У Бабруйску прадаюць будынак ліцэя за 270 рублёў

У Бабруйску выставілі на продаж будынак былога ліцэя. За яго просяць усяго 270 рублёў – гэта менш, чым 100 долараў.

Як паведамляе “БУТБ-Маёмасць”, агульная плошча цаглянага будынка вышынёй два і пяць паверхаў – 3 535,5 м2. Да будынка належыць гараж на 42 м2, бетонныя пад’язныя дарогі і пляцоўкі, а таксама пешаходныя дарожкі з лесвіцай, слупы асвятлення і камунікацыі.

Пакупнік таксама атрымае зямельны ўчастак плошчай 1,294 га ў арэнду на 50 гадоў.

У аб’екта няма абцяжаранняў, але абавязковая ўмова продажу: новы ўладальнік павінен весці дзейнасць з выкарыстаннем набытага або збудаванага пасля зносу нерухомай маёмасці не менш за год. Будынак можна выкарыстоўваць як пад установы адукацыі, так і пад гандлёва-бытавыя аб’екты – напрыклад, крамы або цырульні.

Пры гэтым пакупнік атрымае права рэканструяваць або знесці будынак і пабудаваць новы. Для гэтага трэба не пазней за шэсць месяцаў пасля здзелкі атрымаць дазвольную дакументацыю ў гарвыканкаме, за два гады пачаць будаўніча-мантажныя работы і за чатыры – завяршыць іх.

Заяўкі прымаюць да 13 ліпеня, а ўласна таргі запланаваныя на 16 ліпеня 2026 года. 

Бабруйскі дзяржаўны прафесійны ліцэй №4 калісьці рыхтаваў спецыялістаў працоўных прафесій – слесараў, швачак, афіцыянтаў і іншых. Больш за 10 гадоў таму быў зачынены з-за змяншэння набора і фінансаванння. З таго часу стаіць закінуты. Была няўдалая спроба яго рэстаўраваць у 2021 годзе. Потым аб’кт быў прададзены прыватнай асобе. Пакупнік затым быў аштрафаваны на 1,5 млн рублёў за невыкананне норм і адсутнасць неабходных узгадненняў. Пасля гэтага якая-небудзь дзейнасць у будынку цалкам спынілася.

Фотаздымак: et.butb.by

Небяспечнае кітайскае жэле знайшлі ў Бабруйску

Дзяржстандарт выявіў небяспечнае для здароўя жэле Rabbit вытворчасці Кітая ў продажы ў Бабруйску.

Жэле было знойдзена пры праверцы ў гандлёвай кропцы аднаго з бабруйскіх прадпрымальнікаў. Паводле інфармацыі ведамства, гэтае жэле з падслашчальнікамі не адпавядае патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза. Пры яго вытворчасці былі выкарыстаныя недапушчальныя харчовыя дабаўкі – тартразін, чырвоны чароўны АС (Е129), сіні бліскучы FCF (E133). Гэтыя дабаўкі былі ўказаны на маркіроўцы тавара.

Дзяржстандарт прадпісаў забараніць увоз і продаж гэтага небяспечнага жэле ў Беларусі, спынена дзеянне дакументаў аб ацэнцы адпаведнасці. Рэшткі прадукцыі павінны быць выняты з абарачэння.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Магілёўскі адвакат: закон не забараняе дзецям купляць цукеркі з алкаголем унутры

Прадаўцы не могуць адмовіць непаўналетнім у пакупцы цукерак з алкагольным начыннем, сцвярджае адвакат Магілёўскай абласной калегіі адвакатаў Уладзімір Гарбачоў.

Раней у Інтэрнэце з’явілася інфармацыя, нібыта падлеткі ў Расіі купляюць беларускія шакаладныя цукеркі ў форме маленькіх бутэлек з лікёрам ці каньяком унутры. Хтосьці ўбачыў у гэтым парушэнне заканадаўства ў выглядзе продажу алкагольнай прадукцыі непаўнагадовым.

