На ўвесь чэрвень уводзіцца забарона на лоўлю самоў на Магілёўшчыне

У Гомельскай і Брэсцкай абласцях забарона на лоўлю сома дзейнічае з 19 мая па 19 чэрвеня. На астатняй тэрыторыі Беларусі – з 31 мая па 1 ліпеня, паведамляюць СМІ.

Гэтая абмежавальная мера звязаная з нерастам у самоў – ён адбываецца, калі тэмпература вады праграваецца да 18 градусаў.

У выпадку ненаўмыснай лоўлі сома, рыбу неабходна адпусціць.

За лоўлю сома ў нераст рыбаку пагражае штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічыняў, гэта ад 370 да 1110 рублёў.

Фота з адкрытых крыніц

Вялізарнага сома злавіў і адпусціў у Свіслач рыбак Віталь Дубовік

Пад Асіповічамі рыбак змагаўся з магутнай рыбінай каля 30 хвілін, выцягнуў на бераг, а потым выпусціў на волю. Партал osipinfo.by падзяліўся асаблівасцямі рыбалкі.

Пад Асіповічамі ў раёне вёскі Лапічы рыбак Віталь Дубовік выцягнуў са Свіслачы гіганскага сома. Яго вага склала каля 40 кілаграмаў, а даўжыня большая за 180 сантыметраў. Але заканадаўства не дазволіла скарыстацца ўловам.

Сам Віталь распавёў пра рыбалку так:

– Недзе 5 дзён таму паехаў на рыбалку з прыяцелем, узялі намёт і печ. У першы дзень проста адпачывалі, на другі ламалі лёд і крыху рыбачылі (таварыш зачапіў сазана на 10 кг), а на трэці дзень лёд сагнала. Мы пайшлі [на лодцы] па рацэ і пабачылі ў эхалоце некалькі добрых сілуэтаў. Я закінуў вуду і зачапіў сама. Гэта было фізічна складана. Каля 30 хвілін змагаўся з ім і выцягнуў на бераг. На гэтым гісторыя і скончылася. Рыба больш не ішла. Ну як? Яна была, але пайшла пад лёд, і дастаць яе адтуль было амаль нерэальна.

Для Віталя гэты сом – самы вялікі, якога ён калі-небудзь злавіў. Але рыба была выпушчана ў Свіслач, бо з 1 лістапада па 31 сакавіка, дзеля захавання папуляцыі, забаронены лоў сома. Як запэўнівае рыбак, ён не забраў бы яго дадому ў любым выпадку, бо не ест сома, які амаль такі ж тлусты, як сала. А вось карп і сазан яму сапраўды смачныя.

Рыбакі кажуць, што ў Свіслачы шмат самоў.  У апошнія гады рыбакі часта атрымліваюць трафеі з вады па 25-30 кілаграмаў.

Фота з сацыяльных сетак Віталя Дубовіка.

На самоў і чудскога сіга нельга рыбачыць ад заўтрашняга дня

Забарона ўводзіцца па ўсёй краіне. Сігі пачынаюць нерасціцца, а самам пагражае зніжэнне папуляцыі, бо на зімоўку яны заміраюць у глыбокіх ямах вялікімі зграямі і становяцца лёгкай здабычай.

“Калі лёд скоўвае ваду рэк, азёр, вадасховішчаў, сом хаваецца ў паглыбленыя месцы, прыціснуўшыся да мяккага глею, і засынае, час ад часу варушачы сваімі плаўнікамі і доўгімі вусамі. – расказалі БелТА ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету – Залягаюць самы ў ямы часта даволі шматлікімі групамі. На іх часам кладзецца іншая рыба, нярэдка ў некалькі ярусаў.”

Забарона на лоўлю самоў будзе дзейнічаць у Беларусі па 31 сакавіка.

У прадстаўнікоў сямейства ласосевых, да якіх адносіцца чудскі сіг і рапушка, позняй восенню пачынаецца перыяд нерасту. Пагэтаму забараняецца прамысловае і аматарскае рыбалоўства сіга чудскага з 1 лістапада па 15 снежня, а з 15 лістапада па 20 снежня – рапушкі еўрапейскай. 

Бабруйчанка вылавіла ў Беразіне сама-гіганта велічынёй са здаровага мужыка

У канцы верасня Святлана Юркавец рыбачылі на спінінг з мужам Дзмітрыем на Бярэзіне. Адчуўшы, што рыба ўзялася, яна спрабавала вылавіць рыбу сама, але потым паклікала мужа на дапамогу. 

Паўгадзіны доўжылася барацьба – паведамляе magilev.by. Сом то паднімаўся, то зноў апускаўся на дно ракі, гружаную лодку і двух чалавек у ёй з лёгкасцю перасоўваў па рацэ на 500 метраў то ў адзін, то ў другі бок. У працэсе барацьбы муж ужо думаў, што давядзецца адпусціць гэтага монстра. Але раптам сом усплыў на паверхню і яго ўдалося з дапамогай падхватніка закінуць ў лодку.

Святлана ўжо 12 гадоў мае афіцыйны статус (білет) рыбака, але такі ўлоў у яе ў першы раз. Вага сома склала 47 кілаграм 600 грам, а даўжыня – 186 сантыметраў. Нават транспартаваць такога буйнога сама было зусім нялёгкай задачай.

Беларусі сом: волат аднаасобнік, з якім вудары сутыкацца на глыбіні асцерагаюцца

У беларускага сама пачаўся нераст. Да 1 ліпеня вудзіць яго забаронена. Нават, калі выпадкова рыбіна трапіла на кручок, яе трэба вярнуць у родную стыхію. Абмежаванні ўведзеныя дзеля захавання папуляцыі сама.

