Магілёвец у Клімавічах парэзаў выпадковага мінака ў пошуку прыгод

Магілёвец прадстане перад судом у Клімавічах за нанясенне цяжкіх раненняў нажом выпадковаму мінаку.

У Клімавічах у райсуд накіраваная крымінальная справа супраць 20-гадовага жыхара Магілёва, якога абвінавачваюць у нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў выпадковаму мінаку з хуліганскіх матываў. Інцыдэнт адбыўся ў навагоднюю ноч у цэнтры горада, піша Дзяржкамітэт судовых экспертыз.

Паводле матэрыялаў следства, 48-гадовы жыхар Клімавічаў разам з сям’ёй знаходзіўся ў цэнтры горада, калі да іх раптоўна падбег незнаёмы малады чалавек. Ён паводзіў сябе агрэсіўна і, паводле сведчанняў, заявіў, што «шукае прыгод» і хоча «дакапацца» да прысутных.

Калі мужчына паспрабаваў абараніць сябе і жанчын, якія былі разам з ім, паміж ім і нападнікам узнікла бойка. У нейкі момант малады чалавек дастаў нож і некалькі разоў ударыў ім пацярпелага ў галаву і тулава.

Жанчыны, якія знаходзіліся побач, змаглі збіць нападніка з ног і выклікалі міліцыю і хуткую дапамогу. Падазраванага затрымалі на месцы. Пацярпелага з цяжкімі траўмамі даставілі ў бальніцу.

Судова-медыцынская экспертыза зафіксавала на целе мужчыны адзінаццаць колата-рэзаных ран. Сярод іх – пранізная рана шчакі і пранікальнае раненне жывата з пашкоджаннем унутраных органаў. Паводле экспертаў, гэтыя пашкоджанні адносяцца да цяжкіх, бо ўяўлялі небяспеку для жыцця.

Была праведзена і судова-псіхіятрычная экспертыза нападніка. Яна паказала, што на момант здарэння ён знаходзіўся ў стане псіхічнага расстройства, выкліканага ўжываннем алкаголю. Аднак эксперты прыйшлі да высновы, што ён мог усведамляць характар сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Цяпер абвінавачанаму пагражае да 15 гадоў зняволення.

Фотаздымак: sudexpert.gov.by

У суд пайшла справа аб жорсткім забойстве 20-гадовай даўніны ў Магілёве

Пракуратура накіравала ў суд справу магілёўца, які абвінавачаны ў забойстве жанчыны на вачах яе дзяцей.

Паводле версіі абвінавачання, у лютым 2005 года 25-гадовы малады чалавек, быўшы нецвярозым, прыйшоў дадому да 27-гадовай жанчыны. Ён планаваў “вырашыць пытанне пра адтэрміноўку вяртання грашовых сродкаў за маёмасць, якую ён раней выкраў у яе мужа”. “Дамовіцца не атрымалася, дзяўчына была непахісная і выказала намер звярнуцца ў міліцыю” – гаворыцца ў паведамленні Генеральнай пракуратуры.

Мужчына спалохаўся наступстваў, схапіў нож і нанёс жанчыне не менш за 30 удараў па галаве, грудзі і шыі. Усё гэта адбылося на вачах дзяцей ахвяры, аднаму з якіх тады быў год, другому – чатыры.

Жанчына памерла на месцы здарэння ад траўмы галавы, шыі і грудной клеткі. Яе цела знайшоў муж на наступны дзень. На падлозе побач з маці знаходзілася яе чатырохгадовае дзіця.

Паводле пракуратуры, абвінавачаны пасля зробленага раскідаў рэчы з шафаў, каб інсцэнаваць рабаванне. Так, паводле версіі следства, ён хацеў адвесці ад сябе падазрэнні.

Адметна, што ў 2005–2006 гадах абвінавачаны быў фігурантам крымінальнай справы, “аднак з прычыны недастатковасці доказаў тады ён пазбег адказнасці за зробленае”.

Пракуратура сцвярджае, што над справай працавалі на працягу 20 гадоў і ў выніку “следчыя здолелі атрымаць дадатковыя доказы датычнасці магіляўчаніна да здзяйснення асабліва цяжкага злачынства”. Мужчыну выстаўленае абвінавачанне ў забойстве.

Скрыншот: Генпракуратура РБ

Магілёвец наладзіў бізнес на продажы ўласнаручна скрадзеных тавараў

Магілёвец краў у крамах тавары, а потым прадаваў іх на базары. На гэтым і зарабляў.

