Зменены мінімальныя экспартныя цэны на беларускую мяса-малочку

Мінсельгасхарч змяніў гранічныя мінімальныя кошты на мяса-малочныя тавары, якія рэалізуюцца па знешнегандлёвых дамовах. Гэта рэгламентуецца пастановай ведамства ад 30 лістапада 2022 года № 119, што афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале. Ранейшая пастанова на мінімальныя адпускныя цэны прымалася 20 чэрвеня.  

Кошт прадукцыі ўстанаўліваецца ў залежнасці ад экспартнага рэгіёну: Расія, Азербайджан, краіны ЕАЭС (акрамя Расіі), а таксама краіны СНД і Грузія (акрамя краін ЕАЭС і Азербайджана), краіны па-за межамі СНД (акрамя Грузіі).

Згодна з дакументам свежую, астуджаную і замарожаную ялавічыну, а таксама мяса маладняку ​​буйной рагатай жывёлы нельга прадаваць у Расію, краіны ЕАЭС, СНД і Грузію танней $4,3 за кг (раней $4,0), ва Узбекістан – $4,4, мяса дарослай буйной рагатай жывёлы – танней $4,1 за кг (у чэрвені – $3,8). У астатнія дзяржавы кошт экспарту будзе не ніжэйшы за $4,35 і $3,9 за кг (такія ж нормы былі і раней).

У дакумент таксама патрапілі такія пазіцыі, як сухое малако і вяршкі, сметанковае масла і сыры.

Напрыклад, малако і вяршкі сгушчаныя у Расію можна пастаўляць не танней за 210 расійскіх рублёў за кг (кошт не змяніўся), у іншыя краіны, у залежнасці ад рэгіёну, $3,16-3,36 (раней $3,3), сметанковае масла 80%, у Расію не танней за 450 расійскіх рублёў за кг, у іншыя дзяржавы – $6,1-6,9, сыры, у залежнасці ад гатунку, у Расію 320-420 расійскіх рублёў за кг, у іншыя краіны  $6,0-6,15 (у Сербію – $4,8-4,9).

Ад «Майбаха» да «Победы». Мы паглядзелі для вас рынак рэдкіх, рэтра і дарагіх аўто на Магілёўшчыне

Самы дарагі аўтамабіль, які прадаецца на Магілёўшчыне – гэта Mersedes S-класа «Maybach» з рэстайлінгам, 4-літровым бензінавым рухавіком 2018 года. За ластаўку просяць 275 000 долараў.

За аўто з шыкоўным скураным салонам і падагрэвам сядзенняў уладальніку прыйдзецца нямала плаціць не толькі падчас пакупкі, але і падчас усёй эксплуатацыі – расход паліва па горадзе сягае 25-28 літраў, а запчасткі для аўто падыходзяць толькі арыгінальныя. Аналагаў проста не існуе.

Другі і трэці радкі па кошце на аўто ў Магілёўскай вобласці займаюць Toyota Land Crusier J300 і BMW X6M F96, за якія просяць больш за 190 000 долараў. Першае аўто мае ўсяго адзін год прабегу, другое – два.

Абодва – пяцідзверныя пазашляховікі. Лэнд Крузер, праўда, чакае свайго магілёўскага пакупніка аж у Казахстане – тыповая з’ява, калі аб’яву пра дарагое аўто ўласнікі ікнуцца размясціць на ўсіх рэгіянальных пляцоўках.

Таёты Лэнд Крузеры і BMW упэўнена займаюць першыя радкі самых дарагіх машын, што прадаюцца на Магілёўшчыне, у цэнавым дыяпазоне звыш 100 000 даляраў. Далей да іх далучаюцца Nissan, Мерседэсы, Фольксвагены і Лексусы. Самы дарагі электрамабіль у шэрагу топ-15, гэта, натуральна, Tesla. Мадэль Y 2021 года за 77 000$. І прадаецца ён, як бачна па фота, ужо з зімы.

Да рэдкіх для Магілёўшчыны сярод дарагіх аўто можна далучыць Lincoln Corsair, Genesis, Acura. Яны ўваходзяць у топ-100 па вартасці сярод б\у машын на продаж і знаходзяцца ў дыяпазоне 40 – 50 тысяч долараў.

Ёсць у продажы і рэтрамабілі. Так, за ГАЗ М20 «Победа» гаспадар просіць 19 000 $.

Іншую «Победу» можна набыць у Магілёве і танней – усяго за 5 900$, але і агульны стан у аўтамабіля трохі горшы. Хоць яна цалкам на хаду – запэўнівае прадавец.

У Бабруйску на продаж і абмен выстаўлены яшчэ два рарытэтных аўтамабіля. Opel Olympia 1938 года, аднак, не на хаду і патрабуе аднаўлення. Кошт за машыну дамоўны, але далёка не «пяцьсот баксаў» – паведамляе прадавец. Гэта, бадай, самая старая машына з тых, што можна сустрэць на рэгіянальным рынку. Бліжэйшыя па ўзросце – Масквічы 1950-х гадоў, якія прадаюцца таксама пераважна не на хаду.

Шыкоўны і рарытэтны, адрэстаўраваны Mersedes Benz W110 (выпускаўся з 1961 па 1968 гады) наогул не прадаецца – яго гаспадар гатовы толькі абмяняць толькі на нейкі іншы незавершаны і цікавы праект, напрыклад, на Mersedes 300sl – першы пасляваенны спартыўны Mersedes.

У Магілёве паболела лісічак. Грыбы патаннелі

Паводле мясцовых жыхароў, кошт ляснога дэлікатесу зменшыўся за некалькі тыдняў больш чым удвая. Цяпер кілаграм лісічак можна купіць на рынку менш чым за 11 рублёў. Раней кошт такіх грыбоў сягаў 25 рублёў.

«Падышла пара лісічак», – кажуць наведнікі магілёўскіх рынкаў.

Тым часам, нарыхтоўчыя канторы прымаюць у насельніцтва лісічкі па 4,5 – 6 рублёў за кілаграм.

«Праяўляйце сацыяльную адказнасць». Чыноўнікі раяць не злоўжываць цэнамі на школьную форму і нагадваюць, што сочаць за гэтым

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю папярэдзіла вытворцаў і пастаўшчыкоў школьнай формы аб неабходнасці ўлічваць эканамічную сітуацыю і праяўляць сацыяльную адказнасць пры фармаванні цэнаў на тавары для школьнікаў.


Да школьных тавараў адносяцца адзенне і абутак дзелавога стылю, бялізна, панчошна-шкарпэткавыя вырабы, ранцы, заплечнікі, партфелі, сумкі для навучэнцаў, дзіцячыя сумкі, сшыткі, альбомы, дзённікі, вокладкі для сшыткаў, дзённікаў, падручнікаў, канцылярскія тавары.


Рэкамендацыі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю тычыцца цэнаў на гэтыя тавары і накіраваны на тое, каб яны былі даступныя для насельніцтва, піша Белта

Ведамства раіць вытворцам, каб тыя пры фармаванні адпускных цэнаў і вызначэнні сумы прыбытку не дапускалі перавышэння фактычнага ўзроўню рэнтабельнасці, які склаўся за 2021 год на адпаведную таварную пазіцыю.

Імпарцёры аптовага і рознічнага гандлю мусяць выстаўляць надбаўку на школьныя тавары не большую за 30%.

Ведамства нагадвае, што сочыць за сітуацыяй на рынку і праводзіць кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы.

У чэрвені старшыня канцэрну «Беллёгпрам» Таццяна Лугіна казала, што спрошчаны варыянт школьнай формы сёлета можна будзе купіць за 150-170 рублёў.

Абутак беларускай вытворчасці будзе каштаваць у дыяпазоне ад 45 да 160 рублёў у залежнасці ад матэрыялу і памеру. За заплечнік бацькам трэба выкласці ад 60 да 120 рублёў.

 

«На 20 капеек». У Магілёве падаражэла маршрутнае таксі

Пра гэта Магілёў.media паведамілі жыхары абласнога цэнтру. Яны кажуць, што новая цана праезду з’явілася пакуль толькі на некаторых маршрутах. Цяпер за паездку трэба выкласці 1 рубель 50 капеек.

Ранейшы кошт праезду быў – 1 рубель 30 капеек.

У Магілёве мяркуюць, што павышэнне кошту праезду ў маршрутным таксі першая ластаўка падаражэнняў тавараў і паслуг.