Адгулялі гусінае свята – у Касцюковіцкім аграгарадку згарэў цялятнік

Амаль адразу пасля касцюковіцкага гусінага фестывалю ў аграгарадку Белая Дуброва загарэўся цялятнік.

Яшчэ не сціхлі адгалоскі свята, на якім жыхары аграгарадка Белая Дуброва забаўляліся з гусямі, як у мясцовую службу МНС паступіла паведамленне пра ўзгаранне цялятніка.

Жывёлы не пацярпелі, іх перавялі ў суседні цялятнік. Аднак у выніку пажару было знішчана 12 метраў даху будынка.

Прамой сувязі з любоўю мясцовых жыхароў да гусей, вядома ж, няма. І ўсё ж пра цялят Белай Дубровы забываць не варта.

Ім жа, у адрозненне ад гусей, не ўдалося прыстроіцца на прыватных падворках. А калгас – ён і ёсць калгас: што не згніе, тое згарыць.

Фота: раённай газеты.

У Касцюковічах ездзілі на гусях і елі іх

У аграгарадку Белая Дуброва Касцюковіцкага раёна прайшло гусінае свята.

Свята «Гусінае» адзначаюць у аграгарадку Белая Дуброва Касцюковіцкага раёна ўжо трыццаць гадоў. У апошні дзень студзеня тут ладзяць гусіныя забегі і частуюцца стравамі з гусяціны.

Белая Дуброва даўно лічыцца гусінай сталіцай Касцюковіч, і цяпер на 25 падворках тут утрымліваюць каля 100 птушак.

На фестывалі гаспадыні гусей дзяліліся з гасцямі інфармацыяй пра тое, як правільна даглядаць гэтую свавольную птушку, а таксама пра тое, якую карысць можна атрымаць ад гуся, які, як высветлілася, умее нават прадказваць халоднае надвор’е, калі стаіць на адной лапе.

Самым відовішчным момантам свята лічацца гусіныя забегі на дыстанцыю ў 15 метраў, а самым пажыўным – абрад дзялення гуся.

Не менш займальным аказаўся і «гусіны» рэпартаж журналістаў БелТА, якія ў рускамоўным тэксце бралі слова «свята» ў двукоссе.

Фота БелТА.

Мужчына згарэў пад Касцюковічамі, у Магілёве работнік сам сябе падпаліў – дайджэст

За мінулыя суткі на Магілёўшчыне адбыліся некалькі пажараў. Гарэлі дамы ў Магілёўскім, Бабруйскім, Асіповіцкім раёнах, пажар у Касцюковіцкім раёне скончыўся трагедыяй. Тут у аграгарадку Белая Дуброва ратавальнікі выявілі цела пенсіянера 1954 года нараджэння. Як паведамілі родныя ахвяры і сацыяльны работнік, мужчына часта кідаў запалкі міма сметніцы. Верагодна, гэта і стала прычынай пажару – адзначае прэс-служба МНС.

У Магілёве 21-гадовы мантажнік “Будаўнічага трэста №12” атрымаў апёкі 12% цела на вытворчасці. Ён мыў рукі растваральнікам, і адначасова курыў – у выніку лёгкаўзгаральная вадкасць успыхнула на ім.

Фота: МНС