«У нас свае ZARы». Кіраўніца канцэрну «Беллёгпрам» абяцае адзець усіх школьнікаў у беларускае і раіць палюбіць яго

З інтэрв’ю кіраўніцы канцэрну «Беллёгпрам» Таццяны Лугіной тэлеканалу «БТ» вынікае, што беларусам няма куды падзецца, як купляць адзежу, вырабленую мясцовымі прадпрыемствамі. Лугіна апавядае праўладнаму медыя пра сітуацыю са школьнай формай. Сёлета вучні павінны ісці ў школу ў форме дзелавога стылю.

Па словах Лугіной, каб апрануць дзяўчыну-школьніцу хопіць 280 рублёў, а хлопца ад 160 да 260 рублёў.

Яна кажа, што «Беллёгпрам» прагназаваў у сакавіку і красавіку павышаны попыт на беларускае, бо людзі сталі меней перасоўвацца ў сувязі з закрыццём межаў.

Лугіна запэўнівае: блізу аднаго мільёна беларускіх вучняў не застанецца без адзежы да школы. Яе вырабляе 18 мясцовых прадпрыемстваў.

Кіраўніца канцэрну «Беллёгпрам» лічыць, што цяперашні час дазваляе насельніцтву не «бегчы за нечым модным і замежным, а расплюшчыць вочы і палюбіць тое, што ў нас ёсць».

«Калі чуеш, што ZARA сышла з Расіі. ZARA сышла, і што тут такога трагічнага. У нас жа сваіх ZAR», – кажа яна ў інтэрвʼю «БТ».


Што казала раней кіраўніца канцэрну «Беллёгпрам»


У чэрвені Таццяна Лугіна казала, што за 150 рублёў можна будзе купіць спрошчаны варыянт школьнай формы. Кошт шарсцяной адзежы даступным будзе не кожнай сям’і, даводзіла кіраўніца канцэрну «Беллёгпрам».

Яна прызнаецца: верхняя і ніжняя планкі кошту школьнай формы знаходзяцца далёка адна ад адной, пісаў  Магілёў.media.

Лугіна адзначала, што паводле падлікаў ведамства, каб сабраць вучня ў школу бацькам трэба мець ад 150 да 750 рублёў. У гэтую суму ўваходзяць абутак і заплечнік.

фота з рэсурсу: mogilev.biz

«Праяўляйце сацыяльную адказнасць». Чыноўнікі раяць не злоўжываць цэнамі на школьную форму і нагадваюць, што сочаць за гэтым

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю папярэдзіла вытворцаў і пастаўшчыкоў школьнай формы аб неабходнасці ўлічваць эканамічную сітуацыю і праяўляць сацыяльную адказнасць пры фармаванні цэнаў на тавары для школьнікаў.


Да школьных тавараў адносяцца адзенне і абутак дзелавога стылю, бялізна, панчошна-шкарпэткавыя вырабы, ранцы, заплечнікі, партфелі, сумкі для навучэнцаў, дзіцячыя сумкі, сшыткі, альбомы, дзённікі, вокладкі для сшыткаў, дзённікаў, падручнікаў, канцылярскія тавары.


Рэкамендацыі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю тычыцца цэнаў на гэтыя тавары і накіраваны на тое, каб яны былі даступныя для насельніцтва, піша Белта

Ведамства раіць вытворцам, каб тыя пры фармаванні адпускных цэнаў і вызначэнні сумы прыбытку не дапускалі перавышэння фактычнага ўзроўню рэнтабельнасці, які склаўся за 2021 год на адпаведную таварную пазіцыю.

Імпарцёры аптовага і рознічнага гандлю мусяць выстаўляць надбаўку на школьныя тавары не большую за 30%.

Ведамства нагадвае, што сочыць за сітуацыяй на рынку і праводзіць кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы.

У чэрвені старшыня канцэрну «Беллёгпрам» Таццяна Лугіна казала, што спрошчаны варыянт школьнай формы сёлета можна будзе купіць за 150-170 рублёў.

Абутак беларускай вытворчасці будзе каштаваць у дыяпазоне ад 45 да 160 рублёў у залежнасці ад матэрыялу і памеру. За заплечнік бацькам трэба выкласці ад 60 да 120 рублёў.