Вялізарнага сома злавіў і адпусціў у Свіслач рыбак Віталь Дубовік

Пад Асіповічамі рыбак змагаўся з магутнай рыбінай каля 30 хвілін, выцягнуў на бераг, а потым выпусціў на волю. Партал osipinfo.by падзяліўся асаблівасцямі рыбалкі.

Пад Асіповічамі ў раёне вёскі Лапічы рыбак Віталь Дубовік выцягнуў са Свіслачы гіганскага сома. Яго вага склала каля 40 кілаграмаў, а даўжыня большая за 180 сантыметраў. Але заканадаўства не дазволіла скарыстацца ўловам.

Сам Віталь распавёў пра рыбалку так:

– Недзе 5 дзён таму паехаў на рыбалку з прыяцелем, узялі намёт і печ. У першы дзень проста адпачывалі, на другі ламалі лёд і крыху рыбачылі (таварыш зачапіў сазана на 10 кг), а на трэці дзень лёд сагнала. Мы пайшлі [на лодцы] па рацэ і пабачылі ў эхалоце некалькі добрых сілуэтаў. Я закінуў вуду і зачапіў сама. Гэта было фізічна складана. Каля 30 хвілін змагаўся з ім і выцягнуў на бераг. На гэтым гісторыя і скончылася. Рыба больш не ішла. Ну як? Яна была, але пайшла пад лёд, і дастаць яе адтуль было амаль нерэальна.

Для Віталя гэты сом – самы вялікі, якога ён калі-небудзь злавіў. Але рыба была выпушчана ў Свіслач, бо з 1 лістапада па 31 сакавіка, дзеля захавання папуляцыі, забаронены лоў сома. Як запэўнівае рыбак, ён не забраў бы яго дадому ў любым выпадку, бо не ест сома, які амаль такі ж тлусты, як сала. А вось карп і сазан яму сапраўды смачныя.

Рыбакі кажуць, што ў Свіслачы шмат самоў.  У апошнія гады рыбакі часта атрымліваюць трафеі з вады па 25-30 кілаграмаў.

Фота з сацыяльных сетак Віталя Дубовіка.