Смяротная пастка ў ваннай забрала жыццё двух бабруйчанак

Два чалавекі патанулі ў Бабруйску з пачатку года ў сваіх ваннах. Гэта надзвычай многа, бо па ўсёй краіне летась такіх выпадкаў было ўсяго 10.

Старшыня бабруйскай гарадской арганізацыі Асвод Вячаслаў Краўчанка распавёў Вячэрняму Бабруйску пра трагедыі ва ўласных ванных і пра меры перасцярогі.

У Бабруйску ў студзені жанчына 1941 года нараджэння патанула ў ванным пакоі сваёй кватэры, а 27 лютага трагічны выпадак адбыўся з жанчынай 1980 года нараджэння. Абодва выпадкі не з’яўляюцца крымінальнымі. Магчыма, жанчыны заснулі, магчыма, яны захварэлі.

Вячаслаў Уладзіміравіч кажа, што тонуць у сваіх кватэрах не толькі пажылыя ці хворыя людзі. Зусім нядаўна ў ваннай 14-гадовы падлетак патануў каля Мінска. А ў сакавіку 22-гадовы хлопец быў знойдзены ў ваннай пакоі ў сталіцы. Згодна з папярэдняй інфармацыяй, ён памёр ад электрычнага току, падключыўшы мабільны тэлефон да зарадкі. Раз пораз падобныя трагедыі адбываюцца і ў Магілёве.

Нагадваем, каб пазбегнуць трагедыі:

Прымаючы ванну, не варта доўга ляжаць у гарачай вадзе. Гэта можа так пашырыць сасуды, што чалавеку стане дрэнна. Асабліва гэта тычыцца людзей з хворым сэрцам і сасудамі. Калі пасля халоднай вуліцы прыняць гарачую ванну, то гэта можа выклікаць сардэчны прыступ!
Ні ў якім разе нельга прымаць ванну пасля ўжывання алкагольных напояў. Гарачая вада ў сумесі з алкаголем можа прывесці да ўзмацнення ціску, сардэчнага прыступу, страты свядомасці ці проста чалавек можа дрэнна кантраляваць сябе.
Лепш не прымаць ванну, калі вы вельмі стаміліся ці хочаце спаць, бо цёплая і гарачая вада расслабляе яшчэ больш, і ёсць магчымасць заснуць і захлынуцца.
Знаходзячыся ў вадзе, нельга выкарыстоўваць электрычныя прылады і ўключаць іх у разетку, нельга дакранацца да працуючай электрычнай тэхнікі мокрымі рукамі.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Дапусцімая таўшчыня лёду – на стаячых вадаёмах Магілёўшчыны, а рэкі яшчэ небяспечныя для рыбакоў

Зіма набірае свою моц, што адлюстроўваецца на ледзяных покрывах вадаёмаў Магілеўшчыны. Цяпер аматары зімняй рыбалкі могуць бяспечна пачувацца на Пячэрскім вадасховішчы і Святым возеры ў раёне Грабянёва, дзе ледзяное покрыва трывалае і складае больш за 10 сантыметраў таўшчынёй. Дапусцімая норма і на  Асіповіцкім вадасховішчы, дзе таўшчыня лёду складае 7-8 сантыметраў. 

Што да рэк, то бяспечным з’яўляецца толькі правы бераг Сожа ў Крычаве, дзе таўшчыня ледзянога покрыва складае да 10 сантыметраў. Левы бераг і сярэдзіна воднай артэрыі небяспечныя, бо там зафіксаваны прамоіны.  

На Бярэзіне ў Бабруйску сітуацыя на розных участках ракі адрозніваецца: дзе-нідзе лёд зусім адсутнічае, а на некаторых участках воднай артэрыі вар’іруецца ад трох да дзесяці сантыметраў.

Зусім небяспечная сітуацыя на Дняпры ў Шклове і Магілёве, дзе няма дапусцімай нормы таўшчыні лёду, а на рэчцы часта сустракаюцца прамоіны, невялікая па таўшчыні ледзяная корка або наогул вада яшчэ не замёрзла.    

Нагадваем, што таўшчыню ледзянога покрыва на водных аб’ектах у раёне дзеяння выратавальных станцый АСВОД па ўсёй рэспубліцы можна маніторыць на сайце арганізацыі. Таксама з гэтым пытаннем  можна звярнуцца ў выратавальныя станцыі па тэлефоне.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц 

Таўшчыня ў два-чатыры сантыметры – лёд на Магілёўшчыне яшчэ небяспечны для рыбакоў

Расказваем, дзе можна маніторыць стан ледзянога покрыва на вадаёмах.

Па ўсёй Магілёўшчыне трывалае ледзяное покрыва  ёсць толькі на двух водных аб’ектах – Пячэрскім і Асіповіцкім вадасховішчах. Аднак нават на гэтых аб’ектах таўшчыня лёду не дасягае 7 сантыметраў, што аўтаматычна робіць  гэтыя вадасховішчы небяспечнымі для наведвання. 

У адпаведнасці з Правіламі аховы жыцця людзей на водах Рэспублікі Беларусь, якія зацверджаны Пастановай Савета Міністраў 11.12.2009 г. №1623, выхад на вадаёмы забараняецца падчас ледаставу, пакуль таўшчыня лёду не дасягне 7 сантыметраў. 

На рэках Дняпро, Бярэзіна і Сож у Магілёве, Бабруйску і Крычаве, уздоўж берагоў гэтых водных артэрыяў, утварыліся палоскі тонкага лёду шырынёй 2-4 метра і таўшчынёй 2-4 сантыметра. Адпаведна, хадзіць па такім тонкім ледзяным покрыве вельмі небяспечна для жыцця. 

Таўшчыню ледзянога покрыва на водных аб’ектах у раёне дзеяння выратавальных станцый АСВОД па ўсёй рэспубліцы можна маніторыць на сайце http://osvod.www.by/ арганізацыі. Таксама з гэтым пытаннем  можна звярнуцца ў выратавальныя станцыі па тэлефоне.

Варта звярнуць увагу рыбакоў, што камізэлькі і іншае ратавальнае абсталяванне можна ўзяць на бліжэйшай ратавальнай станцыі ці прафілактычным пасту АСВОДа, калі ўласнае забылі дома. Прычым камізэлькі выдаюцца абсалютна бясплатна