Злачыннасць у Магілёўскім раёне амаль удвая вышэй чым па вобласці

Нягледзячы на зніжэнне злачыннасці ў Магілёўскі раёне, яна застаецца амаль удвая вышэйшая чым ў сярэднім па Магілёўскай вобласці.

 

У распараджэнні арганізацыі былых сілавікоў BELPOL аказаўся ўнутраны дакумент МУС, які адлюстроўвае рэальную крымінальную сітуацыю ў Магілёўскім раёне. Афіцыйная статыстыка дэманструе пэўнае зніжэнне агульных паказчыкаў, аднак дэталёвы аналіз сведчыць пра наяўнасць устойлівых і трывожных тэндэнцый.

Менш злачынстваў, але не менш рызык

 

Паводле справаздачы, у 2025 годзе ў раёне зарэгістравана 473 злачынствы супраць 530 у 2024-м (-10,8%). Зменшылася і колькасць злачынстваў у грамадскіх месцах – з 61 да 48 (-21,3%). Не зафіксавана забойстваў (годам раней іх было тры), істотна скарацілася і колькасць кіберзлачынстваў – з 85 да 59 (-30,6%).

 

Аднак агульнае зніжэнне не змяняе галоўнага: узровень злачыннасці ў разліку на 10 тысяч насельніцтва складае 120,2 выпадка, што амаль удвая больш за сярэдні па Магілёўскай вобласці (72,9).

Рост цяжкіх злачынстваў і рэцыдыву

 

На фоне агульнага змяншэння колькасці злачынстваў павялічылася доля цяжкіх і асабліва цяжкіх – з 68 да 73 (+7,4%). Адначасова вырасла і рэцыдыўная злачыннасць: колькасць злачынстваў, учыненых раней судзімымі асобамі, павялічылася з 142 да 156 (+9,9%).

 

Асобна адзначаецца рэзкі рост групавых злачынстваў – з 23 да 46. Фактычна іх колькасць падвоілася, што можа сведчыць пра пагаршэнне сацыяльнага асяроддзя і слабасць прафілактычнай працы.

Хатні гвалт і алкаголь

 

Адной з найбольш трывожных тэндэнцый стаў рост злачынстваў, звязаных з хатнім гвалтам – з 17 да 24 (+41,2%). Пераважная большасць з іх (21 з 24) учынена ў стане алкагольнага ап’янення.

 

У справаздачы таксама адзначаецца павелічэнне колькасці злачынстваў гэтай катэгорыі, учыненых жанчынамі, а таксама з’яўленне фактаў гвалту ў дачыненні да пажылых людзей.

 

У якасці «прафілактычнай меры» працягваецца накіраванне грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі. У 2025 годзе ў ЛПП ізалявана 55 чалавек (52 — у 2024-м). Пры гэтым аналіз доўгатэрміновай эфектыўнасці такой практыкі ў дакуменце адсутнічае.

Крадзяжы: змяненне структуры

 

Агульная колькасць крадзяжоў знізілася са 148 да 138 (-6,8%). Аднак колькасць крадзяжоў з жылля, наадварот, вырасла — з 68 да 79 (+16,2%). Усё часцей аб’ектамі становяцца кватэры і прыватныя дамы, што непасрэдна ўплывае на адчуванне бяспекі жыхароў.

Праблемы ў аграрным сектары

 

Справаздача закранае і сітуацыю ў сельскай гаспадарцы. У 2025 годзе ў раёне загінула 1 447 галоў буйной рагатай жывёлы супраць 1 157 годам раней. Асноўнымі прычынамі названы парушэнні тэхналогій кармлення і ўтрымання, а таксама недастатковая прафілактыка захворванняў.

 

Больш за палову страт (53,3%) прыпадае на цялят ва ўзросце да шасці месяцаў, што сведчыць пра сістэмныя праблемы ў кіраванні галінай.

 

Як лічаць у BELPOL, справаздача па Магілёўскім раёне дэманструе характэрную для сучаснай Беларусі сітуацыю: фармальнае зніжэнне агульнай колькасці злачынстваў суправаджаецца ростам цяжкіх, рэцыдыўных і сацыяльна небяспечных правапарушэнняў. На гэтым фоне ўзровень злачыннасці застаецца амаль удвая вышэйшым за сярэднеабласны, што ставіць пад сумнеў аптымістычныя ацэнкі афіцыйнай статыстыкі.

