Галоўны бухгалтар папалася на крадзяжы амаль 270 тысяч рублёў

Цягам амаль трох гадоў магіляўчанка, працуючы галоўным бухгалтарам прыватнай фірмы, скрала больш за чвэрць мільёна рублёў.

Сямігадовы тэрмін калоніі прызначыў суд Кіраўскага раёна 42-гадовай жыхарцы Магілёва. Жанчына выкарыстоўвала службовае становішча для таго, каб рэгулярна пералічваць на свой рахунак грошы прадпрыемства.

Гісторыя цягнулася з пачатку 2023 года да канца 2025-га. За гэты час бухгалтарка здолела вывесці з рахункаў арганізацыі больш за 268 тысяч рублёў.

На сваёй пасадзе яна фактычна кантралявала ўсе фінансавыя патокі кампаніі. У яе распараджэнні былі доступ да інтэрнэт-банкінгу, электронны ключ для правядзення плацяжоў і права афармляць плацёжныя дакументы. Іншыя супрацоўнікі прадпрыемства такіх паўнамоцтваў не мелі.

Менавіта гэта, як высветлілася ў судзе, і дазволіла ёй гадамі заставацца па-за падазрэннямі. Жанчына ўносіла ў бухгалтарскія дакументы недакладныя звесткі і афармляла плацяжы на сваю карысць. На паперы гэта выглядала як выплата заробку, адпускных, матэрыяльнай дапамогі або кампенсацыя гаспадарчых выдаткаў. Пасля падпісаныя ёю ж дакументы адпраўляліся ў банк, а грошы – на асабісты рахунак.

Сума незаконна атрыманага даходу склала больш за чвэрць мільёна рублёў. Частку гэтых сродкаў магіляўчанка траціла не толькі на штодзённыя патрэбы. Паводле матэрыялаў справы, грошы ішлі таксама на стаўкі ў азартных гульнях на інтэрнэт-пляцоўках.

Падчас судовага разгляду абвінавачаная не адмаўляла сваёй віны і цалкам прызнала абвінавачанне. Суд улічыў, што жанчына раскаялася ў зробленым, часткова пакрыла шкоду і выхоўвае непаўналетняе дзіця.

Тым не менш, памер нанесенай шкоды аказаўся настолькі вялікім, што пазбегнуць рэальнага пазбаўлення волі не ўдалося.

Суд прызнаў магіляўчанку вінаватай у прысваенні маёмасці шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры. Акрамя тэрміну зняволення, ёй прызначылі штраф у памеры 4,5 тыс. рублёў і забарону цягам пяці гадоў займаць пасады, звязаныя з фінансамі і адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасцю.

Таксама былую галоўную бухгалтарку абавязалі вярнуць прадпрыемству больш за 183 тыс. рублёў у кошт пакрыцця маёмаснай шкоды, нанесенай злачынствам. Прысуд пакуль не набыў законнай сілы.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У Кіраўскім раёне прадаюць базу адпачынку па цане кватэры ў Мінску

Базу адпачынку “Чыгірынка” ў Кіраўскім раёне выставілі на аўкцыён па цане 306 тыс. рублёў.

На беразе Чыгірынскага вадасховішча, сярод хвойнага лесу, на продаж выставілі сучасную базу адпачынку, якая знаходзіцца ў прыватнай уласнасці і амаль цалкам падрыхтавана да запуску. Аб’ект ужо некалькі месяцаў шукае новага ўладальніка: кошт нават давялося знізіць, але жадаючых пакуль не знайшлося. Чарговыя таргі прызначаныя на 5 чэрвеня 2026 года.

Чыгірынскае вадасховішча лічыцца адным з самых папулярных месцаў летняга адпачынку ў Магілёўскай вобласці. Адсюль прыкладна аднолькавая адлегласць да Магілёва і Бабруйска – каля 60 кіламетраў. У разгар сезона свабодныя нумары ў мясцовых аграсядзібах і турбазах звычайна разбіраюць загадзя.

На аўкцыён выстаўлены комплекс з некалькіх драўляных будынкаў. Два гасцявыя домікі плошчай каля 50 м2 кожны, разлічаныя на размяшчэнне да шасці чалавек і абсталяваныя ўсімі неабходнымі выгодамі. Яшчэ адзін будынак, меншы па плошчы, можа выкарыстоўвацца пад адміністрацыйны офіс, лазню або невялікае кафэ для адпачывальнікаў.

База ўжо забяспечана асноўнымі інжынернымі сеткамі. На тэрыторыі ёсць уласная кацельня, пракладзеная цеплатраса, артэзіянская свідравіна, ачышчальныя збудаванні, электразабеспячэнне і стаянка для аўтамабіляў. Участак агароджаны, а да вады і пляжу літаральна некалькі хвілін пешшу.

Першапачаткова ўладальнік ацэньваў аб’ект у 340 тысяч рублёў, аднак пасля кошт знізілі прыкладна на дзесятую частку. Цяпер за турыстычны комплекс просяць 306 тысяч рублёў, што супастаўна з цаной двухпакаёвай кватэры ў Мінску.

Паводле прадаўца, у дамах засталося завяршыць толькі фінальнае ўнутранае аздабленне. З улікам росту цікавасці да адпачынку ўнутры краіны і прагнозаў на спякотнае лета, аб’ект можа стаць прывабным варыянтам для інвестараў у турыстычны бізнес.

