яго месяцы на чале прадпрыемства.
А між тым гісторыя Валерыя Хурсана (на загалоўным фота) – гэта не пра кіраванне заводамі. Гэта пра тое, як адно прозвішча паслядоўна аказваецца побач з рознымі патокамі прадукцыі – спачатку віннай і кансервавай, потым – з малочнай.
Хурсан кіраваў філіялам нядоўга, каля 15 месяцаў: з снежня 2024 года да сакавіка 2026-га.
Нагадваем, што да прыходу на «Бабушкина крынка» Хурсан працаваў у сістэме ААТ «Магілёўаблхарчапрам» і быў першым намеснікам дырэктара ААТ «Кампанія “МогНат”» – структуры, якая займалася пладова-ягаднымі вінамі. А паралельна ў Быхаве разгортвалася іншая, ужо сямейная гісторыя.
Яго сын, Ігар Хурсан, працаваў намеснікам дырэктара па камерцыйных пытаннях на ААТ «Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод». І менавіта там, у фірменнай краме раптам з’яўлялася магілёўскае «вінішка» – без накладных. Супадзенне, канешне. Проста бацька – у віннай тэме, а сын – у месцы, дзе гэта віно як бы вельмі зручна рэалізуецца.
Але гэтым гісторыя не абмежавалася.
Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод у выніку скончыўся класічна: банкруцтва, ліквідацыя і крымінальная справа. Антыкрызісны кіраўнік Аляксандр Марозаў атрымаў 7,5 года пазбаўлення волі.
Ігар Хурсан у гэтай жа сістэме працаваў намеснікам дырэктара па камерцыі – то бок знаходзіўся ўнутры ўсёй гэтай «эфектыўнай гаспадарчай дзейнасці», якая прывяла да прысуду і закрыцця прадпрыемства. Але ў фінале сеў Марозаў. А Хурсан-малодшы – не.
Пасля гэтага яго бацька Валерый Хурсан атрымлівае ўжо малочнае прадпрыемства – філіял «Быхаўскі» ААТ «Бабушкина крынка». А яго сын, да таго часу ўжо гандлюе малочнай прадукцыяй у Расіі. Сямейная спецыялізацыя проста мяняе асартымент: было віно і кансервы – стала малако.
Ніякіх высноў з гэтай гісторыі публічна зроблена не было. Ні наконт дзіўных перасячэнняў бізнесу і пасад, ні наконт таго, як адно і тое ж прозвішча стабільна аказваецца побач з патокамі прадукцыі – спачатку віннай, потым малочнай.
І вось Хурсан сыходзіць на пенсію. З падзякамі.
Хоць уся гэта гісторыя больш падобная не на кар’еру «моцнага гаспадарніка», а на акуратна выбудаваную сямейную схему, дзе дзяржаўныя прадпрыемствы аказваюцца зручнай інфраструктурай для мутных спраў.
Прыкметна, што лепш за ўсё яны рэалізуюцца ў Быхаўскім раёне – самым карумпаваным рэгіёне вобласці, з якім не можа справіцца нават грозны Лукашэнка, які не даруе сямейных бізнесаў нікому, акрамя самога сябе.
Свята, якое заўсёды з табой – пры ўмове, калі ты не заплаціў за яго гэтаму магілёўцу.
У Магілёве 50-гадовы дырэктар аднаго з гарадскіх прадпрыемстваў браў грошы за арганізацыю забаўляльных мерапрыемстваў і раствараўся ў паветры. Свята не надыходзіла, а грошы ішлі на асабістыя патрэбы прадпрымальнага кіраўніка.
У Ленінскі РУУС звярнуліся адразу некалькі магілёўцаў, якія паверылі аднаму і таму ж абяцанню і пазбавіліся ў агульнай складанасці каля 3 тысяч рублёў.
Схема працавала безадмоўна: прыняў заказ, узяў аплату, знік.
Свята ў выніку ўсё ж адбылося – але ўжо для следчых. Узбуджана крымінальная справа.
Сур’ёзна прыціснула: у Магілёве начальнік украў таксометр і відэарэгістратар з арандаванага аўтамабіля.
Аператыўнікі Ленінскага РАУС Магілёва раскрылі крадзеж. Дырэктар прыватнай арганізацыі залез у даўгі і не прыдумаў нічога лепшага, як скрасьці сродкі кантролю з аўтамабіля нанятага ім таксіста і прадаць іх.
Пагасіць доўг не атрымалася. Уладальнік машыны своечасова заўважыў знікненне таксометра і відэарэгістратара агульным коштам на 1000 рублёў.
Супраць 26-гадовага дырэктара распачата крымінальная справа.
Асабліва хочацца падкрэсліць, што ў Магілёўскай вобласці крадуць не толькі прыватнікі. Пра тое, што красці нельга, не ведаюць кіраўнікі многіх дзяржаўных прадпрыемстваў. І гэтая праблема значна больш глабальная.
У Магілёўскім раёне невыкананне тэхнікі бяспекі ў прыватнай арганізацыі прывяло да сур’ёзнай траўмы 16-гадовага падлетка.
Як паведамляе Генеральная пракуратура, у ліпені гэтага года хлопец працаваў на станку. Пры гэтым ён, як і яго такі ж непаўналетні калега, быў дапушчаны да працы без заключэння працоўнай дамовы і ўвогуле без належнага афармлення. У арганізацыі не было нават інструкцыі па ахове працы.
Акрамя гэтага, на станках адсутнічалі ахоўная агароджа элементаў, што круцяцца.
Няшчасны выпадак прывёў да таго, што рука падлетка трапіла ў небяспечнае месца і ў выніку ён пазбавіўся пальцаў.
Дырэктар арганізацыі быў прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці за парушэнне працоўнага заканадаўства – ён заплаціў штраф у 25 базавых велічынь. А цяпер супраць яго ўзбуджана крымінальная справа, бо гэтае парушэнне пацягнула сур’ёзныя цялесныя пашкоджанні.
У Магілёве дырэктар аднаго з прадпрыемстваў, які ўладкаваў сына вадзіцелем у абыход інтарэсаў службы і адмовіўся падаўжаць кантракт работніку, стаў фігурантам пракурорскай праверкі. У выніку пазбавіўся пасады.
Як паведамляе сайт Генеральнай пракуратуры, спецыяліст аднаго з магілёўскіх прадпрыемстваў звярнуўся на асабісты прыём у пракуратуру Магілёўскай вобласці са скаргай на дзеянні кіраўніка, якога ён абвінаваціў у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. У ходзе праверкі выкладзеныя факты пацвердзіліся.
Паводле высноваў пракуратуры, дырэктар перашкаджаў падаўжэнню працоўнага кантракту з супрацоўнікам, парушыўшы яго працоўныя правы. Такія дзеянні расцэнены як правапарушэнне, якое стварае ўмовы для карупцыі.
Акрамя таго, выяўлены неўрэгуляваны канфлікт інтарэсаў: дырэктар узяў на працу ў якасці вадзіцеля ўласнага сына, які пасля карыстаўся службовым аўтамабілем у асабістых мэтах.
Па выніках праверкі пракуратура ўнесла прадстаўленне. У выніку кіраўнік быў вызвалены ад займанай пасады, а таксама распачатыя меры па спагнанні з яго матэрыяльнай шкоды, нанесенай прадпрыемству.
Нагадаем, што напрыканцы 2023 года пракуратура Магілёўскай вобласці ўзбудзіла крымінальную справу аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў у дачыненні да экс-намесніка старшыні райвыканкама-начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні аднаго з раёнаў за перавышэнне службовых паўнамоцтваў.