Клімавіцкая раёнка абяцае абнародаваць сенсацыйны рэйтынг

Хто ўсё-ж такі з жыхароў Клімавіч знаходзіцца на сваёй пасадзе трыццаць гадоў?

Займальны анонс зрабіла Клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”. У адным з бліжэйшых нумароў журналісты абяцаюць распавесці пра тое, «кто из климовчан вот уже тридцать лет в одной должности».

Улічваючы непадробную цікавасць беларусаў да індывідуумаў, якіх трыццаць гадоў немагчыма адцягнуць ад адной пасады, верагодна, варта чакаць сенсацыі.

Галоўнае, каб “Родная ніва” не падманула надзеяў чытачоў аповедамі пра свінарак і пастухоў.

Бо ў раённых цэнтрах да халеры чыноўнікаў, якія не проста сядзяць у сваіх крэслах па тры дзясяткі гадоў, але і ўсе гэтыя гады абяцаюць засыпаць ямы на дарогах, якія маюць такі ж узрост, як стаж дзяржаўных служачых.

Праўда, з улікам сітуацыі, магчыма, праўладным СМІ даручана папулярызаваць гэтую з’яву, каб пераканаць суграмадзян у яе нармальнасці. Бо мудрасць, як і маразм, прыходзіць з гадамі.

Фота: скрыншот газеты “Родная ніва”.

Незалежны партал вядзе статыстыку крадзяжоў паліва – лідзіруе Шклоўскі раён

Незалежны інфармацыйны партал Orsha.eu вядзе ўласную статыстыку крадзяжу паліва, вызначаючы лідараў такога спаборніцтва. Пакуль наперадзе Шклоўскі раён.

“Рэйтынг паліўных крадзяжоў” – так называецца спіс выпадкаў крадзяжоў паліва на тэрыторыях Віцебскай і Магілёўскай абласцей, якія прылягаюць да Аршанскага раёна. Складаць статыстыку, арыентуючыся на афіцыйныя даныя, незалежныя журналісты пачалі ад 2 красавіка, калі ў Аршанскім раёне было скрадзена 60 літраў паліва. 

З цягам часу спіс усё больш папаўняўся і цяпер першае месца ўпэўнена ўрымлівае Шклоўскі раён. Літаральна 11 жніўня стала вядома, што там скралі адразу 800 літраў гаручай вадкасці. Дарэчы, і на другім месцы таксама гэты раён Магілёўшчыны з 540 літрамі, скрадзенымі 26 ліпеня.

Неабходна адзначыць, што пакуль ад Шклоўскага раёна, паводле рэйтынгу Orsha.eu, не моцна адстае Горацкі раён. Там яшчэ 11 красавіка было скрадзена 540 літраў паліва. 

Варта прызнаць, што даны рэйтынг не толькі дае зведзеныя ў адно месца даныя па крадзяжах у раёнах, але і карысны ў плане непрадузятага погляду на сучасную магілёўскую рэчаіснасць.

Фотаздымак: shklovinfo.by

Магілёўскі раён выйшаў на першае месца ў беларускім злачынным антырэйтынгу

Магілёўскі раён у 2024 годзе стаў самым крымінальным у Беларусі. Акрамя таго, большасць самых злачынных раёнаў таксама на Магілёўшчыне.

Топ злачынных месцаў у Беларусі ўзначальвае прыгарад Магілёва – тут здзяйсняецца 1 347 злачынстваў на 100 тысяч жыхароў. Пры гэтым у самім Магілёве паказчык умераны – 833. Пра гэта піша, спасылаючыся на звесткі Белстата выданне “Беларусы і рынак”.

Магілёўскі раён стаў лідарам у злачынным антырэйтынгу ўпершыню за апошнія гады, хоць заўсёды знаходзіўся ў топ-10. А раней першыя месцы займала глыбінка – у 2023 годзе, напрыклад, Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці.

У сваю чаргу, Бабруйскі раён на працягу пяці гадоў нязменна знаходзіўся ў топ-10 па злачыннасці. У яго злачыннасць ніколі не апускалася ніжэй за 1,1 тыс.выпадкаў на 100 тыс. насельніцтва. А ў самы праблемны год – 2021 – яна дасягала 1,7 тыс. выпадкаў.

Хоць большасць найбольш крымінальных месцаў знаходзяцца ў Магілёўскай вобласці, сярэдняе значэнне злачыннасці вышэй на Гомельшчыне. Там адбылося 873 злачынствы на 100 тыс. жыхароў, тады як на Магілёўшчыне – толькі 840, прыводзіць агульнадаступныя дадзеныя Белстат.

Сярод буйных гарадоў самым небяспечным традыцыйна з’яўляецца сталіца – 885 зладзействаў на 100 тыс. мінчукоў.

Усяго ж у 2024 годзе па Беларусі ў сярэднім здзяйснялася 800 злачынстваў на кожныя 100 тыс. насельніцтва.

Фота: evroflag.by