 

Сом – удача для рыбака

Сом у Беларусі лічыцца самай вялікай рыбінай. Ёю заселеныя мясцовыя рэкі, некаторыя буйныя азёры ды вадасховішчы.

Прыродазнаўцы адзначаюць, што ўсюды яна рэдкая. Гэта пацвярджаюць і вудары. Не многія з іх могуць пахваліцца тым, што ім удавалася яе злавіць.

Адзін з магілёўскіх рыбакоў са скрухаю згадвае: на кручок трапляўся сом, пра гэта ён здагадаўся па характэрных паводзінах завудзінай рыбіны, але выцягнуць на бераг яму яе не ўдалося.

image.jimcdn.com

Другому пашанцавала болей. У Прыпяці ён падчапіў 7 кілаграмовага сама. Змагаўся, каб выцягнуць яго на бераг дзве гадзіны.

«Хацеў ужо кінуць, але дапамаглі іншыя рабакі, – апавядае ён. – Стаміўся ад змагання, але стаў тады героям, бо быў, ці не адзіным рыбаком, каму такое шчасце ўсміхнулася. Давялося памагатым прастаўляцца».

Яшчэ адзін магілёўскі вудар кажа, што вялікіх самоў бачыў толькі на фотаздымках ды чуў гісторыі пра іх ад іншых рыбакоў. Па ягоных словах даводзілася яму вылоўліваць колькі разоў «невялікіх» да 5 кілаграмаў, але ведаючы, што рыбіна рэдкая адпускаць яе.

 

Самовыя рэкорды

Як раз самы да 5 кілаграмаў гэта звыклы ўлоў рыбака, якому пашчасціла займець такую рыбіны. Значна радзей на кручок трапляе сом да 15 кілаграмаў.

У 2011 годзе жыхар вёскі Белавуша, што на Берасцейшчыне, на рацэ злавіў сама спінінгам вагою ў 51,5 кілаграмы.

image.jimcdn.com

У Беларусі вядомыя выпадкі, калі рыбакі на Дняпры лавілі самоў да 96 кілаграмаў. А па-за межамі нашай краіны вудзілі рыбіну даўжынёю да 5 мэтраў і вагою да 300 кілаграмаў.

Афіцыйна зарэгістраваны злоўлены сом вагой 306 кілаграмаў даўжынёю больш за тры мэтры і ўзростам блізу 80 гадоў.

У вадаёмах Беларусі ўловы сама малыя і не перавышаюць 1 працэнту ад агульнага ўлову. Найбольшы адзначаны ў 1946 годзе – 16 тон. Ад 1963 да 1966 году – вылоўлівалі ад 8 да 15 тон. Ад 1968 году ўловы значна зменшыліся. У 1971-80 у сярэднім выцягвалі самоў да 0,3 тон у год.

Планамерныя захады абароны і абмежаванняў на злоў у Любанскім вадасховішчы ў 1980-гадах сфармавалася ўнікальная папуляцыя сама, а доля яго ўлову сягнула 50 працэнтаў ад агульнага. Гэта дазволіла рассяліць сама ў іншыя вадасховішчы краіны.

 

Асаблівасць жыцця самоў

Рыбаку, які хоча ўлавіць сама, варта быць асцярожным і быць спрытным. Трапіўшы на кручок гэтая рыбіна дужа супраціўляецца. Мяса сама тлустае і далікатнае.

Палавая даспеласць у сама надыходзіць, калі ён важыць да 1,5 кілаграмы, даўжынёю да 60 сантыметраў. У 10-гадовым узросце рыбіна важыць да 8 кілаграмаў і мае даўжыню блізу мэтра.

image.jimcdn.com

Сом аднаасобнік і рэдка пакідае «мясцінку прапіскі». Трымаецца на глыбокіх і захламленых карчамі, каранямі дрэваў ямінах.

Да глыбокай старасці жыве ў адной яміне і толькі ачуняўшы ад зімовай спячкі, каб знайсці сабе сяброўку выбіраецца «у людзі». Нерасьціцца ў прыбярэжных мясцінах у густых падвоеных багавіннях. Для сваіх нашчадкаў на глыбіні да паўметра робіць гнездзейка.

Па нерасце вяртаецца на радзіму ў сваю яміну. Цягам году ўзмоцнена харчуецца, каб перазімаваць у спакоі.

 

Вынікі сутыкнення з самом не прадказальныя

Сом актыўны надвячоркам і ноччу. Кормяцца пераважна рыбай, а паколькі не могуць хутка плаваць, то палююць з схованкі.

wildlife.by

Апісаныя выпадкі нападу буйных самоў на людзей. У XVI–XVIII стагоддзяў, калі ў страўніках рыбіны, вылаўленай у Дунаю, знаходзілі чалавечыя парэшткі. Невядома, аднак, ці сапраўды загінулыя сталі ахвярамі самоў, альбо рыба спажывала трупы людзей.

Адшукаць падобныя гісторыі з беларускімі самамі ў адкрытых крыніцах не ўдалося. На думку мясцовых рыбакоў, такія «легенды» перакачавалі ў Беларусь з іншых краёў. Вудары, аднак, прызнаюцца, што апынуцца на глыбіні сам на сам з самом не хацелі б. Паводле іх гэтая рыбіна моцная і агрэсіўная, нягледзячы на сваю павольнасць. Траўмаваць можа ўдарам хваста, ці атакаваць усім сваім целам. Вынікі такога сутыкнення не прадказальныя.