Навіны Клайпеды. Бясплатная электрычнасць для электрамабіляў працягнецца яшчэ на два гады

Самакіраванне Клайпеды сцвярджае, што магчымасці спаганяць плату за паслугі па зарадцы электрамабіляў у яго пакуль няма. Таму электраэнергія з прыналежных гораду зарадных станцый электрамабілям будзе падавацца бясплатна яшчэ два гады ў адпаведнасці з праектам рашэння Гарадской рады – паведамляе  аtviraklaipeda.lt.

Клайпедскі гарадскі савет у 2020 годзе ўстанавіў, што паслуга зарадкі электрамабіляў прадастаўляецца карыстальнікам бясплатна на працягу 3 гадоў – да 21 мая 2023 года.

Пішам пра жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

 У цяперашні час прыналежныя самакіраванню 21 зарадная станцыя электрамабіляў перададзены ЗАТ «Клайпедас аўтабусу паркас». За гэта і за спажытую электраэнергію самакіраванне плаціць яму па ўсталяванай у дамове стаўцы.

Сем з прыналежных самакіраванню зарадных станцый адносяцца да старога тыпу. Таму, каб спаганяць плату за паслугу зарадкі электрамабіляў, іх прыйшлося б замяніць на станцыі новага тыпу, каб можна было карыстацца мабільным дадаткам, які дазваляе аплачваць паслугі. Кошт такога абнаўлення склаў бы прыкладна 28 000 еўра.

Тры станцыі для хуткай зарадкі электрамабіляў абсталяваны ў горадзе пры падтрымцы Еўразвяза, па правілах якога гэтыя станцыі не могуць быць платнымі да 26 верасня 2024 года.

У 2023 годзе ў гарадскім бюджэце прадугледжана выдзеліць 363 300 еўра на мерапрыемства “Эксплуатацыя і тэхнічнае абслугоўванне зарадных станцый для электрамабіляў, якія належаць гораду Клайпеда”.

Камітэт па гарадской гаспадарцы і навакольным асяроддзі ў аўторак высунуў прапанову аб тым, каб цяперашні парадак працягнуўся толькі да канца гэтага года, каб за гэты час можна было пераабсталяваць зарадныя станцыі, устаноўленыя на нееўрапейскія сродкі, і за электраэнергію, якая імі пастаўляецца, можна было б пачаць спаганяць плату. Член гэтага камітэта В. Дамбраўскас падкрэсліў, што цяперашні парадак – не больш чым падтрымка для багатых, бо звычайны чалавек пакуль што не ў стане купіць электрамабіль. Апошняе слова павінна будзе сказаць Гарадская рада.

Даведка. Кошт паслуг па зарадцы электрамабільнага транспарту ў беларускай сетцы электрычных заправачных станцый такі: паслуга зарадкі пераменным токам – 0,40 руб./кВт гадзіну, пастаянным токам –  0,49 руб./кВт гадзіну – паведамляе malankabn.by.

Пры гэтым, кошт энергіі на розных зарадных станцыях адрозніваецца, у тым ліку ад часу выкарыстання электрычнасці ў разрэзе дзённага, тыднёвага і месячнага выкарыстання. 

Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.

Фота аtviraklaipeda.lt.

У Магілёве прайшла масавая ранішняя зарадка – сагналі школьнікаў і студэнтаў

Сярод зорак на мерапрыемстве была дыскваліфікаваная за допінг Аксана Мянькова.

Ранішняя гімнастыка, якую арганізатары заяўлялі як «народную», прайшла 23 чэрвеня ў 10.00 на Плошчы Зорак у Магілёве. Большасць яе ўдзельнікаў былі студэнтамі, школьнікамі і нават дашкольнікамі, паведамляюць «Магілёўскія ведамасці».

Усяго ў мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 100 чалавек.

Сярод VIP-персон на зарадку былі запрошаныя прызёрка еўрапейскіх чэмпіянатаў па каратэ Марыя Фурсава і лёгкаатлетка Аксана Мянькова. Апошнюю пазіцыянавалі як алімпійскую чэмпіёнку, хоць яна была пазбаўленая залатога медаля гульняў у Пекіне 2008 года і дыскваліфікаваная за допінг – прычым не толькі за пекінскія гульні, але і за наступныя, у Лондане 2012 года.