Пры штурме ў Запарожскай вобласці Украіны быў знішчаны расійскі наёмнік з Кіраўскага раёна.
Так званы мясны штурм стаў апошнім для былога палявода кіраўскага калгаса “Чырвоны баец” 51-гадовага Мікалая Габруся. Паводле “Нашай нівы”, спачатку ён быў танкавым механікам у батальёне, але праз месяц батальён стаў ротай, дзе Габрусь ужо ездзіў на мапедзе. Рота і пайшла ў той штурм.
Па інфармацыі з базы BelPol, знішчаны наёмнік раней не судзімы. Але нават без крымінальнага мінулага маральны компас Габруся аказаўся збіты, і ў 2025‑м годзе ён наняўся ваяваць на баку Расіі ў яе злачыннай вайне супраць Украіны.
Да свайго ад’езду на вайну ў сакавіку 2025 года Габрусь застрахаваў у Расіі сваё жыццё, пазначыўшы адрасам пражывання Рыжскую шашу ў горадзе Валакаламску Маскоўскай вобласці.
Выданне знайшло нават момант расстрэлу Габруся ўкраінскімі абаронцамі падчас штурму, але не стала далучаць відэа з этычных меркаванняў.
Габрусь стаў чарговым загінулым беларусам з пазыўным «Беларус». Апошні апублікаваны ім кантэнт – відэа з абсталяванага акопа, у якім некалькі чалавек немаладога ўзросту ў добрым гуморы сядзяць за сталом і падбадзёрваюць адзін аднаго, папіваючы мінералку.
Фотаздымак: «Аднакласнікі»
