Чавускае раённае спажывецкае таварыства выпусціла мясную прадукцыю, якую небяспечна есці.
Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Беларусі забараніў продаж двух відаў шпіку вытворчасці Чавускага раённага спажывецкага таварыства. Падчас праверкі прадукцыя пад назвамі «Апетытны» і «Вясёлкавы» не адпавядала патрабаванням бяспекі харчовых прадуктаў.
Спецыялісты выявілі сур’ёзныя мікрабіялагічныя парушэнні. Так, у шпіку «Апетытны» колькасць мезафільных аэробных і факультатыўна-анаэробных мікраарганізмаў перавышала дапушчальную норму ў шэсць разоў. Акрамя таго, у прадукце былі выяўленыя каліформныя бактэрыі – прадстаўнікі групы кішачнай палачкі, наяўнасць якіх у такой прадукцыі не дапускаецца.
Аналагічныя парушэнні зафіксаваныя і ў шпіку «Вясёлкавы». Лабараторныя даследаванні паказалі такое ж значнае перавышэнне колькасці мікраарганізмаў і наяўнасць бактэрый групы кішачнай палачкі.
Паводле інфармацыі Дзяржстандарту, вытворцу выдадзена прадпісанне аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў. Чавускае райспажыўтаварыства павінна прыняць меры для прывядзення вытворчасці ў адпаведнасць з санітарнымі патрабаваннямі.
З 4 чэрвеня небяспечная прадукцыя падлягае выманню з гандлёвай сеткі. Продаж шпіку будзе забаронены да поўнага ўхілення недахопаў і пацвярджэння бяспекі прадукцыі.
Спажыўцам, якія ўжо набылі названыя віды шпіку, варта ўлічыць інфармацыю Дзяржстандарту і ўстрымацца ад ужывання данай прадукцыі.
Фотаздымак: ТГ “Бяспека і якасць”

