Клімавіцкая раёнка пакрыўдзілася з-за YouTube

Маналог з наборам прапагандысціх штампаў выдала клімавіцкая “Родная ніва” як рэакцыю на выдаленне з YouTube праўладных медыя – БелТА, АНТ і СТБ.

3 красавіка 2026 года Google выдаліў праўладныя прапагандысцкія каналы БелТА, СТБ і АНТ. Прычына да канца не вядомая, але, па меркаванні незалежных СМІ, яна ў санкцыях. “Чаму гэтыя тры, а не іншыя – верагодна, іх рэгістраваў той ці тыя, хто ў санкцыйным спісе” – піша “Наша ніва”.

А вось ніва, якая не “наша”, а “родная” адразу вызначыла прычыну – амерыканцы заціскаюць “праўду аб Беларусі з першакрыніц”. Пры гэтым ніводнай спробы разабрацца ў правілах самой платформы, ніводнай спасылкі на афіцыйную пазіцыю Google, ніводнага факта, які можна праверыць. Затое ёсць упэўненасць. Без доказаў, але з інтанацыяй апошняй ісціны.

“Родная ніва” лёгка аперуе паняццем “праўда з першакрыніц”, нібыта праўладнае СМІ па змаўчанні з’яўляюцца гарантам аб’ектыўнасці. Хоць у сучасным свеце “першакрыніца” – гэта не знак якасці, а толькі паходжанне інфармацыі. І яна, як вядома, патрабуе праверкі, асабліва калі гаворка ідзе пра медыя, цесна звязаныя з уладай.

Асобна варта спыніцца на сцвярджэнні пра “высокі давер у свеце да беларускіх СМІ”. Гэта выглядае як жаданае, выдадзенае за рэальнае. Без даследаванняў, без рэйтынгаў, без спасылак – проста дэкларацыя.

І тут узнікае лагічнае пытанне: калі давер сапраўды такі высокі, чаму яго трэба настойліва паўтараць, а не паказваць лічбамі?

Замест гэтага чытачу прапануюць звыклую карціну свету: “мы” – носьбіты праўды, а “яны” – тыя, хто гэтую праўду душыць. 

Як фінальны акорд рытарычнае пытанне: “Ці патрэбен нам гэты YouTube?”

Гучыць амаль як выклік. Але на справе – як разгубленасць.

Бо калі платформа сапраўды “не патрэбная”, то чаму яе страта выклікае такую эмацыйную рэакцыю? Чаму цэлы артыкул будуецца вакол абурэння яе дзеяннямі?

Адказ відавочны: патрэбная. І яшчэ як.

YouTube – гэта не проста платформа, а глабальная пляцоўка, дзе канкуруюць розныя погляды. І праблема не ў тым, што нехта “заціскае праўду”, а ў тым, што на гэтай пляцоўцы трэба гуляць па агульных правілах. Правілах, пра якія “Родная ніва” вырашыла не ўзгадваць.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Клімавіцкая раёнка абяцае абнародаваць сенсацыйны рэйтынг

Хто ўсё-ж такі з жыхароў Клімавіч знаходзіцца на сваёй пасадзе трыццаць гадоў?

Займальны анонс зрабіла Клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”. У адным з бліжэйшых нумароў журналісты абяцаюць распавесці пра тое, «кто из климовчан вот уже тридцать лет в одной должности».

Улічваючы непадробную цікавасць беларусаў да індывідуумаў, якіх трыццаць гадоў немагчыма адцягнуць ад адной пасады, верагодна, варта чакаць сенсацыі.

Галоўнае, каб “Родная ніва” не падманула надзеяў чытачоў аповедамі пра свінарак і пастухоў.

Бо ў раённых цэнтрах да халеры чыноўнікаў, якія не проста сядзяць у сваіх крэслах па тры дзясяткі гадоў, але і ўсе гэтыя гады абяцаюць засыпаць ямы на дарогах, якія маюць такі ж узрост, як стаж дзяржаўных служачых.

Праўда, з улікам сітуацыі, магчыма, праўладным СМІ даручана папулярызаваць гэтую з’яву, каб пераканаць суграмадзян у яе нармальнасці. Бо мудрасць, як і маразм, прыходзіць з гадамі.

Фота: скрыншот газеты “Родная ніва”.