Насамрэч, гэта не так. Як патлумачыў магілёўскі адвакат, у беларускім заканадаўстве няма норм, якія абмяжоўваюць продаж цукерак з алкагольным начыннем, таму забараніць прадаваць непаўналетнім такія цукеркі не атрымаецца.

Забарона на продаж алкаголю непаўналетнім прымяняецца толькі да сапраўднай алкагольнай прадукцыі, а не да кандытарскіх вырабаў.

“Шакалад горкі з начыннем “Шакаладныя бутэлечкі з каньяком” і “Шакаладныя бутэлечкі з лікёрам” выпускаецца па рэцэптурах, узгодненым Міністэрствам аховы здароўя РБ. Дадзеная прадукцыя адносіцца да групы “кандытарскія вырабы” і не адносіцца да алкагольнай прадукцыі, у дачыненні да якой ўсталёўваюцца ўзроставыя абмежаванні” – заявілі ў сваю чаргу на кандытарскай фабрыцы “Камунарка”. Там таксама адзначылі, што пытанне ўжывання дзецьмі кандытарскіх вырабаў з алкагольным начынннем адносіцца да зоны адказнасці бацькоў.

Фотаздымак: ТГ “Камунарка”

У цэнтры Магілёва на продаж выстаўлена памяшканне салона “Дольчэ Віта”

Памяшканне ў гістарычным будынку ў цэнтры Магілёва, дзе 20 гадоў быў салон прыгажосці “Дольчэ Віта”, шукае новага ўладальніка.

Як адзначаецца ў Інстаграме салона, які перастаў працаваць з верасня 2025 года, плошча памяшкання ў будынку па вуліцы Першамайскай 13 каля 111 м.кв. 

“Аб’ект цікавы не толькі сваёй лакацыяй і архітэктурай, але і магчымасцю пашырэння да цэлага будынка з унутраным дваром” – гаворыцца ў абвестцы. Пад “пашырэннем да цэлага будынка” маецца на ўвазе выкуп другога паверха і ўнутраных прыбудоў.

Прадавец лічыць, што памяшканне ідэальна пасуе пад салон, клініку, прадстаўніцтва, медыцынскі цэнтр, гастранамічны праект, буцік, аб’ект пад здачу ў арэнду.

Цяперашнія ўладальнікі памяшкання спадзяюцца, што “гэта месца з багатай гісторыяй трапіць ў прыстойныя рукі і атрымае новае жыццё”.

Прычыны, па якіх закрыўся салон, не паведамляюцца.

Фотаздымак: Інстаграм “Дольчэ Віта”

Магілёвец наладзіў бізнес на продажы ўласнаручна скрадзеных тавараў

Магілёвец краў у крамах тавары, а потым прадаваў іх на базары. На гэтым і зарабляў.

Магілёўскія міліцыянты злавілі 50-гадовага гараджаніна, які наладзіў просты, але вельмі прыбытковы бізнес. Мужчына хадзіў ў краму за пакупкамі, але аплочваў іх не ўсе. Частку, якую хаваў па кішэнях, выносіў проста так, нават не за “дзякуй”.

Такія паводзіны прыцягнулі ўвагу супрацоўнікаў крамы, якія і звярнуліся ў міліцыю. Тая выясніла, што скарадзеныя тавары мужчына забіраў нават не для ўласнага карыстання, а прадаваў на адным з рынкаў горада. Прычым, колькі б ні каштаваў прадаваны тавар, для кемлівага гандляра рэнтабельнасць яго бізнеса была 100%. 

Праўда, пасля таго, як ўсё высветлілася і была ўзбуджана крымінальная справа, “прадпрымальніку” прыйдзецца ўсё ж такі падзяліцца чымсьці з дзяржавай і абвараванай крамай, якая недалічылася тавару прыкладана на 1000 рублёў. Але гэта будзе ўжо зусім іншая гісторыя.

Фотаздымак з адкрытых крыніц