У магілёўскім Парку атракцыёнаў загінуў 18-гадовы юнак

Трагедыя адбылася 1 траўня 2026 года ў Парку атракцыёнаў у Магілёве, дзе з-за парушэння тэхнікі бяспекі загінуў 18-гадовы стажор аператара.

Як піша Следчы камітэт, малады чалавек праходзіў навучанне на пасаду аператара атракцыёна. Ён дапамог наведвальніку сыйсці з атракцыёна “Сальта”. Пры гэтым сам атракцыён не быў зафіксаваны і працягваў рухацца. Малады чаавек апынуўся ў зоне руху канструкцыі, якая моцна ўдарыла па яму. У прыватнасці, удар прыйшоўся па галаве. Ад такой траўмы юнак, страціўшы шмат крыві, памёр на месцы.

Як мяркуюць судмедэксперты, прычынай стала парушэнне правіл тэхнікі бяспекі. Справа ў тым, што перад высадкай наведвальніка з атракцыёна рухомая частка канструкцыі павінна быць зафіксавана. Аднак менавіта гэтага зроблена не было. 

Цяпер следчыя вымаюць для вывучэння эксплуатацыйную дакументацыю на антракцыён, журналы па праходжанні інструктажоў па ахове працы і тэхнікі бяспекі.

Як бачна на размешчаным у тэлеграм-канале Следчага камітэта відэа, іншыя атракцыёны працягваюць працаваць, нягледзячы на трагічнае здарэнне.

Фотаздымак: Следчы камітэт РБ

Стаў вядомы прысуд прадпрымальніку, у якога падлетку адрэзала тры пальцы

Адзін год “хатняй хіміі” атрымаў дырэктар камерцыйнай арганізацыі за няшчасны выпадак на вытворчасці, дзе пацярпеў неабучаны падлетак.

Падзеі адбываліся ўлетку 2025 года, калі работнік камерцыйнай арганізацыі прапанаваў суседскаму сыну падпрацаваць на вытворчасці. Падлетак пагадзіўся і нават запрасіў яшчэ свайго прыяцеля. 

Хлопцы працавалі без якога-кольвечы афармлення цэлы тыдзень. Прычым адзін з іх быў дапушчаны да працы на валкавым прэсе, хоць не меў дастатковых ведаў аб бяспецы пры такой працы, не праходзіў ні інструктаж, ні ўвогуле нейкага навучання для выканання такіх работ.

У працэсе працы правая рука падлетка трапіла паміж пракатным валам прэса і штанцформай, з-за чаго яму адрэзала тры пальцы на ўзроўні сярэдняй фалангі. 

Потым правяраючыя знайшлі масу парушэнняў правілаў аховы працы і тэхнікі бяспекі на прадпрыемстве. Сярод іх – адсутнасць адпаведнага пазначэння небяспекі і абарончых агароджаў. Ну а самае галоўнае парушэнне – допуск да небяспечнай працы неабучанага падлетка.

Падчас працэса ў Магілёўскім раённым судзе, дырэктар фірмы цалкам прызнаў сваю віну ў няшчасным выпадку з падлеткам. Яму прысудзілі адзін год “хатняй хіміі” і выплату пацярпеламу 25 тыс. рублёў кампенсацыі. Таксама мужчына два гады не можа займаць пасады, звязаныя з забеспячэннем правіл аховы працы і тэхнікі бяспекі.

Прысуд пакуль у сілу не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц