У Горках дзяўчынка зламала хрыбетнік на батутах

Закрытыя компрэсійныя пераломы трох грудных пазванкоў 1-й ступені дыягнаставалі ў 10-гадовай дзяўчынкі з Горак пасля таго як яна пабавілася ў дзіцячым забаўляльным цэнтры.

Дзіцёнак скакануў з вышыні каля 1,5 метра ў яму з паралонавымі кубікамі. Дзяўчынка прызямлілася на паралонавыя матрасы, агульная таўшчыня якіх 20 см, а пад імі – бетоннае пакрыццё. Школьніца адчула боль у спіне, які працягваў турбаваць яе і дома. У выніку бацькі выклікалі хуткую дапамогу, паведамляюць са спасылкай на Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз “Магілёўскія ведамасці”.

З раённай бальніцы яе накіравалі ў Магілёўскую абласную дзіцячую бальніцу. Там дзіцёнка з дыягназам “закрытыя компрэсійныя пераломы трох грудных пазванкоў 1-й ступені” лячылі больш за тры тыдні. 

Цяпер Горацкі раённы аддзел СК па факце прычынення менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў праводзіць праверку, ці адпавядаюць паслугі дзіцячага цэнтра патрабаванням па бяспецы.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Магілёве камунальшчыкі выразалі кавалак тратуара. Ёсць пацярпелыя

Няўклюдны рамонт тратуара на бульвары Непакораных у Магілёве дорага абышоўся 9-гадовай дзяўчынцы.

Знявечаны рамонтам тратуар на бульвары Непакораных у Магілёве стаў прадметам расследавання журналістаў “Магілёўскіх ведамасцяў”. 

Пра яго нават знялі відэасюжэт і тры дні шукалі ў нейкім ЖЭУ аўтара ідэі зрабіць урэзку ў тратуар, каб элегантна абыйсці каналізацыйны люк. 

Само сабой, у поўнай непрафесійнасці ніхто не прызнаўся.

Тым часам ужо ёсць і пацярпелыя: 9-гадовая дзяўчынка, што ехала на ровары, трапіла ў камунальную пастку і апынулася ў бальніцы.

Можна, вядома, практыкаавацца ў прыдумванні сатырычных эпітэтаў, называць урэзку мадэрнісцкай або авангарднай, але па сутнасці гэтая гісторыя – люстэрка лукашэнкаўскай Беларусі, дзе людзі займаюцца справай, у якой нічога не разумеюць, атрымліваюць за гэта заробак і выдаюць дрымучае невуцтва начальства за кемлівасць.

Па-людску дык, «спецыяліста», які спраектаваў гэтую урэзку, мала проста выгнаць з працы, трэба было б і да крымінальнай адказнасці прыцягнуць.

Але вынік разбіральніцтва, як бачым, іншы – збілі драўляную імітацыю тратуара. Яны, вядома ж, паабяцалі «вырашыць праблему кардынальна», але цяля добрых намераў за трыццаць гадоў так і не з’ела ваўка татальнага бардака.

Люк бульвар

Фота: скрыншот відэа газеты “Магілёўскія ведамасці”.