Моцна п’яны трактарыст загінуў пад коламі ўласнага трактара пад Магілёвам

Жыхар Магілёўскага раёна сеў за руль трактара моцна п’яным. Больш яго жывым ніхто не бачыў.

50-гадовы вясковец, будучы ў вялікай ступені ап’янення, рашыў пабаранаваць на трактары ўласны ўчастак. Што адбывалася ў кабіне трактара, цяпер дакладна не адкажа ніхто. Але ў нейкі момант, як піша Дзяржкамітэт судовых экспертыз, трактар, якім кіраваў мужчына, знёс плот і ўрэзаўся ў будынак, а кіроўца выпаў з кабіны пад колы. Работнікі МНС дасталі яго цела ўжо без прыкмет жыцця.

Як потым высветлілі спецыялісты, мужчына памёр ад спалучанай тупой траўмы галавы, шыі, канечнасцяў, грудной клеткі і жывата з пашкоджаннем унутраных органаў. У яго крыві аказалася 3,9 праміле алкаголя, а гэта цяжкая ступень ап’янення.

Як сцвярджаюць спецыялісты, калі ў крыві больш за 3,5 праміле, то такая доза алкаголю дзейнічае як наркоз, які выкарыстоўваецца пры аперацыях. Чалавек можа ўпасці ў кому, а дыханне стаць перарывістым. Калі ж больш за 4-6 праміле, то парушаецца праца сэрца і дыханне. Фактычна, чалавек ужо ў коме ці нават мёртвы.

Фотаздымак: Дзяржкамитэт судовых экспертыз

Падлетак застаўся без пальцаў пасля летняй падпрацоўкі

У Магілёўскім раёне невыкананне тэхнікі бяспекі ў прыватнай арганізацыі прывяло да сур’ёзнай траўмы 16-гадовага падлетка.

Як паведамляе Генеральная пракуратура, у ліпені гэтага года хлопец працаваў на станку. Пры гэтым ён, як і яго такі ж непаўналетні калега, быў дапушчаны да працы без заключэння працоўнай дамовы і ўвогуле без належнага афармлення. У арганізацыі не было нават інструкцыі па ахове працы.

Акрамя гэтага, на станках адсутнічалі ахоўная агароджа элементаў, што круцяцца.

Няшчасны выпадак прывёў да таго, што рука падлетка трапіла ў небяспечнае месца і ў выніку ён пазбавіўся пальцаў.

Дырэктар арганізацыі быў прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці за парушэнне працоўнага заканадаўства – ён заплаціў штраф у 25 базавых велічынь. А цяпер супраць яго ўзбуджана крымінальная справа, бо гэтае парушэнне пацягнула сур’ёзныя цялесныя пашкоджанні.

Фотаздымак ілюстрацыйны

Жыхар Магілёўскага раёна пакурыў на 13 тыс. рублёў

Жыхар Магілёўскага раёна мусіць заплаціць 13 тыс. рублёў за ўрон ад пажару, які ўзнік з-за яго курэння ў неадпаведным месцы.

У выніку пажару была знішчана падсобка і пашкоджаны дах насоснай станцыі таго сельгаспрадпремства, дзе мужчына працаваў інжынерам. Агульныя ж сума ўрону склала 16 тыс. рублёў.

Нягледзячы на тое, што пажар узнік з-за яго неахайнасці – парушэнні правілаў пажарнай бяспекі і халатнасці – работнік адмовіўся ў добраахвотным парадку кампенсаваць прадпрыемству ўрон. Тады ў інтарэсах суб’екта гаспадарання ў суд звярнулася пракуратура Магілёўскага раёна. 

Суд пагадзіўся з пракуратурай, але з улікам матэрыяльнага становішча адказчыка зменшыў запатрабаваную суму да 13 тыс. рублёў. 

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Кішачнай палачкі стала зашмат у магілёўскіх вадаёмах

У шэрагу вадаёмаў у Магілёве і наваколлях эпідэміёлагі выявілі перавышэнне дапушчальнага ўзроўню кішачнай палачкі і забаранілі купанне.

Як паведамляе Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, забаронена купацца і займацца воднымі відамі спорту ў зоне рэкрэацыі гарадскога пляжу ракі Днепр, на Дняпры ў раёне вуліцы Фаціна, у Пячэрскім вадасховішчы, на Дняпры ў вёсцы Палыкавічы, у вадаёме вёскі Вільчыцы.

