У Бабруйску эвакуіравалі будаўнікоў, якія захраслі на вышыні 19 метраў

Ратавальнікі ў Бабруйску эвакуіравалі двух будаўнікоў на вуліцы Сацыялістычнай. 

Мужчыны захраслі ў будаўнічай люльцы паміж паверхамі дома, які будуецца, на адзнацы каля 19 метраў.

Прыбыўшыя на месца работнікі МНС задзейнічалі аўтакаленчаты пад’ёмнік.

Будаўнікоў паспяхова эвакуіравалі на зямлю. 

У медыцынскай дапамозе выратаваныя не мелі патрэбы.

Фота: скрыншот відэа тэлеграм-канала МНС Беларусі.

У Быхаве нагу мужчыны заціснула ў мотакультыватары

Работнікам аддзела МНС у Быхаве давялося дапамагаць мужчыне, нага якога захрасла ў мотакультыватары.

Быхаўчанін апрацоўваў прысядзібны ўчастак мотакультыватарам. Фрэза агрэгата зачапіла адзенне і заціснула мужчыне нагу.

Ратавальнікі дэмантавалі частку механізма з дапамогай спецыяльнага абсталявання і перадалі пацярпелага медыкам.

Фота раённай газеты.

У Бабруйску прамысловы альпініст заблытаўся ў рыштунку

У Бабруйску прамысловы альпініст апынуўся ў складанай сітуацыі падчас працы на вышыні – яму на дапамогу прыйшлі ратавальнікі.

Мужчына займаўся пафарбоўкай фасада дзевяціпавярховага будынка і ў працэсе заблытаўся ў страхавальных вяроўках.

Зразумеўшы, што самастойна вызваліцца не атрымаецца, ён звярнуўся па дапамогу да прахожых. Відавочцы выклікалі супрацоўнікаў МНС.

Прыбыўшыя на месца ратавальнікі арганізавалі работы адразу ў двух напрамках: з зямлі задзейнічалі аўталесвіцу, а з даху – штурмавую лесвіцу.

У выніку альпініста ўдалося эвакуіраваць праз дах з дапамогай штурмавой лесвіцы. Медыцынская дапамога мужчыну не спатрэбілася.

Фота ведамаснага сайта МНС Беларусі.

У разгар халадоў ратавальнікі Слаўгарада заклапаціліся таўшчынёй лёду

Супрацоўнікі Слаўгарадскага раённага аддзела МНС правялі рэйд па зімовых вадаёмах. 

Займальную навіну паведаміла сваім чытачам славгарадская раённая газета.

Работнікі мясцовага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях правялі рэйдавае мерапрыемства па зімовых вадаёмах і параілі аматарам зімовай рыбалкі выконваць меры засцярогі.

У прыватнасці, нагадалі рыбакам, што таўшчыня лёду павінна быць не менш за сем сантыметраў.

Чаму ратавальнікі выбралі для рэйду час анамальных маразоў, застаецца загадкай.

Тут адно з двух: альбо на вадаёмах Слаўгарада забілі гарачыя крыніцы, альбо планы рэйдаў складаліся з разлікам на тое, што цяперашняя зіма будзе цёплай.

Фота раённай газеты.

Бусел жыве ў Буйнічах і ўцякае ад ратавальнікаў

У Буйнічах, на даху крамы «Еўраопт», ужо некалькі тыдняў жыве бусел, які грэецца каля дымавой трубы. У рукі ратавальнікаў ён не даецца.

Птушка чамусьці не адляцела ў цёплыя краі, і маразы засталі бусла знянацку. Супрацоўнікі крамы падкормліваюць бусла, але людзям ён асабліва не давярае. Ратавальнікі і проста добраахвотнікі спрабавалі зняць бусла, каб арганізаваць яму паўнавартасную зімоўку. Аднак ён кожны раз узлятае і вяртаецца толькі тады, калі паблізу нікога няма.

Мяркуючы па выглядзе, птушка здаровая, але моцныя маразы могуць загубіць бусла.

Фота «Магілёў Онлайн».

У магілёўскіх ратавальнікаў на вадзе з’явілася аэралодка “Алігатар”

Парк Дняпроўскай выратавальнай станцыі Таварыства ратавання на водах горада Магілёва папоўніўся аэралодкай “Алігатар”.

Паводле ратавальнікаў, дзякуючы аэралодцы, яны могуць перасоўвацца ў зарасніках чароту ці нават па тонкім лёдзе. “Тонкі лёд, балота, плыткаводдзе або снежная каша – для гэтай тэхнікі не існуе непраходных месцаў” – адзначаюць у таварыстве, сцвярджаючы, што дзякуючы авіяцыйнаму вінту аэралодка развівае “вар’яцкую хуткасць”.

У таварыстве абяцаюць, што цяпер выратавальныя аперацыі на Дняпры стануць больш эфектыўнымі ў любы сезон і пры любым надвор’і.

Аэралодкі “Алігатар” вырабляюцца ў Расіі, маюць матор ад Honda.

Скрыншот: ТГ “ОСВОД | Магілёўская вобласць”

Аэралодка «Піранья» ламае кромку тонкага льда на заліве ў Магілёве

Пенсіянер праваліўся пад лёд у Магілёве – цяпер ратавальнікі наўмысна разбурылі ледзяную кромку на дняпроўскім заліве ў раёне вуліцы Фаціна.

Учора ў Магілёве пенсіянер праваліўся пад тонкі лёд на Фацінскім заліве. Ён здолеў самастойна выбрацца на бераг, аднак гэты выпадак стаў для ратавальнікаў сігналам да дзеяння.

Яны прынялі контрмеры – узламалі кромку тонкага лёду аэралодкай «Піранья» на дняпроўскім заліве ў раёне вуліцы Фаціна. 

Цяпер аматарам экстрэмальнай рыбалкі пры таўшчыні лёду ўсяго ў тры сантыметры стане цяжэй аддавацца свайму небяспечнаму захапленню.

Фота: «Магілёўскія ведамасці».

Грыбнік з Магілёва паказаў, як трэба дзейнічаць, калі заблукаў у лесе

Магілёвец заблукаў, калі пайшоў за грыбамі ў Клічаўскім раёне. Дзякуючы яго правільным дзеянням ратавальнікі без праблем знайшлі аматара ціхага палявання.

Падзеі адбываліся 28 кастрычніка 2025 года, калі ўвечары ўсхваляваны мужчына патэлефанавў ратавальнікам і паведаміў, што яго 52-гадовы сваяк з Магілёва яшчэ днём пайшоў у лес па грыбы каля вёскі Ядраная Слабада і да гэтага часу не вярнуўся.

Пры гэтым мабільны тэлефон заблукаўшага быў ужо недаступны. Шукалі грыбніка мясцовыя ратавальнікі, міліцыянеры і нават абласныя пажарныя. Праўда, вялікіх намаганняў, каб адшукаць мужчыну, не спатрэбілася. 

“Заблудзіўшыся, мужчына дзейнічаў пісьменна і стрымана. Перад тым, як яго мабільны тэлефон адключыўся, ён адправіў геалакацыю свайго месцазнаходжання сваякам. І на працягу чатырох гадзін не адыходзіў ад указаных каардынат. Калі сваякі зразумелі, што самастойна не могуць яго знайсці, звярнуліся па дапамогу ў службу МНС. Праз дзве гадзіны пошукаў мы знайшлі грыбніка і на квадрацыкле вывезлі яго з лесу” – цытуе клічаўская раёнка работніка пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада абласнога ўпраўлення МНС Сяргея Казлова.

Знойдзены не меў патрэбу ў медыцынскай дапамозе.

Фотаздымак: www.ufa.kp.ru

Ратавальнікі ў Магілёве вызвалілі рудое кацяня з лавушкі

Мілую гісторыю паказалі супрацоўнікі МНС у Магілёве. Тут з дапамогай спецсродкаў прыйшлося ўскрываць металічную трубу на вуліцы Піянерскай. У яе правалілася маленькае рудое кацяня і жаласліва мяўкала – адзначаюць у прэс-службе ведамства. Неабыякавыя грамадзяне пачулі кацяня і выклікалі ратавальнікаў. Паведамляецца, што псля вызвалення кацяня тут жа кінулася да сваёй мамы-коткі.

Усе падрабязнасці спецыяльнай аперацыі па выратаванні кацяня можна пабачыць тут.

Фота: МНС, скрыншот