Магілёўскія ўлады забаранілі “месца здзяйснення жаданняў”

У Магілёве на вуліцы Ленінскай прадпрымальніца стварыла «месца здзяйснення жаданняў». Уладам яно не спадабалася.

Незвычайная фотазона, якая праіснавала на галоўнай пешаходнай вуліцы Магілёва ўсяго адзін дзень, стала нагодай для спрэчак паміж гараджанамі і чыноўнікамі.

Уладальніца крамы «АртСлон» размясціла на фасадзе будынка на Ленінскай дыван з надпісам «Месца, каб загадаць жаданне». Паводле яе задумы, аб’ект павінен быў стаць своеасаблівым гарадскім арт-пунктам, дзе мінакі маглі б фатаграфавацца і проста атрымаць добры настрой.

Аднак ужо на наступны дзень улады запатрабавалі прыбраць дыван з фасада.

Прадпрымальніца расказала ў сацыяльных сетках, што за некалькі гадзін каля фотазоны паспелі пабываць дзясяткі людзей. Паводле яе слоў, наведвальнікі загадвалі жаданні, фатаграфаваліся і дзяліліся эмоцыямі. Сам аб’ект яна называла «маленькім парталам дзяцінства» і сімвалам надзеі для гараджан.

Патрабаванне дэмантаваць інсталяцыю жанчына ўспрыняла балюча. «Нам патрэбныя месцы, дзе людзі могуць усміхацца і марыць, ці толькі шэрыя сцены і правілы?» – задалася яна пытаннем.

У каментарах многія магілёўцы падтрымалі аўтара ідэі. Людзі пісалі, што незвычайны дыван стаў «разыначкай Ленінскай», прыцягваў увагу турыстаў і проста рабіў вуліцу больш жывой.

Аднак у гісторыі ёсць і іншы бок. Фасад, на якім з’явілася фотазона, належыць дому Відаровіча (вул. Ленінская 40). А ён помнік архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. Будынак уваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі і знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

Згодна з Кодэксам культуры, на такіх аб’ектах катэгарычна забараняецца «навукова не абгрунтаванае змяненне і пагаршэнне ўмоў успрымання нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей», таму ў дывана няма шанцаў замацавацца на галоўным фасадзе дома.

Здаецца, выйсце можна было б знайсці. Па меншай меры, дапамагчы прадпрымальніцы з усталяваннем нейкай перасоўнай рамкі, куды можна было б прымацаваць дыван. Аднак, крэатыўнасць і супраца на карысць жыхароў і гасцей горада – гэта не пра магілёўскія ўлады.

Скрыншот artslon_mogilev

У цэнтры Магілёва на продаж выстаўлена памяшканне салона “Дольчэ Віта”

Памяшканне ў гістарычным будынку ў цэнтры Магілёва, дзе 20 гадоў быў салон прыгажосці “Дольчэ Віта”, шукае новага ўладальніка.

Як адзначаецца ў Інстаграме салона, які перастаў працаваць з верасня 2025 года, плошча памяшкання ў будынку па вуліцы Першамайскай 13 каля 111 м.кв. 

“Аб’ект цікавы не толькі сваёй лакацыяй і архітэктурай, але і магчымасцю пашырэння да цэлага будынка з унутраным дваром” – гаворыцца ў абвестцы. Пад “пашырэннем да цэлага будынка” маецца на ўвазе выкуп другога паверха і ўнутраных прыбудоў.

Прадавец лічыць, што памяшканне ідэальна пасуе пад салон, клініку, прадстаўніцтва, медыцынскі цэнтр, гастранамічны праект, буцік, аб’ект пад здачу ў арэнду.

Цяперашнія ўладальнікі памяшкання спадзяюцца, што “гэта месца з багатай гісторыяй трапіць ў прыстойныя рукі і атрымае новае жыццё”.

Прычыны, па якіх закрыўся салон, не паведамляюцца.

Фотаздымак: Інстаграм “Дольчэ Віта”