Дроны і выбухі ў Магілёве на бульвары Непакораных і вуліцы Вавілава: што вядома?

У Магілёве чулі моцныя выбухі ўчора позна вечарам і сёння раніцай – так заяўляюць некаторыя гараджане ў соцсетках. Але іншыя ім супярэчаць. Таксама з’явілася відэа, знятае нібыта ў Магілёве ў цёмны час сутак, на якім выразна чуваць гук пралёту дрона.

Найбольш настойліва пра выбухі ў горадзе пад публікацыямі гарадскога Тэлеграм-пабліка “Магілёў – мой горад!” у каментарыях піша карыстальніца Ірына. Яна сцвярджае, што ўчора каля 23.00 – 23.30 ў раёне дзіцячай стаматалогіі на бульвары Непакораных яна і яе дзеці пачулі магутны выбух. Потым былі яшчэ два – каля 6.00 і 8.30 сёння, 3 красавіка.
Выбухі ў Магілёве

Словы гэтай карыстальніцы падтрымлівае таксама чытачка з нікам Tabiba.

бабахСцвярджэнні карыстальніцы, аднак, супярэчаць заявам іншых падпісчыкаў пабліка – яны паведамляюць, што жывуць непадалёк і ніякіх выбухаў не чулі. Прапагандысцкі інфармацыйны рэсурс нават паспяшаўся выпусціць запіс з супрацоўнікам МНС, каб абвергнуць інфармацыю пра выбухі. Не пацвярджаецца гэта і крыніцамі mogilev.media.

хлоп
Адначасова, блогер Ігар Лосік сцвярджае, што яго крыніцы ў Магілёве заяўляюць пра два выбухі ў горадзе ўчора ноччу, а таксама, што яны чулі гук дрона. Лосік выклаў у сябе на канале таксама відэазапіс, на якім выразна чуваць гук пралёту дрона. «Падпісчыкі з Магілёва пішуць, што ўначы чулі два выбухі, а перад гэтым гул у небе, нібы дрон праляцеў» – напісаў Ігар Лосік. Паводле яго слоў, відэа запісана на вуліцы Вавілава.

Фота ілюстрацыйнае 

Два дні, чатыры пажары: хроніка здарэнняў у Магілёўскай вобласці

За два дні ў Магілёўскай вобласці адбыліся чатыры пажары. Адзін чалавек загінуў, знішчаны жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы і два аўтамабілі.

Першы месяц вясны заканчваецца для Магілёўшчыны не надта весела – з-за пастаянных пажараў.

Паводле дадзеных МНС у Мсціслаўскім раёне 25 сакавіка жыхар вёскі Шамоўшчына спальваў смецце на прыдамавой тэрыторыі. Агонь выйшаў з-пад кантролю і перакінуўся на суседні сарай.

Зразумеўшы, што самастойна справіцца не атрымаецца, мужчына выклікаў ратавальнікаў. Па прыбыцці пабудова ўжо гарэла адкрытым полымем. Узгаранне ліквідавалі, пацярпелых няма, але сарай знішчаны цалкам.

Незадоўга да поўначы ў МНС паступіла куды больш трагічнае паведамленне – на гэты раз з Магілёва. У двухкватэрным жылым доме на вуліцы Ангарскай успыхнуў пажар. Суседзі паведамілі ратавальнікам, што ў ахопленай агнём кватэры можа знаходзіцца 54-гадовы гаспадар. 

Мужчыну знайшлі на падлозе, ужо без прыкмет жыцця. Жыхароў другой кватэры ў момант трагедыі дома не было, пацярпела іх жыллё: у абедзвюх кватэрах пашкоджана дах, у кватэры загінулага знішчаны маёмасць і перакрыцце.

У першай палове дня 26 сакавіка паступіла паведамленне пра пажар у вёсцы Пад’ясенка Бабруйскага раёна. Прыбыўшыя ратавальнікі засталі адкрытае гарэнне адразу двух дамоў і двух гаспадарчых пабудоў. Агонь удалося спыніць да таго, як ён перакінуўся на суседнія будынкі, аднак страты аказаліся значнымі: адзін дом і абедзве пабудовы выгарэлі цалкам, у другім доме сур’ёзна пацярпелі дах і перакрыцці. Пацярпелых няма. Паводле папярэдняй версіі, прычынай магло стаць парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры распальванні вогнішча.

Пазней, днём у Магілёве загарэўся гараж на вуліцы Архітэктурнай.

Калі падраздзяленні МНС прыбылі на месца, з будынка валіў густы чорны дым, дах ужо абваліўся. Гаспадар гаража знаходзіўся на вуліцы і не пацярпеў. Агонь знішчыў само збудаванне і абодва аўтамабілі, якія захоўваліся ўнутры. Папярэдняя прычына – кароткае замыканне электраправодкі аднаго з аўтамабіляў.

Фота ведамаснага сайта МНС.

Адгулялі гусінае свята – у Касцюковіцкім аграгарадку згарэў цялятнік

Амаль адразу пасля касцюковіцкага гусінага фестывалю ў аграгарадку Белая Дуброва загарэўся цялятнік.

Яшчэ не сціхлі адгалоскі свята, на якім жыхары аграгарадка Белая Дуброва забаўляліся з гусямі, як у мясцовую службу МНС паступіла паведамленне пра ўзгаранне цялятніка.

Жывёлы не пацярпелі, іх перавялі ў суседні цялятнік. Аднак у выніку пажару было знішчана 12 метраў даху будынка.

Прамой сувязі з любоўю мясцовых жыхароў да гусей, вядома ж, няма. І ўсё ж пра цялят Белай Дубровы забываць не варта.

Ім жа, у адрозненне ад гусей, не ўдалося прыстроіцца на прыватных падворках. А калгас – ён і ёсць калгас: што не згніе, тое згарыць.

Фота: раённай газеты.

Кватарантка ў Магілёве распрадала рэчы са здымнай кватэры

Магіляўчанку падманула кватэранаймальніца – за некалькі месяцаў яна распрадала самыя каштоўныя рэчы з кватэры.

Як расказала супрацоўнікам Ленінскага РУУС 43-гадовая жыхарка Магілёва, яна здала кватэру жанчыне, якая з самага пачатку паводзіла сябе падазрона: не пускала гаспадыню ў кватэру, не адказвала на яе тэлефонныя званкі.

Высветлілася, што кватэранаймальніца дарэмна часу не губляла: за некалькі месяцаў пражывання ў кватэры яна распрадала найбольш каштоўныя рэчы, якія знаходзіліся ў здымным жыллі. У прыватнасці – веласіпед і бытавую тэхніку.

Сума шкоды склала 3500 рублёў. Абставіны здарэння ўдакладняюцца. Прававая ацэнка дзеянням 41-гадовай кватаранткі пакуль не дадзена.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Гарэў зернесушыльны комплекс у Магілёўскім раёне

Спіс пажараў на Магілёўшчыне папаўняецца – гарэў зернесушыльны комплекс у аграгарадку Сухары.

Амаль кожны дзень з’яўляюцца паведамленні пра пажары ў Магілёўскай вобласці. Нядаўна датла згарэў свінарнік разам з дзясяткамі жывёл. І вось ратавальнікам давялося ліквідаваць новы пажар – цяпер на зернесушыльным комплексе ў Магілёўскім раёне.

На месцы здарэння, у аграгарадку Сухары, было задзейнічана пяць адзінак тэхнікі МНС.

Можна гаварыць пра выпадковасці і злавесныя супадзенні, якія прывялі да хвалі пажараў, але насамрэч усё прасцей. Гатоўнасць АПК Магілёўшчыны да зімы, пра якую рапартавалі ўлады рэгіёна – чарговы фэйк, накіраваны на стварэнне бачнасці дабрабыту.

Фота ведамаснага сайта МНС Беларусі.

Аэралодка «Піранья» ламае кромку тонкага льда на заліве ў Магілёве

Пенсіянер праваліўся пад лёд у Магілёве – цяпер ратавальнікі наўмысна разбурылі ледзяную кромку на дняпроўскім заліве ў раёне вуліцы Фаціна.

Учора ў Магілёве пенсіянер праваліўся пад тонкі лёд на Фацінскім заліве. Ён здолеў самастойна выбрацца на бераг, аднак гэты выпадак стаў для ратавальнікаў сігналам да дзеяння.

Яны прынялі контрмеры – узламалі кромку тонкага лёду аэралодкай «Піранья» на дняпроўскім заліве ў раёне вуліцы Фаціна. 

Цяпер аматарам экстрэмальнай рыбалкі пры таўшчыні лёду ўсяго ў тры сантыметры стане цяжэй аддавацца свайму небяспечнаму захапленню.

Фота: «Магілёўскія ведамасці».

У Асіповічах дальнабойшчык адпачываў у кафэ і пабіў хлопца

Пасля рэйсу асіповіцкі вадзіцель-дальнабойшчык, адпачываючы ў кафэ, збіў аднаго з наведвальнікаў.

Пасля вяртання з рэйсу 47-гадовы вадзіцель-дальнабойшчык выпіваў у адным з кафэ Асіповічаў. Там ён пасварыўся з адным з наведвальнікаў – 23-гадовым хлопцам. Слова за слова – і сварка перарасла ў бойку. Досвед перамог маладосць. Дальнабойшчык збіў хлопца.

Цікава, што сам ён не памятаў падрабязнасцяў здарэння і быў здзіўлены сваімі паводзінамі на відэа з камер назірання.

Узбуджаная крымінальная справа.

Фота ілюстратыўнага характару з адкрытых крыніц.

Калі дзяцінства б’ецца токам: як бяспека ператварылася ў квэст на выжыванне

У Магілёве падлетак ледзь не загінуў ад удару токам у закінутым будынку. Ён ухапіўся за аголены кабель, і толькі цуд уратаваў яго ад смерці. Але ў гэтай гісторыі страшнейшае не электрычнасць, а тое, як мы прывыклі да падобных навін.

Калі я быў дзіцем, закінутыя будынкі здаваліся мне брамамі ў іншыя cусветы. Мы з сябрамі вывучалі старыя фабрыкі, лазілі па гарышчах і падвалах, не думаючы, што гэта можа быць небяспечна. Сёння я разумею, што нам проста шанцавала. Але чаму праз дзесяцігоддзі дзеці ўсё яшчэ гуляюць у тых жа руінах, рызыкуючы жыццём?

Нядаўні выпадак у Магілёве, калі падлетак атрымаў удар токам у закінутым будынку — гэта не выпадковасць, а тэндэнцыя. Такія здарэнні здараюцца рэгулярна, і кожны раз мы дзівімся, быццам упершыню. Але ж хіба не відавочна, што закінутыя і безнаглядныя аб’екты становяцца пасткамі для дзяцей?

Улады часта закрываюць вочы на такія месцы, мяркуючы: калі будынак не выкарыстоўваецца, значыць, пра яго можна забыць. Але дзеці не ведаюць пра бюракратычныя дэталі. Яны бачаць у закінутых будынках месца для прыгод, не ўсведамляючы рызыкі.

Бацькі таксама не заўсёды могуць сачыць за сваімі дзецьмі. У рэальнасці, калі шмат хто вымушаны працаваць на двух, а то і трох працах, каб пракарміць сям’ю, кантроль за дзецьмі аслабляецца. А грамадства ў сваю чаргу хутчэй асуджае бацькоў, чым узгадвае пра ўласную адказнасць.

Замест таго, каб шукаць вінаватых, варта падумаць пра сістэмныя рашэнні. Чаму б не распрацаваць праграмы па рэкультывацыі альбо перабудове закінутых будынкаў? Чаму б не арганізаваць для дзяцей бяспечны вольны час, каб ім не даводзілася шукаць прыгоды ў разбураных сценах?

 Кожны раз, калі я чую пра падобныя выпадкі, я ўспамінаю сваё дзяцінства і ўсведамляю, як моцна нам пашанцавала. Але шанцаванне — гэта не план. Можа, пара перастаць спадзявацца на «авось» і пачаць дзейнічаць? Бо бяспека нашых дзяцей — гэта не латарэя, а нашая агульная адказнасць.

Якуб Ясінскі

Фота ілюстрацыйнае