У чавускім пансіянаце “Расінка” жывуць вялікія сябры старшыні Белкаапсаюза

У Чавусах сытыя і поўныя здароўя чыноўнікі зладзілі фотасесію з інвалідамі на падставе таго, што “падарылі” ім пральную машыну.

Вяршыні цынізму дасягнула вярхушка чавускай “вертыкалі” разам са старшынёй стратнага Белкаапсаюза Інэсай Караткевіч, зладзіўшы фотасесію з хворымі людзьмі, што пражываюць у пансіянаце “Расінка”.

Там жывуць 19 чалавек, а “слуг народа”, якія пажадалі папіярыцца на дабрачыннасці за бюджэтны кошт, было ўсяго шасцёра. Але затое якіх!

“Паслядоўнікаў” маці Тэрэзы варта назваць па імёнах:

  • старшыня праўлення Белкаапсаюза Інэса Караткевіч;
  • старшыня Чавускага райвыканкама Дзмітрый Акуліч;
  • намеснік старшыні Чавускага райвыканкама Андрэй Верхаводкін;
  • намесніца старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Святлана Сцяпанава;
  • старшыня праўлення Магілёўскага аблспажыўсаюза Сяргей Любянкоў;
  • старшыня праўлення Чавускага райспажыўтаварыства Мікалай Скрынік.

Інэса Караткевіч распавяла пра сваё даўняе сяброўства з жыхарамі пансіяната і ўручыла дырэктару ўстановы сертыфікат на спартыўнае абсталяванне. 

Дзмітрый Акуліч “падарыў” пральную машыну, набыtую за бюджэтныя сродкі, а Сяргей Любянкоў – прысмакі і садавіну. Таксама, вядома ж, не з асабістай лядоўні.

Затое фатаграфаваліся сытыя, ззяючыя здароўем і добрым настроем чыноўнікі з такім запалам, быццам ашчаслівілі не толькі “Расінку”, а цэлы падлунны свет.

Інэса Караткевіч

Кожны кадр, зроблены журналістамі раённай газеты “Іскра” – пастановачны. Начальства старанна рабіла выгляд, што ім цікавыя гісторыі інвалідаў, а тыя, магчыма, і не сумняваліся, што да іх прыехалі сапраўдныя сябры.

Урэшце, калі разважаць філасофскі, то і падножны корм можна назваць найлепшым сябрам каровы.

Фота раённай газеты.

Дзень у гісторыі: 25 ліпеня. Нарадзіліся этнограф Юльян Крачкоўскі, кампазітар Дзмітрый Смольскі, палітык Аляксандр Мілінкевіч. Не стала класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча, паэткі Наталлі Арсенневай

1840 года нарадзіўся Юльян Крачкоўскі.

Фалькларыст, этнограф, гісторык, педагог.

Дырэктар Полацкай настаўніцкай семінарыі і Віленскага настаўніцкага інстытуту. Аўтар першага падрабязнага даследавання сямейных і каляндарна-аграрных абрадаў беларусаў і выхавання дзяцей «Нарысы быту заходнерускага селяніна».


1910 годзе нарадзіўся Генадзь Цітовіч.

Дзеяч харавога мастацтва, кампазітар, заснавальнік і кіраўнік Дзяржаўнага Акадэмічнага хору Беларусі.

Запісаў больш за 3 тысячы пераважна беларускіх песняў. У яго рэпертуары былі таксама творы на ўкраінскай, польскай, балгарскай ды іншых мовах. Зрабіў для хору шмат канцэртных апрацовак уласных запісаў. Складальнік фальклорных зборнікаў.


1937 года нарадзіўся Дзмітрый Смольскі.

Кампазітар і педагог, Народны артыст.

Аўтар сімфоніяў, опер, сярод якіх «Сівая легенда», «Францыск Скарына». Дыск з запісамі яго сімфоніяў, выдадзены брытанскай фірмай «Алімпія», быў прызнаны лепшым на конкурсе ў ЗША ў 1992 годзе.


1947 года нарадзіўся Аляксандр Мілінкевіч.

Навуковец, грамадскі дзеяч і палітык, краязнавец.

Загадваў кафедрай Сеціфскага ўніверсітэту (Алжыр), быў дацэнтам Гродзенскага ўніверсітэту. Яго кандыдатура разглядалася на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту.

У 2006 годзе ўдзельнічаў у выбарах прэзідэнта Беларусі, як адзіны кандыдат ад дэмакратычных сіл.

Узначальваў Рух «За Свабоду».


1984 года памёр Уладзімір Караткевіч.

Класік беларускай літаратуры.

Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Найбольш вядомыя яго творы: «Дзікае паляванне караля Стаха», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», «Зямля пад белымі крыламі».

Помнікі класіку ўстаноўлены ў Воршы, Віцебску, Мінске, Кіеве.


1997 года памерла Наталля Арсеннева.

Паэтэса, перакладчыца, драматург.

У СССР творы Наталлі Арсенневай, якая перабывала ў вымушанай эміграцыі, былі забароненыя. У 1940 годзе Наталля Арсеннева разам з сынамі была арыштавана савецкімі органамі ўнутраных спраў і без афіцыйнага абвінавачвання сасланая ў Казахстан. У вайну выехала на Захад.

З сярэдзіны 1980 гадоў творы Наталлі Арсенневай становяцца вядомымі і папулярнымі, асабліва верш «Малітва», які будучы пакладзеным на музыку кампазітарам Міколам Равенскім стаў гімнам «Магутны Божа». Ён даў назву фестывалю духоўнай музыкі ў Магілёве. У 1995 годзе песню прапаноўвалі зрабіць дзяржаўным гімнам Беларусі.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў