Чавускі масласырзавод быў другім у СССР, але 50-годдзе прадпрыемства прайшло незаўважна

Яшчэ 23 лютага 2023 года споўнілася 50 гадоў, як быў запушчаны новы масласырзавод у Чавусах. Гэта быў другі па велічыні завод у СССР – паведамляе чавуская раёнка “Іскра”. Але юбілей прайшоў без традыцыйнай помпы.

Першапачаткова завод працаваў на пляцоўцы, на якой зараз знаходзіцца аўтапарк №10, потым пераехаў на новае месца па вул. Першамайскай.

На заводзе працавалі лактозны, апаратны, сыраробны цэхі, цэх па доглядзе сыроў, лінія казеіну, якія выраблялі малако, смятану, масла, сыры (найперш «Кастрамскі» і «Пашахонскі»), кефір (з 1976 года), тварог, казеін для клеявай вытворчасці.

Калектыў завода

Прадукцыя пастаўлялася чыгункай у Маскву і Ленінград, часткова на ўнутраны рынак.  

За першы год было перапрацавана 28 000 тон малака, якое паступала толькі з гаспадарак Чавускага раёна. Сыраробны цэх працаваў у 1 змену, масла – у 1,5 змены. 

Пасля далучэння ў 1980 годзе да Чавусаў Чэрыкаўскага маслазавода, перапрацоўка сыравіны перавышала 40 000 тон малака ў год.

Завод забяспечваў працай 252 чалавекі, пасля аўтаматызацыі вытворчасці – 202, было 18 працоўных дынастый.

Маштабы завода ўражвалі. У тыя часы ў Гарбавічах, Усушку і Жаліўі размяшчаліся сепаратарныя пункты. На іх ад малака аддзялялі вяршкі і везлі на завод.

У 2008 годзе на заводзе быў значна пашыраны асартымент цвёрдых сыроў: акрамя “Кастрамскага” і “Пашахонскага”, асвоена вытворчасць “Расійскага”, “Эстонскага”, “Галандскага брусковага”, “Галандскага круглага”, “Галандскага “Прэміум”. Магутнасці завода дасяглі магчымасці перапрацоўваць за змену да 80 т малака і вырабляць 5 тон масла, 5 тон цвёрдага сыру, 580 кг натуральнамалочнай прадукцыі, 5 тон сухога малака. На экспарт пастаўлялася звыш 65% усяго аб’ёму выпуску цвёрдых сыроў.

Але неўзабаве, у 2009 годзе завод далучылі да ААТ “Быхаўмалако”, а ў 2012 годзе – да ААТ «Бабушкіна крынка». Завод быў пераўтвораны ў цэх, а цяпер на яго месцы размяшчаецца лагістычны цэнтр філіяла Чавускае ААТ «Бабушкіна крынка».

Няма асабліва чаму пахваліцца, таму і 50-гадовы юбілей прайшоў ціха. Усе вялікія дасягненні завадчан засталіся ў гісторыі.

Зменены мінімальныя экспартныя цэны на беларускую мяса-малочку

Мінсельгасхарч змяніў гранічныя мінімальныя кошты на мяса-малочныя тавары, якія рэалізуюцца па знешнегандлёвых дамовах. Гэта рэгламентуецца пастановай ведамства ад 30 лістапада 2022 года № 119, што афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале. Ранейшая пастанова на мінімальныя адпускныя цэны прымалася 20 чэрвеня.  

Кошт прадукцыі ўстанаўліваецца ў залежнасці ад экспартнага рэгіёну: Расія, Азербайджан, краіны ЕАЭС (акрамя Расіі), а таксама краіны СНД і Грузія (акрамя краін ЕАЭС і Азербайджана), краіны па-за межамі СНД (акрамя Грузіі).

Згодна з дакументам свежую, астуджаную і замарожаную ялавічыну, а таксама мяса маладняку ​​буйной рагатай жывёлы нельга прадаваць у Расію, краіны ЕАЭС, СНД і Грузію танней $4,3 за кг (раней $4,0), ва Узбекістан – $4,4, мяса дарослай буйной рагатай жывёлы – танней $4,1 за кг (у чэрвені – $3,8). У астатнія дзяржавы кошт экспарту будзе не ніжэйшы за $4,35 і $3,9 за кг (такія ж нормы былі і раней).

У дакумент таксама патрапілі такія пазіцыі, як сухое малако і вяршкі, сметанковае масла і сыры.

Напрыклад, малако і вяршкі сгушчаныя у Расію можна пастаўляць не танней за 210 расійскіх рублёў за кг (кошт не змяніўся), у іншыя краіны, у залежнасці ад рэгіёну, $3,16-3,36 (раней $3,3), сметанковае масла 80%, у Расію не танней за 450 расійскіх рублёў за кг, у іншыя дзяржавы – $6,1-6,9, сыры, у залежнасці ад гатунку, у Расію 320-420 расійскіх рублёў за кг, у іншыя краіны  $6,0-6,15 (у Сербію – $4,8-4,9).