Акрамя таго, абмежавана купанне дзяцей у зоне рэкрэацыі на ўчастку прыбярэжнай зоны сажалкі Брады ў Магілёве, на возеры Гусіным у вёсцы Кадзіна Магілёўскага раёна.

Пробы вады з гэтых вадаёмаў не адпавядаюць гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных паказчыках: у адной з проб вады, адабранай у дадзенай зоне рэкрэацыі, індыкатарны паказчык кішачнай палачкі Е.соli перавышае дапушчальны гігіенічны нарматыў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Сідаравічах хлопцам 6-8 гадоў расказвалі пра наркаманію

Бібліятэкі Магілёўскага раёна падзяліліся фотаздымкам з прафілактычнага мерапрыемства, праведзенага ў Дзень барацьбы з наркаманіяй у вясковай бібліятэцы ў Сідаравічах. Звяртае на сябе ўвагу, што слухачамі лекцыі “Бяда па імені наркотык” сталі чатыры крыху перапалоханыя мясцовыя хлопчыкі, якім ад сілы можна даць па 6-8 гадоў. Верагодна, пра саму такую з’яву, як наркаманія, яны і даведаліся толькі дзякуючы гэтаму мерапрыемству.

Пікантныя гісторыі і дзіцячая свядомасць

Як паведамляюць арганізатары, “библиотекарь доступно рассказала детям о дружбе двух учеников, которые попали в беду из-за наркотиков и какие последствия имеет их употребление”.

Аднак узнікае пытанне: ці не занадта рана знаёміць дзяцей з такімі тэмамі, прычым у фармаце амаль што “казкі на ноч”? І ці не спрацуе зваротны эфект — фарміраванне інтарэсу да забароненага, пакуль яшчэ зусім не зразумелага?

Каму і калі гаварыць пра рызыкі

Работа з моладдзю і падлеткамі ў тэме прафілактыкі залежнасцей — сапраўды важная і патрэбная. Але ці варта пачынаць яе з дашкольнікаў?

Варта спадзявацца, што летнія канікулы хутка выцесняць з памяці малых гэтае “пазнавальнае” мерапрыемства. А бібліятэкары скарыстаюць час, каб падрыхтавацца да сапраўды асэнсаванай працы — з тымі, каму прафілактыка можа быць своечасовай і эфектыўнай.

Фота: Бібліятэкі Магілёўскага раёна

Залатая афера пад Магілёвам: ашуканцам далі па 7 гадоў калоніі

У Магілёўскім раённым судзе вынесены прысуд па гучнай справе аб крадзяжы залатых зліткаў у пажылой жанчыны. Трое мужчын прызнаныя вінаватымі ў групавым махлярстве ў асабліва буйным памеры.

Як паведамляе Магілёўскі абласны суд, следства ўстанавіла, што абвінавачаныя загадзя спланавалі аферу і дзейнічалі з карыслівых памкненняў. Яны падзялілі паміж сабой ролі: нехта тэлефанаваў патэнцыйным ахвярам і прадстаўляўся супрацоўнікам праваахоўных органаў або банкаў. Каб «зберагчы» ашчаджэнні, даверлівым людзям прапаноўвалі перадаць каштоўнасці «кур’еру» для часовага страхавання.

Ахвярай гэтай схемы стала 70-гадовая жыхарка Магілёўскага раёна. Падчас перапіскі праз Viber ашуканцы даведаліся, што жанчына захоўвае дома залатыя зліткі. Яны пераканалі яе, што для іх захавання трэба перадаць каштоўнасці «кур’еру».

Двое выканаўцаў прыехалі да пацярпелай і забралі чатыры залатыя зліткі агульнай вагой 700 грамаў. Кошт выкрадзенага склаў 217 133 рублі. Потым вярнуць удалося толькі нязначную частку — усяго 1 500 рублёў.

На судзе абвінавачаныя адмаўлялі датычнасць да арганізаванай групы і настойвалі, што не ведалі пра махлярскія намеры. Аднак доказы іх віны для суда аказаліся пераканаўчымі.

Такім чынам, суд Магілёўскага раёна прызнаў іх вінаватымі ў завалоданні маёмасцю шляхам падману (махлярстве), здзейсненым арганізаванай групай у асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса). Кожнаму прызначана пакаранне ў выглядзе 7 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 200 базавых велічынь (8 400 рублёў).