Магілёўскія міліцыянты злавілі 50-гадовага гараджаніна, які наладзіў просты, але вельмі прыбытковы бізнес. Мужчына хадзіў ў краму за пакупкамі, але аплочваў іх не ўсе. Частку, якую хаваў па кішэнях, выносіў проста так, нават не за “дзякуй”.

Такія паводзіны прыцягнулі ўвагу супрацоўнікаў крамы, якія і звярнуліся ў міліцыю. Тая выясніла, што скарадзеныя тавары мужчына забіраў нават не для ўласнага карыстання, а прадаваў на адным з рынкаў горада. Прычым, колькі б ні каштаваў прадаваны тавар, для кемлівага гандляра рэнтабельнасць яго бізнеса была 100%. 

Праўда, пасля таго, як ўсё высветлілася і была ўзбуджана крымінальная справа, “прадпрымальніку” прыйдзецца ўсё ж такі падзяліцца чымсьці з дзяржавай і абвараванай крамай, якая недалічылася тавару прыкладана на 1000 рублёў. Але гэта будзе ўжо зусім іншая гісторыя.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Памяць загіблага за Украіну магілёўца ўшанавалі ў Варшаве

У Варшаве прайшла акцыя памяці беларускага добраахвотніка, ураджэнца Магілёва Мікалая «Эстонца» Ілліна, які загінуў 5 гадоў таму, абараняючы Украіну.

Мерапрыемства абдылося 13 ліпеня 2025 года ў зале Яна Паўла II касцёла св. Аляксандра ў Варшаве, паведамілі Charter97.org арганізатары. Мікалай Іллін – герой Плошчы Каліноўскага 2006 года, вайсковы медык. Ён загінуў падчас спробы эвакуацыі параненага байца.

Жыццё і змаганне славутага магілёўца

Як нагадвае часопіс Магілёўскага аддзялення ПЦ “Вясна” Мікалай Іллін доўгі час жыў у Магілёве і быў вядомы як актыўны ўдзельнік апазіцыйных моладзевых рухаў у пачатку 2000-х гадоў. Ён адкрыта выступаў супраць аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі і неаднаразова прымаў удзел у акцыях пратэсту.

У верасні 2004 года яго двойчы затрымлівалі за распаўсюд незалежнай прэсы. Аднак пераломным момантам стаў для яго ўдзел у падзеях “Плошчы-2006”, калі ён з першых дзён далучыўся да намётавага гарадка ў Менску. Падчас адной з акцый Ільіна жорстка збілі супрацоўнікі АМАП, але ён усё роўна вярнуўся да пратэстоўцаў.

Праз некалькі дзён яго зноў затрымалі, і ў шпіталі да яго прыйшлі супрацоўнікі КДБ з пагрозамі распачаць крымінальную справу. Каб пазбегнуць зняволення, ён вырашыў пакінуць Беларусь.

У траўні 2006 года Іллін разам з іншымі ўдзельнікамі пратэстаў звярнуўся да Віктара Юшчанкі з просьбай аб палітычным прытулку, але атрымаў адмову. Тым не менш, з дапамогай украінскіх валанцёраў яму ўдалося пераехаць у Эстонію, якая прыняла некалькі рэпрэсаваных студэнтаў з Беларусі.

Жыццё за мяжой было няпростым: Мікалай доўгі час працаваў нелегальна, вывучаў англійскую мову, падзарабляў таксістам і экскурсаводам. Паступова яго жыццё ў Таліне стабілізавалася, але ў свеце пачалі адбывацца новыя трагічныя падзеі.

Пасля пачатку ў 2014 годзе расійска-ўкраінскага канфлікту Іллін паехаў ва Украіну і далучыўся да шэрагаў добраахвотнікаў. Ён прайшоў навучанне як баявы медык і служыў у марской пяхоце, дапамагаючы параненым на перадавой.

Супрацьстаянне з расійскай агрэсіяй для Мікалая не было новым: яшчэ ў 2006 годзе ён публічна папярэджваў пра пагрозу з боку Расіі. Ён успрымаў гэтую барацьбу як працяг уласнага шляху.

13 ліпеня 2020 года Мікалай Іллін загінуў на вайне ва Украіне, спрабуючы дапамагчы параненаму таварышу. Так скончылася жыццё магілёўца, які аддана змагаўся за свабоду і годнасць — як у Беларусі, так і далёка за яе межамі.

Фота: Charter97.org