Крымінальны аўтарытэт з Асіповічаў кіраваў бандай тэлефонных махляроў у Мінску

У Мінску затрымана злачынная група, якая займалася тэлефонным махлярствам. Паводле інфармацыі МУС, на чале банды стаяў 44-гадовы ўраджэнец Асіповічаў – крымінальны аўтарытэт.

Затрыманне правялі супрацоўнікі ГУБАЗіК пры сілавой падтрымцы спецыяльнага атрада хуткага рэагавання. Акрамя асіповічаніна, за кратамі апынуліся двое яго падзельнікаў – раней судзімыя жыхары Мінска.

Тэлефонныя аферысты тэлефанавалі пажылым людзям, запалохвалі іх і выманьвалі грошы. Адна з ахвяр – 77-гадовая пенсіянерка, у якой злачынцы забралі больш за 40 тысяч рублёў.

Падчас ператрусаў у затрыманых знайшлі больш за 10 тысяч долараў наяўнымі і 12,5 тысячы пачкаў замежных цыгарэт без беларускіх акцызных марак. Гэта значыць, паралельна з махлярствам група, відаць, зарабляла і на кантрабандзе тытуню.

Фота: скрыншот відэа тэлеграм-канала МУС Беларусі.

Злачыннасць у Магілёўскім раёне амаль удвая вышэй чым па вобласці

Нягледзячы на зніжэнне злачыннасці ў Магілёўскі раёне, яна застаецца амаль удвая вышэйшая чым ў сярэднім па Магілёўскай вобласці.

 

У распараджэнні арганізацыі былых сілавікоў BELPOL аказаўся ўнутраны дакумент МУС, які адлюстроўвае рэальную крымінальную сітуацыю ў Магілёўскім раёне. Афіцыйная статыстыка дэманструе пэўнае зніжэнне агульных паказчыкаў, аднак дэталёвы аналіз сведчыць пра наяўнасць устойлівых і трывожных тэндэнцый.

Менш злачынстваў, але не менш рызык

 

Паводле справаздачы, у 2025 годзе ў раёне зарэгістравана 473 злачынствы супраць 530 у 2024-м (-10,8%). Зменшылася і колькасць злачынстваў у грамадскіх месцах – з 61 да 48 (-21,3%). Не зафіксавана забойстваў (годам раней іх было тры), істотна скарацілася і колькасць кіберзлачынстваў – з 85 да 59 (-30,6%).

 

Аднак агульнае зніжэнне не змяняе галоўнага: узровень злачыннасці ў разліку на 10 тысяч насельніцтва складае 120,2 выпадка, што амаль удвая больш за сярэдні па Магілёўскай вобласці (72,9).

Рост цяжкіх злачынстваў і рэцыдыву

 

На фоне агульнага змяншэння колькасці злачынстваў павялічылася доля цяжкіх і асабліва цяжкіх – з 68 да 73 (+7,4%). Адначасова вырасла і рэцыдыўная злачыннасць: колькасць злачынстваў, учыненых раней судзімымі асобамі, павялічылася з 142 да 156 (+9,9%).

 

Асобна адзначаецца рэзкі рост групавых злачынстваў – з 23 да 46. Фактычна іх колькасць падвоілася, што можа сведчыць пра пагаршэнне сацыяльнага асяроддзя і слабасць прафілактычнай працы.

Хатні гвалт і алкаголь

 

Адной з найбольш трывожных тэндэнцый стаў рост злачынстваў, звязаных з хатнім гвалтам – з 17 да 24 (+41,2%). Пераважная большасць з іх (21 з 24) учынена ў стане алкагольнага ап’янення.

 

У справаздачы таксама адзначаецца павелічэнне колькасці злачынстваў гэтай катэгорыі, учыненых жанчынамі, а таксама з’яўленне фактаў гвалту ў дачыненні да пажылых людзей.

 

У якасці «прафілактычнай меры» працягваецца накіраванне грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі. У 2025 годзе ў ЛПП ізалявана 55 чалавек (52 — у 2024-м). Пры гэтым аналіз доўгатэрміновай эфектыўнасці такой практыкі ў дакуменце адсутнічае.

Крадзяжы: змяненне структуры

 

Агульная колькасць крадзяжоў знізілася са 148 да 138 (-6,8%). Аднак колькасць крадзяжоў з жылля, наадварот, вырасла — з 68 да 79 (+16,2%). Усё часцей аб’ектамі становяцца кватэры і прыватныя дамы, што непасрэдна ўплывае на адчуванне бяспекі жыхароў.

Праблемы ў аграрным сектары

 

Справаздача закранае і сітуацыю ў сельскай гаспадарцы. У 2025 годзе ў раёне загінула 1 447 галоў буйной рагатай жывёлы супраць 1 157 годам раней. Асноўнымі прычынамі названы парушэнні тэхналогій кармлення і ўтрымання, а таксама недастатковая прафілактыка захворванняў.

 

Больш за палову страт (53,3%) прыпадае на цялят ва ўзросце да шасці месяцаў, што сведчыць пра сістэмныя праблемы ў кіраванні галінай.

 

Як лічаць у BELPOL, справаздача па Магілёўскім раёне дэманструе характэрную для сучаснай Беларусі сітуацыю: фармальнае зніжэнне агульнай колькасці злачынстваў суправаджаецца ростам цяжкіх, рэцыдыўных і сацыяльна небяспечных правапарушэнняў. На гэтым фоне ўзровень злачыннасці застаецца амаль удвая вышэйшым за сярэднеабласны, што ставіць пад сумнеў аптымістычныя ацэнкі афіцыйнай статыстыкі.

 

Выява: BELPOL

Магілёўскі раён выйшаў на першае месца ў беларускім злачынным антырэйтынгу

Магілёўскі раён у 2024 годзе стаў самым крымінальным у Беларусі. Акрамя таго, большасць самых злачынных раёнаў таксама на Магілёўшчыне.

Топ злачынных месцаў у Беларусі ўзначальвае прыгарад Магілёва – тут здзяйсняецца 1 347 злачынстваў на 100 тысяч жыхароў. Пры гэтым у самім Магілёве паказчык умераны – 833. Пра гэта піша, спасылаючыся на звесткі Белстата выданне “Беларусы і рынак”.

Магілёўскі раён стаў лідарам у злачынным антырэйтынгу ўпершыню за апошнія гады, хоць заўсёды знаходзіўся ў топ-10. А раней першыя месцы займала глыбінка – у 2023 годзе, напрыклад, Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці.

У сваю чаргу, Бабруйскі раён на працягу пяці гадоў нязменна знаходзіўся ў топ-10 па злачыннасці. У яго злачыннасць ніколі не апускалася ніжэй за 1,1 тыс.выпадкаў на 100 тыс. насельніцтва. А ў самы праблемны год – 2021 – яна дасягала 1,7 тыс. выпадкаў.

Хоць большасць найбольш крымінальных месцаў знаходзяцца ў Магілёўскай вобласці, сярэдняе значэнне злачыннасці вышэй на Гомельшчыне. Там адбылося 873 злачынствы на 100 тыс. жыхароў, тады як на Магілёўшчыне – толькі 840, прыводзіць агульнадаступныя дадзеныя Белстат.

Сярод буйных гарадоў самым небяспечным традыцыйна з’яўляецца сталіца – 885 зладзействаў на 100 тыс. мінчукоў.

Усяго ж у 2024 годзе па Беларусі ў сярэднім здзяйснялася 800 злачынстваў на кожныя 100 тыс. насельніцтва.

Фота: evroflag.by