Магілёўскаму ваяру-каліноўцу Царуку ўсталявалі надмагільны помнік у Літве

Дзякуючы сабраным беларусамі грошам удалося ўсталяваць надмагілле магілёўскаму ваяру-каліноўцу Аляксандру Царуку ў Літве.

Пасля звароту да неабыякавых беларусаў удалося сабраць неабходныя сродкі на ўстаноўку помніка і добраўпарадкаванне магілы Аляксандра Царука – актывіста з Магілёва, дабраахвотнікау Палка Кастуся Каліноўскага з пазыўным “Сашко”. Пра гэта паведаміў грамадскі актывіст Ілля Міронаў на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

“Аляксандр Царук, добраахвотнік батальёна Каліноўскага з пазыўным “Сашко”, памёр у мінулым годзе 13 красавіка ў Літве. Ён прайшоў праз беларускія турмы, фронт і рак. Вялікая падзяка ўсім, хто паўдзельнічаў, хто дасылаў грошы і падтрымліваў”, – напісаў Ілля Міронаў.

Паводле яго, было сабрана 1 260 еўра, якія пайшлі на помнік, устаноўку помніка і скамейку, вазу і падсвечнік.

Да грамадскасці па дапамогу звярталася дачка Аляксандра Царука, якая таксама жыве ў Літве.

Аляксандр Царук быў магілёўскім актывістам, назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе, за што атрымаў каля 40 сутак арышту сумарна. У 2022 годзе пасля поўнамаштабнага ўварвання расійскай арміі ва Украіну ён далучыўся да Палка Каліноўскага. Ён быў удзельнікам боя, у якім загінуў камандзір батальёна Павел “Волат” Суслаў і прыкрываў эвакуацыю групы.

Пазней праблемы са здароўем прымусілі Аляксандра Царука вярнуцца на лекаванне ў Вільню, дзе ён памёр ад анкалогіі.

Фота: Фейсбук Іллі Міронава

Абвешчаны збор сродкаў на дапамогу палітвязню з Круглага

Былы палітвязень з Круглага Уладзіслаў Лагуценка звяртаецца да грамадскасці з просьбай дапамагчы свайму айчыму — Дзянісу Хахлову, які таксама быў пакараны па палітычным артыкуле і з’ехаў у эміграцыю.

Як распавядае Лагуценка, ягоны айчым — звычайны чалавек з Круглага, будаўнік, які ніколі не цікавіўся палітычным жыццём. Аднак у 2020 годзе, калі сталі вядомыя вынікі электаральнай кампаніі, ён не змог застацца ўбаку. Па словах Уладзіслава, яны разам выходзілі на мірныя пратэсты, выказваючы нязгоду з несправядлівасцю і гвалтам.

Пасля таго як самога Лагуценку затрымалі, ён зразумеў: наступным можа быць яго айчым. Каб пазбегнуць арышту, той у лютым 2023 года выехаў у Расію — гэта, як прызнаецца Лагуценка, здавалася больш бяспечным варыянтам.

Але спакою гэта не прынесла. Улетку таго ж года, калі Хахлоў паспрабаваў пераляцець з Расіі ў Грузію, яго затрымалі на мяжы ў Кабардзіна-Балкарыі. Беларусь абвясціла яго ў міждзяржаўны вышук, бо на Хахлова ўжо была заведзеная крымінальная справа па артыкуле 342 — за ўдзел у пратэстах. Лагуценка падкрэслівае іронію сітуацыі: расійская пракуратура афіцыйна прызнала, што дзеянні Хахлова не з’яўляюцца злачынствам у РФ.

Аднак замест вызвалення, па словах Уладзіслава, айчыму склалі адміністрацыйны пратакол — за перавышэнне тэрміну знаходжання ў Расіі на месяц і восем дзён без рэгістрацыі. Гэта і стала фармальнай падставай для яго высылкі ў Беларусь, дзе яго адразу перадалі пад суд.

Па інфармацыі Лагуценкі, Дзянісу прысудзілі паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі. Нягледзячы на цяжкія ўмовы і праблемы са здароўем, Хахлоў вытрымаў — у многім дзякуючы падтрымцы іншых палітвязняў. Уладзіслаў адзначае, што хоць сур’ёзных наступстваў для здароўя не было, адсутнасць меддапамогі дала пра сябе знаць.

