Глускія пракуроры накіравалі ў суд 70 заяў аб экстрэмісцкіх матэрыялах

Пракуратура Глускага раёна накіравала ў суд 70 заяў аб прызнанні матэрыялаў экстрэмісцкімі і дапамагла калгаснікам атрымаць зарплату.

Пракуратура Глускага раёна з пачатку 2026 года накіравала ў суд 70 заяў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Гэта вынік карпатлівай працы па выкараненні ў краіне іншадумства. Пракуроры патлумачылі, што ў прыватнасці:

  • у ходзе маніторынгу выяўлена старонка ў сацыяльнай сетцы Facebook з аўдыторыяй больш за 98 тысяч падпісчыкаў, дзе размяшчаліся відэаролікі пра дзейнасць прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім фарміраваннем аб’яднання, а таксама іншыя забароненыя матэрыялы;
  • крымінальная справа распачата супраць жыхара райцэнтра, які размясціў у сацсетцы відэа з “паклёпам” у дачыненні да Лукашэнкі.

Суд, традыцыйна вынес абвінаваўчы прысуд. Мужчыне прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 2 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Махавік рэпрэсій, запушчаны ў 2020 годзе Лукашэнкам, што прайграў выбары, падобна, круціцца ўжо па інерцыі.

У краіне засталося зусім мала рэсурсаў, якія яшчэ не прызнаныя экстрэмісцкімі і грамадзян, якія пакуль не абразілі састарэлага дыктатара.

Справаздача глускай пракуратуры гаворыць не пра выкананне службовага абавязку. Па вялікім рахунку гэта проста выражэнне лаяльнасці да ўлады, якая трымаецца толькі на страху.

Вельмі паказальная ў гэтым плане іншы бок дзейнасці гэтай жа пракуратуры.

У маі 2026 года ў дзвюх сельгасарганізацыях раёна ўтварылася запазычанасць перад 322 супрацоўнікамі на суму больш за 340 тысяч рублёў.

Пракурор Глускага раёна вынес прадпісанні кіраўнікам прадпрыемстваў з патрабаваннем неадкладна пагасіць доўг. Грошы аддалі.

Аднак і гэта не сведчанне выканання закона ў Беларусі. Калі мікраскапічную зарплату аграрыям аддаюць толькі з-пад пракурорскай палкі, то падставы для абразы ўлады ў грамадзян вельмі важкія.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Чыноўнікам Магілёўскай вобласці не дазволілі «распілаваць» бюджэт

У пяці раёнах Магілёўшчыны былі аплачаны работы, якія не выконваліся.

Магілёўшчына, як заўсёды, на сваёй хвалі. Улады рапартуюць пра работы, якія і не думаюць выконваць, бяруць пад іх грошы з бюджэту, а потым Камітэт дзяржаўнага кантролю ўстанаўлівае, што выяўлены парушэнні.

Кантралёры КДК Магілёўскай вобласці праверылі тое, як у пяці раёнах рэгіёна выконваецца даручэнне Лукашэнкі па зносе невыкарыстоўваемых аб’ектаў сельгасарганізацый, і ўстанавілі, што пры зносе 35 невыкарыстоўваемых будынкаў за кошт бюджэту былі аплачаны работы, якія не выконваліся. Такім чынам «было выдаткавана» больш за 250 тысяч бюджэтных  рублёў.

Акрамя таго, выяўлены выпадкі, калі з-за невывезеных будаўнічых адходаў вызваленыя землі не рэкультываваліся і не ўцягваліся ў гаспадарчы абарот.

Грашовыя сродкі ў поўным аб’ёме вернуты ў бюджэт, участкі вызвалены ад будаўнічага смецця.

І на гэтым чарговая гісторыя з спробай «распілу» бюджэту скончылася. Шкада, што няма статыстыкі, прысвечанай таму, колькі бюджэтных грошай стаўленікам Лукашэнкі ўдалося ўнесці ў дзюбах.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.