У Касцюковічах зваршчыка зацягнула ў драбільны млын. Рабочы загінуў

На цэментным заводзе пры рамонце драбільнага млыну загінуў 33-гадовы электрагазазваршчык.

Трагедыя адбылася ўвечары 10 лютага, паведамляе Следчы камітэт. Абсталяванне было адключана, аднак падчас работ мужчына знаходзіўся на валах механізму і з дапамогай газавага разака спрабаваў вынуць металічны прадмет, які захраснуў. Калі дэталь удалося дастаць, зваршчыка па інэрцыі зацягнула ўнутр агрэгата.

Калега мужчыны пачуў крыкі і выклікаў экстранныя службы. Нягледзячы на аператыўныя дзеянні ратавальнікаў і медыкаў выратаваць работніка не ўдалося.

Па факце гібелі працоўніка Следчы камітэт праводзіць праверку.

Фотаздымак: Следчы камітэт

Дзень у гісторыі: 11 верасня. Гадавіна тэрарыстычнай атакі на ЗША. Нарадзіліся Еўдакім Раманаў і Ігар Марзалюк

1855 год. Нарадзіўся Еўдакім Раманаў.

Магілёўскі фалькларыст, этнограф, археолаг, настаўнік. Нарадзіўся ў мястэчку Нова-Беліца Гомельскага павету.

Аўтар дадаткаў да слоўніка Івана Насовіча, 15-томнага «Беларускага зборніка» – энцыклапедыі побыту, творчасці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народу ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.

Пад яго рэдакцыяй выйшлі 3 выпускі «Магілёўскай даўніны», выпуск «Крыніц для гісторыі Магілёўскага краю» і іншыя работы.

Склаў археалагічныя карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў, сабраў звесткі пра 1000 гарадзішчаў Беларусі.

Сузаснавальнік Віцебскага, Магілёўскага, Віленскага этнаграфічных музеяў.

У Магілёве абласны краязнаўчы музей носіць імя Еўдакіма Раманава. Тут праводзяцца навуковыя раманаўскія чытанні.

Краязнавец Еўдакім Раманаў

1968 год. Нарадзіўся Ігар Марзалюк.

Гісторык, археолаг, палітык.

Член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар МДУ імя А. Куляшова.

Дэпутат, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па навуцы, культуры і адукацыі.

Узначальвае «Магілёўскае краязнаўчае таварыства».

Аўтар даследаванняў па гісторыі Магілёва.

Гісторык Ігар Марзалюк

1996 год – запусцілі цэментны завод у Касцюковічах. 

Адбыўся запуск першай тэхналагічнай лініі Беларускага цэментнага завода ў Касцюковічах. Адзін з трох цэментных заводаў у Рэспубліцы Беларусь і адзіны, уведзены ў эксплуатацыю пасля абвяшчэння незалежнасці.

Цэментны завод Касцюковічы

2001 год. Тэрарыстычныя акты ў ЗША, названыя «9/11».

Серыя з чатырох скаардынаваных тэрарыстычных актаў-самагубстваў, учыненых членамі тэрарыстычнай арганізацыі «Аль-Каіда».

Атакаваныя хмарачосы Сусветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку. У іх мэтанакіравана ўрэзаліся два самалёты. Абедзве вежы абрынуліся, выклікаўшы разбурэнні прылеглых будынкаў.

Трэці самалёт быў накіраваны ў будынак Пентагона.

Чацвёрты разбіўся ў штаце Пенсільванія.

У выніку нападу тэрарыстаў загінула больш за 3000 чалавек, каля 6000 было паранена, яшчэ 24 зніклі без вестак.

Катастрофа забрала жыцці пажарных і паліцэйскіх, дзякуючы намаганням якіх удалося выратаваць каля 30 тысяч чалавек.

Найбуйнейшы ў гісторыі чалавецтва тэрарыстычны акт.

Тэракт 11 верасня ЗША



У публікацыя выкарыстаныя звесткі рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых крыніц