 

Выява: BELPOL

Начальнік аддзела сельгасарганізацыі ў Магілёўскі раёне папаўся на хабары

На два з паловай гады “хатняй хіміі” асуджаны начальнік аддзела забеспячэння сельгасарганізацыі за хабар на суму ў 2050 рублёў.

Будучы адказным за закупкі, мужчына дамовіўся са сваім знаёмым заснавальнікам і дырэктарам адной камерцыйнай фірмы, што дапаможа, каб менавіта яна перамагла ў тэндары. Зрабіць гэта ўсё, зразумела, дамовіліся за грошы.

У выніку гэтая камерцыйная структура, якая займалася пастаўкамі металарэжучых інструментаў, была абраная ў якасці пастаўшчыка для сельгасарганізацыі.

У сакавіку 2025 года начальнік аддзела сустрэўся з дырэктарам фірмы і пры пацісканні рукі атрымаў 500 рублёў. Так адбывалася яшчэ пару разоў у чэрвені і жніўні, а ў верасні пры падобных абставінах хабарніка затрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Агульная сума незаконнага дахода склала 2050 рублёў.

Суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў начальніка-хабарніка на два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, аштрафаваў яго на 18 тыс.рублёў і забараніў займаць кіруючыя пасады цягам пяці гадоў. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Стаў вядомы прысуд прадпрымальніку, у якога падлетку адрэзала тры пальцы

Адзін год “хатняй хіміі” атрымаў дырэктар камерцыйнай арганізацыі за няшчасны выпадак на вытворчасці, дзе пацярпеў неабучаны падлетак.

Падзеі адбываліся ўлетку 2025 года, калі работнік камерцыйнай арганізацыі прапанаваў суседскаму сыну падпрацаваць на вытворчасці. Падлетак пагадзіўся і нават запрасіў яшчэ свайго прыяцеля. 

Хлопцы працавалі без якога-кольвечы афармлення цэлы тыдзень. Прычым адзін з іх быў дапушчаны да працы на валкавым прэсе, хоць не меў дастатковых ведаў аб бяспецы пры такой працы, не праходзіў ні інструктаж, ні ўвогуле нейкага навучання для выканання такіх работ.

У працэсе працы правая рука падлетка трапіла паміж пракатным валам прэса і штанцформай, з-за чаго яму адрэзала тры пальцы на ўзроўні сярэдняй фалангі. 

Потым правяраючыя знайшлі масу парушэнняў правілаў аховы працы і тэхнікі бяспекі на прадпрыемстве. Сярод іх – адсутнасць адпаведнага пазначэння небяспекі і абарончых агароджаў. Ну а самае галоўнае парушэнне – допуск да небяспечнай працы неабучанага падлетка.

Падчас працэса ў Магілёўскім раённым судзе, дырэктар фірмы цалкам прызнаў сваю віну ў няшчасным выпадку з падлеткам. Яму прысудзілі адзін год “хатняй хіміі” і выплату пацярпеламу 25 тыс. рублёў кампенсацыі. Таксама мужчына два гады не можа займаць пасады, звязаныя з забеспячэннем правіл аховы працы і тэхнікі бяспекі.

Прысуд пакуль у сілу не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Бабруйскі «юны натураліст» скраў фотапастку

Бабруйчанін прысвоіў сабе фотапастку, маючы намер паназіраць за дзікімі жывёламі.

У міліцыю звярнуліся прадстаўнікі адной з прыватных фірм Магілёўскага раёна. Яны паскардзіліся на тое, што знікла дарагая фотапастка.

Аператыўнікі высветлілі карціну здарэння. Фотапастку, усталяваную ў лесе, зняў 30-гадовы жыхар Бабруйска. Свой учынак ён растлумачыў жаданнем вывучыць паводзіны дзікіх жывёл.

Супраць «натураліста-даследчыка» ўзбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Гарэў зернесушыльны комплекс у Магілёўскім раёне

Спіс пажараў на Магілёўшчыне папаўняецца – гарэў зернесушыльны комплекс у аграгарадку Сухары.

