Клімавіцкая раёнка пакрыўдзілася з-за YouTube

Маналог з наборам прапагандысціх штампаў выдала клімавіцкая “Родная ніва” як рэакцыю на выдаленне з YouTube праўладных медыя – БелТА, АНТ і СТБ.

3 красавіка 2026 года Google выдаліў праўладныя прапагандысцкія каналы БелТА, СТБ і АНТ. Прычына да канца не вядомая, але, па меркаванні незалежных СМІ, яна ў санкцыях. “Чаму гэтыя тры, а не іншыя – верагодна, іх рэгістраваў той ці тыя, хто ў санкцыйным спісе” – піша “Наша ніва”.

А вось ніва, якая не “наша”, а “родная” адразу вызначыла прычыну – амерыканцы заціскаюць “праўду аб Беларусі з першакрыніц”. Пры гэтым ніводнай спробы разабрацца ў правілах самой платформы, ніводнай спасылкі на афіцыйную пазіцыю Google, ніводнага факта, які можна праверыць. Затое ёсць упэўненасць. Без доказаў, але з інтанацыяй апошняй ісціны.

“Родная ніва” лёгка аперуе паняццем “праўда з першакрыніц”, нібыта праўладнае СМІ па змаўчанні з’яўляюцца гарантам аб’ектыўнасці. Хоць у сучасным свеце “першакрыніца” – гэта не знак якасці, а толькі паходжанне інфармацыі. І яна, як вядома, патрабуе праверкі, асабліва калі гаворка ідзе пра медыя, цесна звязаныя з уладай.

Асобна варта спыніцца на сцвярджэнні пра “высокі давер у свеце да беларускіх СМІ”. Гэта выглядае як жаданае, выдадзенае за рэальнае. Без даследаванняў, без рэйтынгаў, без спасылак – проста дэкларацыя.

І тут узнікае лагічнае пытанне: калі давер сапраўды такі высокі, чаму яго трэба настойліва паўтараць, а не паказваць лічбамі?

Замест гэтага чытачу прапануюць звыклую карціну свету: “мы” – носьбіты праўды, а “яны” – тыя, хто гэтую праўду душыць. 

Як фінальны акорд рытарычнае пытанне: “Ці патрэбен нам гэты YouTube?”

Гучыць амаль як выклік. Але на справе – як разгубленасць.

Бо калі платформа сапраўды “не патрэбная”, то чаму яе страта выклікае такую эмацыйную рэакцыю? Чаму цэлы артыкул будуецца вакол абурэння яе дзеяннямі?

Адказ відавочны: патрэбная. І яшчэ як.

YouTube – гэта не проста платформа, а глабальная пляцоўка, дзе канкуруюць розныя погляды. І праблема не ў тым, што нехта “заціскае праўду”, а ў тым, што на гэтай пляцоўцы трэба гуляць па агульных правілах. Правілах, пра якія “Родная ніва” вырашыла не ўзгадваць.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Youtube-каналу “Беларусь 4 Магілёў” заблакавалі вяшчанне ў Літве

Пасля звароту Літоўскай камісіі па радыё і тэлебачанні, відэахостынг Youtube спыніў вяшчанне на гэтую краіну 18-ці беларускіх прапагандысцкіх каналаў. Пад забарону трапіў таксама канал Тэлерадыёкампаніі “Магілёў”, які мае больш за 36 тысяч падпісчыкаў.

Таксама пад забарону трапілі:

  • рэсурсы інфармацыйнага агенцтва АТН;
  • тэлеканалаў «Беларусь 1», «Беларусь 2», «Беларусь 3», «Беларусь 5», «Беларусь 4. Брэст», «Беларусь 4. Віцебск», «Беларусь 4. Гомель», «Беларусь 4. Гродна»;
  • ТБ-праектаў Factor.by і ZonaX;
  • а таксама радыёстанцый «Радыус-FM», «Радыус FM Дом», «Радыё Сталіца», «Радыё1» і «Радыё Беларусь».

Варта адзначыць, што пра блакіроўку больш адыёзнага магілёўскага прапагандысцкага рэсурса, канала, які належыць рэдакцыі газеты “Магілёўскія ведамасці”, не паведамляецца. Пра тое, як гэтае выданне ператварылася ў інфармацыйную памыйку, mogilev.media пісалі раней.

Галоўны дарадца беларускай дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка пракаментаваў блакіроўку выданню “Позірк”: «Мы ўдзячныя Літве за ініцыятыву, гэта прэцэдэнт. Аднак мае сэнс блакаваць прапагандысцкія каналы на платформе ўвогуле, а не толькі ў асобных краінах»

 

Кароткі агляд экспазіцыі краязнаўчага музея ў Дрыбіне цяпер з’явіўся ў інтэрнэт-прасторы

Невялікае аматарскае відэа на шэсць хвілін з’явілася на YouTube, дзе можна паглядзець асноўныя адметнасці культурнай установы Дрыбіна.

Разгледзець экспазіцыю Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея зараз можна ў YouTube. Паглядзець розныя часткі экспазацыі краязнаўчага музея самага маладога раённага цэнтра Магілёўшчыны, каб пасля ўжывую наведацца ва ўстанову культуры. 

Відэа пра музей – гэта агляд розных частак экспазіцыі культурнай установы, у якой прадстаўлены ўзоры работ мясцовых шапавалаў, гліняны і драўляны посуд, узоры тканых рушнікоў, посцілак і народнага касцюма, а таксама інтэр’еры хаты і прылады працы тутэйшых сялянаў. Больш за тое, у відэа паказваецца фотакалекцыя працэсу выраблення валёнак і ўзоры работ мясцовых шапавалаў.

Паглядзець відэа, прысвечанае дрыбінскаму гісторыка-краязнаўчаму музею, можна на канале “Твои мысли твоя атмосфера”.

Фота з адкрытых крыніц