У Магілёве абвясцілі міліцэйскія вучэнні з выбухамі і стрэламі

Выбухі і стрэлы можна будзе пачуць каля Лядовага палаца ў Магілёве 26 і 27 траўня 2026 года.

Пра комплексныя камандна-штабныя вучэнні па праверцы гатоўнасці падраздзяленняў МУС да дзеянняў у асаблівых умовах паведамляецца ў тэлеграм-канале міліцэйскага міністэрства. Паводле яго, 26-27 траўня з 10 да 16 гадзін будзе перакрыта дарожны рух па вуліцах каля Лядовага палацу – Гагарына (ад Пушкінскага праспекта да бульвара Непакораных), Дзям’яна Беднага (ад вуліцы Гагарына да Севастопальскай) і па завулку Крайняму.

Пры гэтым адзін з этапаў вучэнняў адбудзецца на тэрыторыі Лядовага палаца спорту, з-за чаго каля яго будуць чутныя выбухі і стрэлы. “Хвалявацца не варта”, – супакоўваюць арганізатары вучэнняў. Пры гэтым яны просяць грамадзян зразумець, што гэта ўсё робіцца дзеля іх бяспекі.

Ва ўмовах мілітарызацыі грамадскага жыцця ў Беларусі і бясконцых вайсковых вучэнняў, Міністэрства ўнутраных спраў таксама пэрыядычна праводзіць вучэнні сваіх падраздзяленняў.

Папярэднія прайшлі сёлета ў красавіку ў Віцебскай вобласці, у сакавіку – ў Брэсцкай. На першых удасканалвалі «алгарытм прыкрыцця дзяржаўнай мяжы, стварэння рэзерваў, іх сучаснай перадыслакацыі пры патрэбе», а на другіх – спыняць «масавыя беспарадкі».  

Фотаздымак: ТГ “МУС Беларусі”

Крычаў і Асіповічы пад ударам? Францыя і Польшча плануюць вучэнні па прымяненні ядзернай зброі

Аб’екты ў Беларусі, што выкарыстоўваюцца для меркаванага размяшчэння расійскай атамнай зброі, могуць трапіць у прыцэл падчас вучэбных палётаў, запланаваных Польшчай і Францыяй. Спасылаючыся на крыніцы ў польскім войску, выданне WP Wiadomosci паведамляе пра выніка візіту прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона ў польскі Гданьск 20 красавіка.  

На запланаваных вучэннях, што рыхтуюцца да правядзення на тэрыторыі Паўночнай Польшчы і ў акваторыі Балтыйскага мора, мяркуецца наступнае размеркаванне роляў паміж польскай і францускай авіяцыяй. Польскія самалёты будуць працаваць над цэлеўказаннем, тады як францускія F-16 і Rafale будуць імітаваць запускі звычайных крылатых раект JASSM-ER і ракет ASMP з ядзернымі баявымі часткамі.
Дакладныя геаграфічныя арыенціры, па якіх будуць адпрацоўвацца ўдары, у польскіх СМІ не называюцца, акрамя аднаго – гэта так званыя “высокакаштоўныя цэлі ў раёне Санкт-Пецярбурга”. Але звяртае на сябе заўвага, што францускія “самалёты Rafale B здольныя выконваць палёты з Францыі да лініі Будапешт-Кёнігсберг і адпрацоўваць атакі на мэты ў Расіі і Беларусі.” Выданне падкрэслівае пры гэтым, што ў выпадку сапраўднага ўзброенага канфлікта польскі бок будзе толькі прадстаўляць паветраную прастору, а канчатковае рашэнне пра прымяненне зброі і яе тып застанецца за францускім бокам.

Эскалацыя напружанасці ва Усходнееўрапейскім рэгіёне, пасля планаў Крамля па размяшчэнні ў Беларусі аб’ектаў ядзернай інфраструктуры, на фоне крызісу даверу да НАТА падштурхнулі Польшчу да пошуку прамых саюзнікаў і цяпер гэтая краіна плануе выкарыстанне так званага “францускага ядзернага парасона”. Аб’ектамі ж на тэрыторыі Беларусі, якія могуць трапіць пад удар у выніку далейшай эскалацыі і рэальнага сутыкнення Расіі з прамым альбо ўскосным удзелам Беларусі, стануць у першую чаргу шырока вядомыя пазіцыі для размяшчэння “Арэшніка” ў Магілёўскай вобласці – пад Крычавам і Асіповічамі.
Фота ілюстрацыйнае

У Чэрыкаве і Краснаполлі стартуе камандна-штабное вучэнне

З 16 чэрвеня ў Чэрыкаўскім і Краснапольскім раёнах праходзіць камандна-штабное вучэнне тэрытарыяльных войскаў. 

Як паведамляе Міністэрства абароны РБ, асноўная задача вучэння — удасканаленне навыкаў каманднага складу ў кіраванні падпарадкаванымі сіламі тэрытарыяльнай абароны, а таксама падрыхтоўка асабовага складу да выканання абавязкаў на штатных пасадах пры вырашэнні рэальных задач. Акрамя таго, будзе дадзена ацэнка агульнай гатоўнасці падраздзяленняў тэрытарыяльных войскаў да аператыўнага рэагавання.

Удзельнікі трэніроўкі адпрацуюць сцэнарыі аховы і абароны аб’ектаў тэрытарыяльнай абароны, дзеянні па барацьбе з дыверсійна-разведвальнымі групамі ўмоўнага праціўніка і меры забеспячэння ваеннага становішча. У манёўрах прымуць удзел не толькі вайскоўцы тэрытарыяльных войскаў, але і атрады народнага апалчэння.

Асаблівая ўвага падчас камандна-штабнога вучэння будзе нададзеная зладжанасці розных сіл: тэрытарыяльных войскаў, органаў унутраных спраў і падраздзяленняў унутраных войскаў. У ходзе сумесных дзеянняў яны адпрацуюць каардынацыю і абмен інфармацыяй пры супрацьдзеянні варожым дыверсійным групам.

Мясцовыя ўлады падкрэсліваюць, што падобныя трэніроўкі дазваляюць падтрымліваць высокі ўзровень узаемадзеяння паміж рознымі структурамі і гарантаваць бяспеку насельніцтва ў выпадку надзвычайных сітуацый.

Вучэнне завершыцца 18 чэрвеня падвядзеннем вынікаў і аналізам эфектыўнасці сумеснай працы ўсіх задзейнічаных сіл.

Як паведамлялася раней, на зборы сіл тэрытарыяльнай абароны ў Чэрыкаўскім і Краснапольскім раёнах прызваныя 200 чалавек. Для іх размяшчэння выкарыстаны дзіцячы цэнтр творчасці.

Фота: «Веснiк Чэрыкаўшчыны»