Фотаздымак: ipmtorgi.by

Ва Украіне ліквідаваны расійскі наёмнік з Кіраўска

Пры штурме ў Запарожскай вобласці Украіны быў знішчаны расійскі наёмнік з Кіраўскага раёна.

Так званы мясны штурм стаў апошнім для былога палявода кіраўскага калгаса “Чырвоны баец” 51-гадовага Мікалая Габруся. Паводле “Нашай нівы”, спачатку ён быў танкавым механікам у батальёне, але праз месяц батальён стаў ротай, дзе Габрусь ужо ездзіў на мапедзе. Рота і пайшла ў той штурм.

Па інфармацыі з базы BelPol, знішчаны наёмнік раней не судзімы. Але нават без крымінальнага мінулага маральны компас Габруся аказаўся збіты, і ў 2025‑м годзе ён наняўся ваяваць на баку Расіі ў яе злачыннай вайне супраць Украіны. 

Да свайго ад’езду на вайну ў сакавіку 2025 года Габрусь застрахаваў у Расіі сваё жыццё, пазначыўшы адрасам пражывання Рыжскую шашу ў горадзе Валакаламску Маскоўскай вобласці. 

Выданне знайшло нават момант расстрэлу Габруся ўкраінскімі абаронцамі падчас штурму, але не стала далучаць відэа з этычных меркаванняў. 

Габрусь стаў чарговым загінулым беларусам з пазыўным «Беларус». Апошні апублікаваны ім кантэнт – відэа з абсталяванага акопа, у якім некалькі чалавек немаладога ўзросту ў добрым гуморы сядзяць за сталом і падбадзёрваюць адзін аднаго, папіваючы мінералку.

Фотаздымак: «Аднакласнікі»

Жыхар Кіраўска падабраў тушку зайца. Яго папярэдзілі і адпусцілі

Жыхар Кіраўска забраў з дарогі тушку зайца, каб раздзелаць яе. Гэта абярнулася для яго праблемай з законам.

У бытоўцы на ферме ў вёсцы Букіна супрацоўнікі Кіраўскага аддзела Дэпартамента аховы знайшлі тушку зайца. Яны адразу пазванілі ў дзяржаўным прыродаахоўнікам – у Бабруйскую міжраённую інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету, піша komkur.info.

Тыя, у сваю чаргу, высветлілі, што звер, хутчэй за ўсё, загінуў пад коламі аўтамабіля. Мужчына, які падабраў тушку, вырашыў, што мяса зайца можна выкарыстаць у асабістых мэтах і забраў яе з сабой, каб разабраць па месцы працы. Але гэта дзеянне адміністрацыйным кодэксам, а таксама Правіламі палявання, забаронена. У дадзеным выпадку чалавек павінен быў паведаміць аб тым, што здарылася альбо карыстальніка паляўнічых угоддзяў, альбо міліцыю. Пры гэтым, у любым выпадку, не перамяшчаць мёртвую жывёліну з месца выяўлення.

Аматар заечага мяса падпаў пад ч.2 арт.16.27 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях – “Парушэнне правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання”. Яму пагражаў штраф да 1350 рублёў, але праваахоўнікі абмежаваліся папярэджаннем з увагі на тое, што да гэтага выпадку цягам года мужчына не здзяйсняў падобных правапарушэняў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Жыхар Кіраўскага раёна трапіў пад суд за ўдар па сабачай лапе

Суд прысудзіў жыхару Кіраўскага раёна буйную выплату за ўдар паленам па лапе сабакі.

Пабіты сабака

У Кіраўскім раёне разбіральніцтва з нагоды траўмы сабакі дайшло да мясцовага суда. Усё пачалося 23 лютага 2025 года. Адзін з мясцовых жыхароў, у сябе двары, кінуў палена ў чужога сабаку. У выніку ў пса аказалася рассечаная задняя лапа.

Гаспадару жывёліны прыйшлося везці гадаванца да ветэрынара: рану апрацавалі, наклалі швы, прызначылі лячэнне. Усяго на ветэрынарную дапамогу і лекі пайшло 477 рублёў 37 капеек, паведамляе Магілёўскі аблсуд.

Грошы і адказнасць

Уладальнік сабакі вырашыў, што яе крыўдзіцель павінен заплаціць, і падаў скаргу. Патрабаваў пакрыць выдаткі на лячэнне і суд. Той, хто кідаў палена, на судзе патлумачыў, што не хацеў нікому нашкодзіць і наогул не прызнае сябе вінаватым.

Але суд паглядзеў інакш. У матэрыялах справы ўжо фігураваў эпізод адміністрацыйнага правапарушэння па ч.3 арт.16.29 КаАП – за жорсткае абыходжанне з жывёлай. Гэтага аказалася дастаткова, каб прызнаць віну і абавязаць выплаціць кампенсацыю.

Адказчык паспрабаваў аспрэчыць рашэнне, але абласны суд пакінуў усё як ёсць: 477 рублёў за лячэнне і яшчэ 439 – за сам суд. Рашэнне ўступіла ў сілу.

Дарэчы, як піша БелТА са спасылкай на прадстаўніка МУС Міхаіла Антоненку, за студзень-травень гэтага года да адміністрацыйнай адказнасці за жорсткае абыходжанне з жывёламі прыцягнуты 44 жыхары Беларусі (у 2024-м – 101, 2023-м – 110). Ім прад’яўлена абвінавачанне па арт.16.29 КаАП.

Фотаздымак з адкрытых крыніц