Пастаяльцу гасцініцы ў Глуску прымроіліся злачынцы і ён разнёс чужую машыну

Жыхар Рагачоўскага раёна прыехаў у Глуск працаўладкоўвацца. Ноччу яму не спалася. Далей – крымінальная хроніка.

Праблема працаўладкавання незанятых грамадзян у Беларусі вырашаецца па-рознаму. Жыхар Рагачоўскага раёна пайшоў правераным шляхам – сваяк параіў ехаць у Глуск, у ПМК N 249: людзі патрэбныя, аб’екты ёсць. Мужчына сабраўся і прыехаў. Засяліўся ў гасцініцу. Будаваў планы на будучыню і ад перспектыў не спалося.

Ноччу мужчына выйшаў пагуляць і ўбачыў аўтамабіль, у якім хаваліся злачынцы.

Марудзіць было нельга – і рагачоўскі госць, не губляючы ні секунды, кінуўся на абарону грамадскага парадку. Машыне добра дасталося – кулакамі, нагамі, штахетнікам ад найбліжэйшага плота.

Мужчына заскочыў на капот, разабраўся з люстэркамі, дворнікамі і нумарамі, спусціў колы. Злачынцы не сышлі – таму што іх не было. Супакоіўшыся, народны мсціўца зазірнуў у салон і забраў куртку – відавочна, як рэчавы доказ.

Раніцай гаспадар машыны чамусьці не ацаніў зробленай працы і звярнуўся ў міліцыю. Камеры відэаназірання, у адрозненне ад выдуманых злачынцаў, на месцы ўсё ж аказаліся.

Самае цікавае, што праверка на алкаголь і наркотыкі нічога не выявіла. Раней да крымінальнай адказнасці мужчына не прыцягваўся. Цяпер прыцягваецца – па артыкуле за хуліганства яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Магілёвец у Клімавічах парэзаў выпадковага мінака ў пошуку прыгод

Магілёвец прадстане перад судом у Клімавічах за нанясенне цяжкіх раненняў нажом выпадковаму мінаку.

У Клімавічах у райсуд накіраваная крымінальная справа супраць 20-гадовага жыхара Магілёва, якога абвінавачваюць у нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў выпадковаму мінаку з хуліганскіх матываў. Інцыдэнт адбыўся ў навагоднюю ноч у цэнтры горада, піша Дзяржкамітэт судовых экспертыз.

Паводле матэрыялаў следства, 48-гадовы жыхар Клімавічаў разам з сям’ёй знаходзіўся ў цэнтры горада, калі да іх раптоўна падбег незнаёмы малады чалавек. Ён паводзіў сябе агрэсіўна і, паводле сведчанняў, заявіў, што «шукае прыгод» і хоча «дакапацца» да прысутных.

Калі мужчына паспрабаваў абараніць сябе і жанчын, якія былі разам з ім, паміж ім і нападнікам узнікла бойка. У нейкі момант малады чалавек дастаў нож і некалькі разоў ударыў ім пацярпелага ў галаву і тулава.

Жанчыны, якія знаходзіліся побач, змаглі збіць нападніка з ног і выклікалі міліцыю і хуткую дапамогу. Падазраванага затрымалі на месцы. Пацярпелага з цяжкімі траўмамі даставілі ў бальніцу.

Судова-медыцынская экспертыза зафіксавала на целе мужчыны адзінаццаць колата-рэзаных ран. Сярод іх – пранізная рана шчакі і пранікальнае раненне жывата з пашкоджаннем унутраных органаў. Паводле экспертаў, гэтыя пашкоджанні адносяцца да цяжкіх, бо ўяўлялі небяспеку для жыцця.

Была праведзена і судова-псіхіятрычная экспертыза нападніка. Яна паказала, што на момант здарэння ён знаходзіўся ў стане псіхічнага расстройства, выкліканага ўжываннем алкаголю. Аднак эксперты прыйшлі да высновы, што ён мог усведамляць характар сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Цяпер абвінавачанаму пагражае да 15 гадоў зняволення.

Фотаздымак: sudexpert.gov.by

У Горках п’яны мужчына атакаваў аўтамабілі

Вяртаючыся ноччу з гасцей, жыхар Горак зачымсьці пашкодзіў чатыры чужыя аўтамабілі.

Чатыры аўтамабілі пашкодзіў жыхар Горак – ён драпаў машыны ключом, ламаў люстэркі задняга віду і шклоачышчальнікі. 

Больш за ўсё не пашанцавала аўтамабілю Opel – 38-гадовы хуліган адарваў і памяў яго рэгістрацыйны знак. 

Усё гэта трапіла на камеры відэаназірання, а на нумарным знаку засталіся яшчэ і адбіткі пальцаў.

Высветлілася, што мужчына не належыў да лудзіцкага руху. Свае паводзіны ён патлумачыў тым, што быў п’яны.

Паколькі ў хулігана няма судзімасцяў, ён раскаяўся і добраахвотна пакрыў нанесеную шкоду, вырашана было не прыцягваць яго да крымінальнай адказнасці.

Фота: “Беларусь Сегодня”.

Непаўналетняй касцюковічанцы пагражае пакаранне за прылюдную бойку

У Касцюковічах 17-гадовая дзяўчына ўчыніла прылюдную бойку, якую відавочцы здымалі на тэлефон.

Як піша набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал, дзяўчына прыйшла да сястры ў мясцовы каледж, дзе ўбачыла сваю мясцовую равесніцу і прапанавала ёй “паразмаўляць”.

Калі дзяўчыны адыйшлі ў бок, першая стала выстаўляць прэтэнзіі другой, што тая нібыта калісьці абразіла яе бацькоў у сацыяльных сетках. Пры гэтым яна крычала і накінулася на суразмоўцу з кулакамі. Гэта ўсё здымалі на тэлефон тыя, хто апынуўся побач з дзявочай сваркай.

Пацярпелая потым паскардзілася свайму хлопцу, які прывёў яе ў міліцыю, дзе дзяўчына напісала заяву. Яе крыўдзіцельніца стала фігуранткай крымінальнай справы аб хуліганстве.

Фотаздымак ілюстрацыйны