Акрамя таго, суд пастанавіў спагнаць з асуджаных усю суму прычыненай шкоды — больш за 215 тысяч рублёў — на карысць пацярпелай, а таксама дзяржаўную пошліну амаль 11 тысяч рублёў у даход дзяржавы. На дадзены момант прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны.

Фотаздымак ілюстрацыйны з адкрытых крыніц

Магілёўскі раён выйшаў на першае месца ў беларускім злачынным антырэйтынгу

Магілёўскі раён у 2024 годзе стаў самым крымінальным у Беларусі. Акрамя таго, большасць самых злачынных раёнаў таксама на Магілёўшчыне.

Топ злачынных месцаў у Беларусі ўзначальвае прыгарад Магілёва – тут здзяйсняецца 1 347 злачынстваў на 100 тысяч жыхароў. Пры гэтым у самім Магілёве паказчык умераны – 833. Пра гэта піша, спасылаючыся на звесткі Белстата выданне “Беларусы і рынак”.

Магілёўскі раён стаў лідарам у злачынным антырэйтынгу ўпершыню за апошнія гады, хоць заўсёды знаходзіўся ў топ-10. А раней першыя месцы займала глыбінка – у 2023 годзе, напрыклад, Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці.

У сваю чаргу, Бабруйскі раён на працягу пяці гадоў нязменна знаходзіўся ў топ-10 па злачыннасці. У яго злачыннасць ніколі не апускалася ніжэй за 1,1 тыс.выпадкаў на 100 тыс. насельніцтва. А ў самы праблемны год – 2021 – яна дасягала 1,7 тыс. выпадкаў.

Хоць большасць найбольш крымінальных месцаў знаходзяцца ў Магілёўскай вобласці, сярэдняе значэнне злачыннасці вышэй на Гомельшчыне. Там адбылося 873 злачынствы на 100 тыс. жыхароў, тады як на Магілёўшчыне – толькі 840, прыводзіць агульнадаступныя дадзеныя Белстат.

Сярод буйных гарадоў самым небяспечным традыцыйна з’яўляецца сталіца – 885 зладзействаў на 100 тыс. мінчукоў.

Усяго ж у 2024 годзе па Беларусі ў сярэднім здзяйснялася 800 злачынстваў на кожныя 100 тыс. насельніцтва.

Фота: evroflag.by

Жыхар Магілёўскага раёна, які спаліў сваю сужыцельку, асуджаны на 11 гадоў

67-гадовы жыхар вёскі Шапчыцы Магілёўскага раёна асуджаны на 11 гадоў калоніі за падпал дома, у якім знаходзілася яго сужыцелька. Жанчына памерла ў бальніцы ад апёкаў.

Як паведамляе Магілёўскі аблсуд, у судзе Магілёўскага раёна ўстаноўлена, што 6 студзеня 2025 года абвінавачаны, будучы п’яным, пасля сваркі са сваёй 66-гадовай сужыцелькай, з якой пражываў каля 15 гадоў, здзейсніў наўмысны падпал яе дома. Ён абліў дыван гаручай вадкасцю, а пасля падпаліў яго запалкамі.

Да прыезду супрацоўнікаў МНС дом гарэў адкрытым полымем. На вуліцы знаходзіўся мужчына, сужыцель гаспадыні будынку, які патлумачыў, што ў доме нікога няма, паведамлялі тады ратавальнікі.

На самой жа справе, у доме знаходзілася жанчына. Пра гэта ведаў абвінавачаны, сцвярджаюць у судзе, але пры гэтым мужчына не пераканаўся, што сужыцелька зможа пакінуць памяшканне без шкоды для здароўя і не зрабіў спроб аказаць ёй дапамогу.

У выніку пажару яна атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні ў выглядзе тэрмічных апёкаў каля 33% паверхні цела, і 24 студзеня 2025 года памерла ў бальніцы.

Абвінавачаны віну ў здзяйсненні злачынства не прызнаў, сцвярджаючы, што падпал адбыўся па неасцярожнасці.

Суд адправіў пенсіянера ў калонію ўзмоцненага рэжыму на 11 гадоў. Ён таксама павінен выплаціць дачцэ памерлай сужыцелькі кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 5 тысяч рублёў.

Фота: Магілёўскае абласное ўпраўленне МНС