Амаль кожны дзень з’яўляюцца паведамленні пра пажары ў Магілёўскай вобласці. Нядаўна датла згарэў свінарнік разам з дзясяткамі жывёл. І вось ратавальнікам давялося ліквідаваць новы пажар – цяпер на зернесушыльным комплексе ў Магілёўскім раёне.

На месцы здарэння, у аграгарадку Сухары, было задзейнічана пяць адзінак тэхнікі МНС.

Можна гаварыць пра выпадковасці і злавесныя супадзенні, якія прывялі да хвалі пажараў, але насамрэч усё прасцей. Гатоўнасць АПК Магілёўшчыны да зімы, пра якую рапартавалі ўлады рэгіёна – чарговы фэйк, накіраваны на стварэнне бачнасці дабрабыту.

Фота ведамаснага сайта МНС Беларусі.

Дзясяткі свіней загінулі на пажары ў Магілёўскім раёне

Сорак дзве в’етнамскія свінні загінулі ў агні пры пажары ў Магілёўскім раёне.

Як паведамілі ў МНС, сігнал аб узгаранні паступіў ратавальнікам 26 снежня 2025 года ў 18:57 ад відавочцаў. Падраздзяленні, якія прыбылі на месца, выявілі адкрытае гарэнне хлява, які выкарыстоўваўся для ўтрымання свіней.

У момант пажару ўнутры знаходзіліся 42 в’етнамскія свінні ва ўзросце да аднаго года. На жаль, выратаваць жывёл не ўдалося – усе яны загінулі.

Цяпер спецыялісты ўстанаўліваюць прычыну ўзгарання гаспадарчай пабудовы. Аб матэрыяльнай шкодзе і магчымых падрабязнасцях здарэння на дадзены момант не паведамляецца.

Фотаздымак: МНС

У Магілёўскім раёне медзь цэніцца вышэй за грыбы

Жыхар Магілёўскага раёна пад выглядам збору грыбоў скраў медны кабель.

У Магілёўскім раёне 48-гадовы мужчына абвясціў сябе заўзятым грыбніком пасля таго, як быў затрыманы супрацоўнікамі Магілёўскага РАУС за крадзеж меднага кабеля, падведзенага да артэзіянскай свідравіны мясцовай гаспадаркі на ўскрайку лесу. 

Замест збору апятаў і сыраежак мужчына пачаў патроху выкопваць кабель і здаваць яго ў пункты прыёму другаснай сыравіны. 

На момант затрымання ім было здадзена медзі на 3000 рублёў.

Фота: скрыншот відэа тэлеграм-канала “Міліцыя Магілёўшчыны”.

У Магілёўскім райвыканкаме прыдумалі “традыцыйную” страву

Нейкія асянікі, яны ж асяны і асенікі з Магілёўскага раёна цяпер прэтэндуюць на ўключэнне ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.

Аб прэтэнзіі на сусветную каштоўнасць піша выданне “Беларусь сегодня”. Пры гэтым яно спасылаецца не на нейкіх кулінараў ці захавальнікаў кулінарных традыцый, а на загадчыцу сектара культуры Магілёўскага райвыканкама Наталлю Гоманаву.

Паводле чыноўніцы, асянікі – гэта брэнд Магілёўскага раёну. Гоманава сцвярджае, што яны нагадваюць дранікі, але акрамя бульбы ў іх дадаюць і іншую гародніну, вырашчаную на прысядзібных участках: гарбуз, моркву, цыбулю, а таксама зеляніну – кроп, пятрушку. 

Мясцовая раёнка “Прыдняпроўская ніва” ўжо амаль упэўнена, што асянікі хутка будуць ўключаны ў вышэйназваны Спіс. Праўда, адкуль сыходзіць такая ўпэўненасць, выданне не раскрывае. Хутчэй за ўсё, адтуль жа, адкуль, па ўсёй верагоднасці, і ўзніклі асянікі – з Магілёўскага райвыканкама. 

Сумнявацца, што “асянікі” маюць такое ж дачыненне да традыцыйных страў магілёўскага люду, як звычайная яешня, прымушае тое, што нідзе, ні ў якіх кнігах беларускай нацыянальнай кухні яны не ўзгадваюцца. Апытаныя пры падрыхтоўцы гэтага артыкула магілёўцы і жыхары Магілёўскага раёна нічога не змаглі распавесці пра смак асянікаў.

