Памяць загіблага за Украіну магілёўца ўшанавалі ў Варшаве

У Варшаве прайшла акцыя памяці беларускага добраахвотніка, ураджэнца Магілёва Мікалая «Эстонца» Ілліна, які загінуў 5 гадоў таму, абараняючы Украіну.

Мерапрыемства абдылося 13 ліпеня 2025 года ў зале Яна Паўла II касцёла св. Аляксандра ў Варшаве, паведамілі Charter97.org арганізатары. Мікалай Іллін – герой Плошчы Каліноўскага 2006 года, вайсковы медык. Ён загінуў падчас спробы эвакуацыі параненага байца.

Жыццё і змаганне славутага магілёўца

Як нагадвае часопіс Магілёўскага аддзялення ПЦ “Вясна” Мікалай Іллін доўгі час жыў у Магілёве і быў вядомы як актыўны ўдзельнік апазіцыйных моладзевых рухаў у пачатку 2000-х гадоў. Ён адкрыта выступаў супраць аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі і неаднаразова прымаў удзел у акцыях пратэсту.

У верасні 2004 года яго двойчы затрымлівалі за распаўсюд незалежнай прэсы. Аднак пераломным момантам стаў для яго ўдзел у падзеях “Плошчы-2006”, калі ён з першых дзён далучыўся да намётавага гарадка ў Менску. Падчас адной з акцый Ільіна жорстка збілі супрацоўнікі АМАП, але ён усё роўна вярнуўся да пратэстоўцаў.

Праз некалькі дзён яго зноў затрымалі, і ў шпіталі да яго прыйшлі супрацоўнікі КДБ з пагрозамі распачаць крымінальную справу. Каб пазбегнуць зняволення, ён вырашыў пакінуць Беларусь.

У траўні 2006 года Іллін разам з іншымі ўдзельнікамі пратэстаў звярнуўся да Віктара Юшчанкі з просьбай аб палітычным прытулку, але атрымаў адмову. Тым не менш, з дапамогай украінскіх валанцёраў яму ўдалося пераехаць у Эстонію, якая прыняла некалькі рэпрэсаваных студэнтаў з Беларусі.

Жыццё за мяжой было няпростым: Мікалай доўгі час працаваў нелегальна, вывучаў англійскую мову, падзарабляў таксістам і экскурсаводам. Паступова яго жыццё ў Таліне стабілізавалася, але ў свеце пачалі адбывацца новыя трагічныя падзеі.

Пасля пачатку ў 2014 годзе расійска-ўкраінскага канфлікту Іллін паехаў ва Украіну і далучыўся да шэрагаў добраахвотнікаў. Ён прайшоў навучанне як баявы медык і служыў у марской пяхоце, дапамагаючы параненым на перадавой.

Супрацьстаянне з расійскай агрэсіяй для Мікалая не было новым: яшчэ ў 2006 годзе ён публічна папярэджваў пра пагрозу з боку Расіі. Ён успрымаў гэтую барацьбу як працяг уласнага шляху.

13 ліпеня 2020 года Мікалай Іллін загінуў на вайне ва Украіне, спрабуючы дапамагчы параненаму таварышу. Так скончылася жыццё магілёўца, які аддана змагаўся за свабоду і годнасць — як у Беларусі, так і далёка за яе межамі.

Фота: Charter97.org

Магілёўскаму ваяру-каліноўцу Царуку ўсталявалі надмагільны помнік у Літве

Дзякуючы сабраным беларусамі грошам удалося ўсталяваць надмагілле магілёўскаму ваяру-каліноўцу Аляксандру Царуку ў Літве.

Пасля звароту да неабыякавых беларусаў удалося сабраць неабходныя сродкі на ўстаноўку помніка і добраўпарадкаванне магілы Аляксандра Царука – актывіста з Магілёва, дабраахвотнікау Палка Кастуся Каліноўскага з пазыўным “Сашко”. Пра гэта паведаміў грамадскі актывіст Ілля Міронаў на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

“Аляксандр Царук, добраахвотнік батальёна Каліноўскага з пазыўным “Сашко”, памёр у мінулым годзе 13 красавіка ў Літве. Ён прайшоў праз беларускія турмы, фронт і рак. Вялікая падзяка ўсім, хто паўдзельнічаў, хто дасылаў грошы і падтрымліваў”, – напісаў Ілля Міронаў.

Паводле яго, было сабрана 1 260 еўра, якія пайшлі на помнік, устаноўку помніка і скамейку, вазу і падсвечнік.

Да грамадскасці па дапамогу звярталася дачка Аляксандра Царука, якая таксама жыве ў Літве.

Аляксандр Царук быў магілёўскім актывістам, назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе, за што атрымаў каля 40 сутак арышту сумарна. У 2022 годзе пасля поўнамаштабнага ўварвання расійскай арміі ва Украіну ён далучыўся да Палка Каліноўскага. Ён быў удзельнікам боя, у якім загінуў камандзір батальёна Павел “Волат” Суслаў і прыкрываў эвакуацыю групы.

Пазней праблемы са здароўем прымусілі Аляксандра Царука вярнуцца на лекаванне ў Вільню, дзе ён памёр ад анкалогіі.

Фота: Фейсбук Іллі Міронава