Дзяржстандарт забараніў продаж небяспечнага шпіка ў Чавусах

Чавускае раённае спажывецкае таварыства выпусціла мясную прадукцыю, якую небяспечна есці.

Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Беларусі забараніў продаж двух відаў шпіку вытворчасці Чавускага раённага спажывецкага таварыства. Падчас праверкі прадукцыя пад назвамі «Апетытны» і «Вясёлкавы» не адпавядала патрабаванням бяспекі харчовых прадуктаў.

Спецыялісты выявілі сур’ёзныя мікрабіялагічныя парушэнні. Так, у шпіку «Апетытны» колькасць мезафільных аэробных і факультатыўна-анаэробных мікраарганізмаў перавышала дапушчальную норму ў шэсць разоў. Акрамя таго, у прадукце былі выяўленыя каліформныя бактэрыі – прадстаўнікі групы кішачнай палачкі, наяўнасць якіх у такой прадукцыі не дапускаецца.

Аналагічныя парушэнні зафіксаваныя і ў шпіку «Вясёлкавы». Лабараторныя даследаванні паказалі такое ж значнае перавышэнне колькасці мікраарганізмаў і наяўнасць бактэрый групы кішачнай палачкі.

Паводле інфармацыі Дзяржстандарту, вытворцу выдадзена прадпісанне аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў. Чавускае райспажыўтаварыства павінна прыняць меры для прывядзення вытворчасці ў адпаведнасць з санітарнымі патрабаваннямі.

З 4 чэрвеня небяспечная прадукцыя падлягае выманню з гандлёвай сеткі. Продаж шпіку будзе забаронены да поўнага ўхілення недахопаў і пацвярджэння бяспекі прадукцыі.

Спажыўцам, якія ўжо набылі названыя віды шпіку, варта ўлічыць інфармацыю Дзяржстандарту і ўстрымацца ад ужывання данай прадукцыі.

Фотаздымак: ТГ “Бяспека і якасць”

Бабруйскі антыстрэс аказаўся крыніцай стрэсу

Няякасныя кітайскія цацкі канфіскавалі з продажу ў Бабруйску.

У Бабруйску ў аднаго з прадпрымальнікаў канфіскавалі кітайскія цацкі-антыстрэс маркі Darvish. Яны прызначаліся дзецям ад трох гадоў.

Магілёўская абласная інспекцыя Дзяржстандарту ўстанавіла: цацка не адпавядае патрабаванням бяспекі – узровень гуку ў ёй перавышае дапушчальныя нормы. Спецыялісты папярэдзілі, што рэгулярнае выкарыстанне такой цацкі можа нашкодзіць слыху дзіцяці. Увоз і продаж гэтых вырабаў на тэрыторыю краіны забаронены.

Фота БелТА.

Дзяржстандарт забараніў продаж двух магілёўскіх сродкаў для прання

Два сродкі для прання ад магілёўскага ТАА “Сэльвін-Про” брэнда Washing Tone прызнаныя неадпаведнымі сваёй маркіроўцы.

На ўпакоўцы парашку “Універсал Аўтамат” і вадкага гелю “Універсальнае Гель” указана, што сродкі можна выкарыстоўваць у пральных машынах ўсіх тыпаў, але фактычна яны не падыходзяць для мадэляў з франтальнай загрузкай, адзначаецца на старонцы Дзяржстандарту ў інтэрнэце. Лабараторныя выпрабаванні паказалі перавышэнне нормы пенаўтварэння, што можа прывесці да паломкі бытавой тэхнікі.

У ведамстве падкрэслілі, што такая маркіроўка ўводзіць пакупнікоў у зман адносна якасці і бяспечнасці прадукцыі.

У выніку ведамства забараніла з 9 студзеня 2026 года продаж гэтых сродкаў да прання брэнда Washing Tone, якія вырабленыя ў Магілёве.

Фотаздымак: Дзяржстандарт

Небяспечнымі для здароўя прызнаны шпікі касцюковіцкага цэментнага завода

Флагман беларускай прамысловасці «Беларускі цэментны завод», як вядома, выконвае не толькі свае прамыя задачы. Акрамя вытворчасці цэменту прадпрыемства мае фермы, сее, арэ і выпускае харчовую прадукцыю. Гэтым займаецца філіял № 1 «Цэмагра». Да чаго прыводзіць такое распыленне, паказала праверка Дзяржстандарта, якая выявіла ў харчовай прадукцыі філіяла спіс парушэнняў, што заняў цэлую старонку на ведамасным сайце КАЧЕСТВО.БЕЛ.

У выніку два віды шпіку – салёны «Панскі» і вэнджаны «Пікантны», прызнаныя небяспечнымі для здароўя. Шпікі забароненыя да продажу з 31 снежня.

шпік

Вось што атрымліваецца, калі па дзіўнай беларускай традыцыі ты адначасова і танкіст, і гісторык, а ў дадатак яшчэ і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц.

Фота ведамаснага сайта Дзяржстандарта.

Магілёўскаму Дзяржстандарту не спадабалася кітайская вопратка

Паветрапранікальнасць у тры разы ніжэй за норму – у Магілёве забаранілі прадаваць кітайскую вопратку для школьнікаў.

Магілёўская інспекцыя Дзяржстандарту праверыла адну з прыватных кампаній і забараніла прадаваць школьныя блузкі для дзяўчынак і штаны для хлопчыкаў кітайскай вытворчасці.

Аказалася, што яны не адпавядаюць ГОСТу таму, што:

  • паказчык гіграскапічнасці – амаль у шэсць разоў ніжэй за норму;
  • вадкапранікальнасць – у тры разы ніжэй за норму.

Не ўсё ў парадку і з вопраткай для дарослых – там таксама праблемы з вадкапранікальнасцю.

У выніку прадукцыя лёгкай прамысловасці, якая прыбыла з Паднябеснай, забароненая да рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі.

Фото БелТА.