Хітрыкі чыноўнікаў вядомыя па ўсім свеце, але лукашэнкаўскія клеркі ў гэтым плане дадуць фору ўсім замежным калегам.

Фотаздымак: “Прыдняпроўская ніва”

Жыхар Магілёўскага раёна адпомсціў за звальненне, скраўшы дзве тоны сала

Прыяцель 25-гадовага прадпрымальніка з Магілёўскага раёна скраў у яго сала, спадзеючыся разжыцца на скрадзеным.

Як паведамляе тэлеграм-канал МУС, са склада бізнесмена знікла дзве тоны сала, якія, як аказалася, скраў 22-гадовы прыяцель прадпрымальніка. Малады чалавек раней працаваў у яго, але днямі быў звольнены. Каб адпомсціць за незаслужанае, на думку фігуранта, звальненне, ён прыйшоў на склад і пад выглядам таго, што нібыта забірае ўласныя рэчы, вывез сала ў брыкетах. 

Усё скрадзенае схаваў у сябе на дачы, каб потым прадаць. Аднак гэтым планам не было наканавана ажыццявіцца – малады чалавек абвінавачваецца ў буйным крадзяжы, а ўсё сала вернута прадпрымальніку.

Фотаздымак: тэлеграм-канал МУС

Чыноўнікі абвясцілі дабрачынны збор на кансервацыю касцёла ў Княжыцах

Магілёўскія раённыя чыноўнікі, якія абяцалі рамонт старажытнага касцела ў аграгарадку Княжыцы за кошт дзяржбюджэта, цяпер просяць людзей падаць ім хоць капейку на яго кансервацыю.

Касцёл, які абяцалі аднавіць за дзяржаўны кошт

Улады Магілёўскага раёну афіцыйна паведамілі пра пачатак збору ахвяраванняў на супрацьаварыйныя і кансэрвацыйныя работы ў занядбаным касцёле святога Мікалая ў аграгарадку Княжыцы. Хоць святыня XVII стагоддзя з’яўляецца каштоўнасцю нацыянальнага ўзроўню і знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, бюджэтных сродкаў на яе захаванне так і не знайшлося.

Гэты помнік архітэктуры адзін з найбольш вядомых аб’ектаў старога хрысціянскага дойлідства на Магілёўшчыне. Ён прыцягвае турыстаў, фатографаў і даследчыкаў, нягледзячы на тое, што ўжо шмат гадоў стаіць закінуты.

Яшчэ ў 2015 годзе касьцёл уключылі ў дзяржаўную праграму «Культура Беларусі» на 2016–2020 гады. Планавалася выдзеліць каля 370 тысяч рублёў на яго рэстаўрацыю. Аднак у выніку ні капейкі. Будынак пакінулі без рамонту і нават без належнай кансервацыі.

Грамадзяне просяць аднаўлення, улады – грошай

Храм знаходзіцца на балансе Княжыцкага сельвыканкаму. Мясцовыя ўлады абмежаваліся толькі мінімальнымі мерамі: абгародзілі тэрыторыю драўляным плотам, закалацілі ўваходы і развесілі шыльды «Уваход забаронены».

Партал Katolik.life адзначае: будынак у аварыйным стане, дзяржава доўгі час не выконвала сваіх абавязкаў па яго захаванні, а сродкаў у бюджэце «не знаходзілася» гадамі.

У 2024 годзе мясцовыя жыхарыі падпісалі петыцыю з заклікам аднавіць унікальны аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны. Але тады ініцыятыва таксама не прывяла да змен, бо фінансаванне не было выдзелена.

І толькі цяпер мясцовы райвыканкам абвясціў «зварот да нашчадкаў гісторыка-культурных каштоўнасцяў Магілёўшчыны» і адкрыў дабрачынны рахунак. Вернікаў, турыстаў і ўсіх неабыякавых просяць ахвяраваць на супрацьаварыйныя і кансервацыйныя работы.

Такім чынам, турыстычны брэнд і каштоўнасць XVII стагоддзя, якая павінна была быць адрамантавана за дзяржаўны кошт, цяпер прапануюць ратаваць сіламі грамадства.

Улады заяўляюць пра тэрміновасць работ, але пры гэтым самі фінансаў не выдзяляюць, і адказнасць за захаванне ўнікальнай спадчыны пераклалі на плечы грамадзян.

Фотаздымак: Радыё Свабода