Пасля вызвалення ў лістападзе 2024 года, Дзяніс, як распавядае Лагуценка, прыняў канчатковае рашэнне з’ехаць з краіны. Ён зразумеў, што другі прысуд — толькі справа часу, і жыць у рэпрэсіўнай рэальнасці больш не хоча. З дапамогай каманды BYSOL праз тры месяцы чакання візы Хахлоў выехаў у Польшчу.

Цяпер, па словах Уладзіслава, ягоны айчым пачынае жыццё з чыстага ліста. Але пакуль ён не прайшоў працэдуру легалізацыі, у яго няма ні працы, ні фінансавай стабільнасці. Ён прыехаў у чужую краіну з адной валізкай, і ўсе сродкі ўжо вычарпаныя.

— Я звяртаюся да ўсіх, хто можа дапамагчы, — кажа Лагуценка. — Дзянісу патрэбныя сродкі на жыллё, бытавыя патрэбы, візіт да лекара. Ён проста не змог маўчаць. Дапаможам яму цяпер, калі ён сам апынуўся ў складанай сітуацыі.

Інфармацыя аб зборы сродкаў для Дзяніса Хахлова месціцца на сайце Фонда беларускай салідарнасці Байсол. 

!Важна: перавод грошай з беларускіх ці расійскіх рахункаў з’яўляецца небяспечным для ахвярадаўцы!

Фота: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Навіны пабрацімаў. Як дзятва Днепрапятроўшчыны дапамагае ўкраінскаму войску

Дзеці-валанцёры прыфрантавога рэгіёну прадаюць самаробныя цукеркі, ладзяць вулічныя канцэрты, гуляюць з мінакамі ў шашкі.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


Пра дзяцей, якія дапамагаюць вайскоўцам перамагаць. зьбіраючы на іх патрэбы грошы, піша выданне Sobitie. Магілёў.media падае матэрыял калегаў з Украіны ў скароце.

7-гадовая Саламея з Дняпра.

Збірае грошы іграючы на жалейцы. У яе рэпертуары гімн Украіны, «Червона каліна» і іншыя ўкраінскія мелодыі. Дзяўчыне мінакі ахвяравалі больш за 150 тысяч грыўнаў. Гэтыя сродкі пайшлі на набыццё неабходнага для вайскоўцаў рыштунку: бронекамізэлек, шаломаў, цеплавізараў, аптэчак, насілак, тэрмакоўдраў.

Саламея з маці вырабляе і прадае патрыятычныя ўпрыгожванні. Выгаданыя сродкі адпраўляюцца таксама Ўзброеным Сілам.

10-гадовая Міраслава з Каменскага.

Зарабляе на патрэбы арміі гуляючы з мінакі ў шашкі. Дзяўчынка далучыла да валанцёрства двух сяброў. Разам, яны сабралі больш за 20 тысяч грыўнаў. Іх аддалі на рамонт ваеннага аўтамабіля, мацаванні шаломаў і набыццё дрону.

Міраслава – чэмпіёнка Украіны па шашках. Перамогу здабыла на турніры, які праходзіў у Херсоне. 23 лютага яна вярнулася дадому з узнагародай, а на наступны дзень пачалася поўнамаштабная вайна.

8-гадовага Ігара з Дняпра.

Хлопчык прадае мінакам ледзянцы. Іх ён гатуе разам з бацькам. Цукерак Ігар прадаў на больш чым 17 тысяч грыўнаў. Частка сабраных сродкаў перададзена «Арміі дронаў», астатняе – у дабрачынныя фонды.

Бацька хлопчыка кажа, што падчас вучобы сын пераймаўся, як ён будзе прадаваць прысмакі. Аднак, 1-2 гадзіны ў дзень ён вымяркоўвае для валанцёрства.

Школьнік Эрык збіраў грошы на паездку ў Егіпет. Замест пуцёўкі на курорт хлопчык ахвяраваў вайскоўцам 3000 грыўнаў.

8-гадовы Цімафей на сплеценых сваімі рукамі бранзалетах зарабіў для салдат больш за 25 тысяч грыўнаў.


Каменскае – горад у Днепрапятроўскай вобласці. Пабрацім Бабруйску ад 2000 году. Горад абласнога падпарадкавання ў Днепрапятроўскай вобласці. Насельніцтва 250 тысяч чалавек. Да вайны культурны абмен між гарадамі пабрацімамі бабруйскія чыноўнікі лічылі актыўным.


фота: sobitie.com.ua