У сакавіку гэтага года было афіцыйна абвешчана, што галоўны магілёўскі мост праз Днепр атрымаў назву «мост імя Героя Савецкага Саюза М.М. Яшына». Адпаведнае рашэнне прыняла гарадская тапанімічная камісія, нягледзячы на тое, што падобная форма назвы парушае адразу тры заканадаўчыя нормы: яна занадта доўгая і мае такія забароненыя для тапонімаў элементы, як ініцыялы і слова “імя”.
Але пазней высветлілася цікавая дэталь – аказваецца, заканадаўства наогул не дапускае афіцыйнае найменаванне які-кольвек мастоў у Беларусі.
Пра гэта паведаміў Тэлеграм-канал “Спадчына”, аўтар якога накіраваў афіцыйны зварот у Дзяржкаммаёмасць. З адказу ведамства вынікае наступнае: заканадаўства Беларусі дазваляе прысвойваць найменні элементам вулічна-дарожнай сеткі. Спіс такіх элементаў канкрэтны, гэта вуліцы, завулкі, праспекты, плошчы, паркі, скверы, бульвары, тракты, набярэжныя і шаша. Мост у гэты пералік не ўваходзіць, а значыць, не з’яўляецца такім элементам а выступае як інжынернае збудаванне. Пагэтаму любое рашэнне пра найменаванне маста аўтаматычна губляю любую юрыдычную сілу. На практыцы гэта выглядае так: магілёўскія гарадскія ўлады могуць павесіць на мосце хоць пяцьдзясят таблічак, нават размаляваць яго ўвесь з галавы да ног словамі “мост імя Героя Савецкага Саюза М.М. Яшына”, але ні ў адным афіцыйным рэестры гэта не можа быць зафіксавана.

