У Асіповіцкім раёне прайшлі расійска-беларускія ядзерныя вучэнні

У Асіповіцкім раёне 19-21 траўня 2026 года прайшла трэніроўка з вайсковымі часцямі баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння. 

Пра тое, што вучэнні праходзяць менавіта на Магілёўшчыне, стала вядома з тэлеграм-канала беларускага Міністэрства абароны. 21 траўня ў Асіповіцкі раён да ракетчыкаў прыязджаў Лукашэнка. Там яму прадэманстравалі пускавую ўстаноўку “Іскандэр-М” і нанясенне ўмоўнага ракетнага ядзернага ўдару (электроннага пуску). 

Пасля вучэнняў ён заявіў, што Беларусь не збіраецца ўцягвацца ў вайну ва Украіне, бо ў гэтым няма ніякай неабходнасці. 

Да 2022 года Лукашэнка запэўніваў украінцаў, што з Беларусі на іх ніколі ніхто не нападзе. 24 лютага таго года на мірныя гарады Украіны з беларускай тэрыторыі паляцелі бомбы і расійскія войскі перайшлі беларуска-ўкраінскую мяжу.

Скрыншот: ТГ Мінабароны РБ

Крычаў і Асіповічы пад ударам? Францыя і Польшча плануюць вучэнні па прымяненні ядзернай зброі

Аб’екты ў Беларусі, што выкарыстоўваюцца для меркаванага размяшчэння расійскай атамнай зброі, могуць трапіць у прыцэл падчас вучэбных палётаў, запланаваных Польшчай і Францыяй. Спасылаючыся на крыніцы ў польскім войску, выданне WP Wiadomosci паведамляе пра выніка візіту прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона ў польскі Гданьск 20 красавіка.  

На запланаваных вучэннях, што рыхтуюцца да правядзення на тэрыторыі Паўночнай Польшчы і ў акваторыі Балтыйскага мора, мяркуецца наступнае размеркаванне роляў паміж польскай і францускай авіяцыяй. Польскія самалёты будуць працаваць над цэлеўказаннем, тады як францускія F-16 і Rafale будуць імітаваць запускі звычайных крылатых раект JASSM-ER і ракет ASMP з ядзернымі баявымі часткамі.
Дакладныя геаграфічныя арыенціры, па якіх будуць адпрацоўвацца ўдары, у польскіх СМІ не называюцца, акрамя аднаго – гэта так званыя “высокакаштоўныя цэлі ў раёне Санкт-Пецярбурга”. Але звяртае на сябе заўвага, што францускія “самалёты Rafale B здольныя выконваць палёты з Францыі да лініі Будапешт-Кёнігсберг і адпрацоўваць атакі на мэты ў Расіі і Беларусі.” Выданне падкрэслівае пры гэтым, што ў выпадку сапраўднага ўзброенага канфлікта польскі бок будзе толькі прадстаўляць паветраную прастору, а канчатковае рашэнне пра прымяненне зброі і яе тып застанецца за францускім бокам.

Эскалацыя напружанасці ва Усходнееўрапейскім рэгіёне, пасля планаў Крамля па размяшчэнні ў Беларусі аб’ектаў ядзернай інфраструктуры, на фоне крызісу даверу да НАТА падштурхнулі Польшчу да пошуку прамых саюзнікаў і цяпер гэтая краіна плануе выкарыстанне так званага “францускага ядзернага парасона”. Аб’ектамі ж на тэрыторыі Беларусі, якія могуць трапіць пад удар у выніку далейшай эскалацыі і рэальнага сутыкнення Расіі з прамым альбо ўскосным удзелам Беларусі, стануць у першую чаргу шырока вядомыя пазіцыі для размяшчэння “Арэшніка” ў Магілёўскай вобласці – пад Крычавам і Асіповічамі.
Фота ілюстрацыйнае

Статкевіч: ракеты каля Асіповічаў здольныя несці ядзерныя боегалоўкі

Размешчаныя каля Асіповічаў расійскія “Іскандэры” могуць несці ядзерныя боегалоўкі, а пад Крычавам будуецца сховішча для іх, сцвярджае палітык Мікалай Статкевіч.

“У Беларусі ў раёне Асіповічаў ужо размешчаны ракетныя комплексы “Іскандэр”, здольныя несці ядзерныя боегалоўкі. Зараз на нашай тэрыторыі размяшчаюць мадыфікаваную межкантынентальную балістычную ракету “Ярс”, якая, пасля памяншэння ўдвая яе дальнасці, атрымала назву “Арэшнік”. Але галоўнае – у раёне Крычава будуецца сховішча для ядзерных боегаловак, хутчэй за ўсё, для “Арэшнікаў”, “Іскандэраў” і тактычных  ядзерных авіабомбаў” – напісаў 30 сакавіка 2026 года ў сваім тэлеграм-канале былы палівязень, апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч.

Паводле яго, гаворка ідзе пра інфраструктуру, якая можа выкарыстоўвацца для размяшчэння боегаловак да розных тыпаў узбраенняў, у тым ліку ракетных комплексаў і авіяцыйных сродкаў. Ён сцвярджае, што будаўніцтва такіх аб’ектаў сведчыць пра доўгатэрміновыя планы іх выкарыстання.

Статкевіч таксама выказаў меркаванне, што ў расійскай ваеннай практыцы ядзерныя боегалоўкі традыцыйна захоўваюцца асобна ад носьбітаў у спецыяльных умацаваных сховішчах з кантраляванымі ўмовамі. У выпадку неабходнасці яны дастаўляюцца да ракетных комплексаў або іншай тэхнікі.

На яго думку, размяшчэнне падобнай інфраструктуры ў Беларусі можа быць звязана з разлікамі Масквы на выкарыстанне тэрыторыі краіны ў ваенна-стратэгічных сцэнарыях, у тым ліку як фактар стрымлівання ці ціску на краіны Еўропы.

“Тое, што Масква будуе такі дарагі і складаны аб’ект у Беларусі і ўжо арганізавала яго супрацьпаветраную абарону, сведчыць, што на нашай зямлі будзе стала размешчаная вялікая колькасць ядзерных боегаловак. І не таму, што ў Расіі не хапае зямлі для іх размяшчэння, а з канкрэтнымі мэтамі” – адзначае палітык.

Статкевіч падкрэсліў, што такая сітуацыя нясе рызыкі для самой Беларусі, паколькі ў выпадку эскалацыі яна можа стаць аб’ектам дзеянняў у адказ. У сувязі з гэтым ён заклікаў шукаць шляхі, якія дазволілі б пазбегнуць выкарыстання беларускай тэрыторыі ў магчымых ваенных канфліктах.

Палітык адзначыў, што ключавыя рашэнні павінны прымацца ўнутры краіны, а грамадству важна своечасова ацаніць магчымыя пагрозы. У якасці аб’яднаўчай ідэі ён назваў канцэпцыю нейтральнай і без’ядзернай Беларусі, якая можа стаць асновай для захавання бяспекі і стабільнасці ў рэгіёне.

Фотаздымак: ТГ STATKEVICH M