У магілёўскага актывіста Анатоля Фёдарава здарыўся інсульт у прамым эфіры

Былому кіраўніку магілёўскай арганізацыі БНФ стала дрэнна на стрыме ў Сяргея Пятрухіна, а ўвечары ён трапіў у бальніцу з інсультам.

З адным з самых даўніх членаў партыі БНФ Анатолем Фёдаравым здарылася бяда.

Праблемы пачаліся ў Анатоля Фёдаравіча ў прамым эфіры на стрыме ў блогера Сяргея Пятрухіна.

Гледачы заўважылі, што 72-гадоваму Фёдараву цяжка гаварыць. Адразу пасля стрыму актывіста забрала хуткая дапамога.

Анатоль Фёдаравіч удзельнічаў у дысідэнцкім руху яшчэ ў часы СССР, узначальваў магілёўскую арганізацыю партыі БНФ «Адраджэнне», прымаў актыўны ўдзел у масавых пратэстах 2020 года, за што падвяргаўся адміністрацыйным арыштам.

Знаходзячыся ў эміграцыі, Фёдараў рэзка крытыкаваў Офіс Святланы Ціханоўскай.

На дадзены момант вядома, што Анатоль Фёдаравіч можа гаварыць, але ў яго наперадзе доўгая рэабілітацыя.

Фота: “Еўрарадыё”.

Магілёўскаму ваяру-каліноўцу Царуку ўсталявалі надмагільны помнік у Літве

Дзякуючы сабраным беларусамі грошам удалося ўсталяваць надмагілле магілёўскаму ваяру-каліноўцу Аляксандру Царуку ў Літве.

Пасля звароту да неабыякавых беларусаў удалося сабраць неабходныя сродкі на ўстаноўку помніка і добраўпарадкаванне магілы Аляксандра Царука – актывіста з Магілёва, дабраахвотнікау Палка Кастуся Каліноўскага з пазыўным “Сашко”. Пра гэта паведаміў грамадскі актывіст Ілля Міронаў на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

“Аляксандр Царук, добраахвотнік батальёна Каліноўскага з пазыўным “Сашко”, памёр у мінулым годзе 13 красавіка ў Літве. Ён прайшоў праз беларускія турмы, фронт і рак. Вялікая падзяка ўсім, хто паўдзельнічаў, хто дасылаў грошы і падтрымліваў”, – напісаў Ілля Міронаў.

Паводле яго, было сабрана 1 260 еўра, якія пайшлі на помнік, устаноўку помніка і скамейку, вазу і падсвечнік.

Да грамадскасці па дапамогу звярталася дачка Аляксандра Царука, якая таксама жыве ў Літве.

Аляксандр Царук быў магілёўскім актывістам, назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе, за што атрымаў каля 40 сутак арышту сумарна. У 2022 годзе пасля поўнамаштабнага ўварвання расійскай арміі ва Украіну ён далучыўся да Палка Каліноўскага. Ён быў удзельнікам боя, у якім загінуў камандзір батальёна Павел “Волат” Суслаў і прыкрываў эвакуацыю групы.

Пазней праблемы са здароўем прымусілі Аляксандра Царука вярнуцца на лекаванне ў Вільню, дзе ён памёр ад анкалогіі.

Фота: Фейсбук Іллі Міронава