Дзень у гісторыі. 22 снежня. Заснаваны дамініканскі ордэн. Скінуты рэжым Чаўшэску. Цунамі ў Інданезіі. Дзень ўшанавання ксяндза Уладзіслава Чарняўскага

Дзень сонцастаяння. 

У паўночным паўшар’і – зімовае сонцастаянне (самы кароткі дзень года), у паўднёвым – летняе сонцастаянне (самы доўгі дзень). Наступае 21 снежня у 21:48 па Сусветнаму часу, і 22 снежня у  00:48 па Мінскаму. У Магілёве дзень усяго толькі 7 гадзін і 24 хвіліны.

Ганны (славянскі народны каляндар).  

«Ганкі — сядайце на санкі».

Русіны Букавіны лічылі, што з гэтага дня пачынаецца Новы год, а беларусы — што здзяйсняецца паварот на лета.

Ва ўсходніх славян прынята ў гэты дзень маліцца святой Ганне пры бясплоднасці. Цяжарным загадвалася пасціцца, а таксама на працягу сутак забаранялася прымацца за якую-небудзь істотную працу, не сыходзіць з хаты.

Казалі, што з гэтага дня ваўкі пачынаюць хадзіць зграямі: «На Зачацце Святой Ганны ваўкі становяцца, а пасля Вадохрышча разбягаюцца». Ганны – прыбавіцца багата дня.

Калі снег прываліць ушчыльную да агароджы – дрэннае лета, а калі ёсць прамежкі ураджайнае.

1216 год. Папа Ганорый III зацвердзіў ордэн вандроўных прапаведнікаў ― дамініканцаў. 

Члены ордэна называлі сябе «божымі сабакамі», а на іх сцягу былі намаляваныя сабакі, якія раздзіраюць на часткі цела ерэтыкоў.

Прасоўванне ордэна на Усход пачалося з Кіева, пры князі Уладзіміры Рурыкавічы, калі адкрыўся касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі і пачала дзейнічаць у 1233 годзе дамініканская місія.

У Беларусі першы дамініканскі манастыр заснаваны ў Любчы ў 1250 годзе. У першай палове XVII стагоддзя тут заснавана 10 дамініканскіх манастыроў, у другой палове – 25, у XVIII стагоддзі – 6, у XIX – 1. У Навагрудку знаходзіўся манастыр сясцёр-дамініканак.

Дамініканскі манастыр быў заснаваны ў 1681 годзе ў Княжыцах пад Магілёвам, дамініканцы размясціліся і ў Мсціславе, Клімавічах.

Фота: Былы княжыцкі дамініканскі сабор Святога Антонія. Пераўтвораны ў 1865 годзе у царкву Аляксандра Неўскага. Зачынена ў 1965 годзе. Разбураецца.

1264 год. Заключаны мірны і гандлёвы дагавор полацкага князя Гердзеня з Рыгай і Лівонскім ордэнам. 

Полацк адмовіўся ад экспансіі ў ніжнім Падзвінні і латгальскіх зямель, Ордэн гарантаваў непарушнасць Полацкіх зямель. Былі агавораны правы нямецкіх і полацкіх купцоў у Рызе і Полацку.

Фота: Полацк

1888 год. Нарадзіўся Леан Уладзіслаў Радзівіл

Апошні нясвіжскі і клецкі ардынат, ваенны, грамадскі і палітычны дзеяч Польшчы.  Ахвяра рэпрэсій.

Служыў у Праабражэнскім лейб-гвардыі палку, у генштабе рускай арміі, у тым ліку пры Стаўцы ў Магілёве.

У польскай арміі служыў у выведвальным аддзеле Генеральнага штаба. У 1935 годзе стаў апошнім 17-ым нясвіжскім і 14-ым клецкім ардынатам, пасяліўся ў Нясвіжы, займаўся замкам, заснаваў агурочны завод.

За некалькі дзён да захопу Чырвонай Арміяй Нсявіжу, у верасні 1939 года вывез і схаваў значныя каштоўнасці нясвіжскага замка.

Быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў турмах Мінска, Масквы. Быў абменяны на вязняў рэжыму  Мусаліні і пераехаў у Італію, потым Вялікабрытанію, у Парыж.

Памёр 8 красавіка 1959 года ў Парыжы.

Яго ўнучка Дзіяна Марыя Роза Караба-Тэтаманці наведвала Нясвіжскі палац у 2014 і 2017 гадах і ўздымала пытанне аб перапахаванні Леана ў радавой спачывальні.

1895 год. У мястэчку Горы пад Горкамі нарадзіўся Даніла  Пагуляеў. 

Савецкі геолаг, географ, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар.

Удзельнік Першай сусветнай вайны (прапаршчык), грамадзянскай, Вялкай Айчыннай войн. Усё сваё жыццё выкладаў у Смаленскім педінстытуце: загадчык кафедраў геологіі, фізічнай геаграфіі і геалогіі, дэкан прыродазнаўчага факультэта, прарэктар, кіраўнік Заходнім абласным навукова-даследчым інстытутам геалогіі.

Даследчык прыродных умоў, рэсурсаў, карысных выкапняў Смаленскай вобласці.

Узначальваў Смаленскую абласную арганізацыю таварыства «Веды».

Памёр 19 верасня 1974 года. 

1917 год. Ва ўмовах падполля ў Мінску быў створаны Выканаўчы камітэт 1-га Усебеларускага з’езду. 

Нягледзячы на падтрымку У. Леніна і І. Сталіна, з’езд, які пачаў сваю працу 18 снежня, быў гвалтоўна разагнаны бальшавікамі А. Мясніковым, В. Кнорыным, К. Ландэрам.

Частка дэлегатаў сышла ў падполле і абрала Выканаўчы камітэт Рады з’езду з 17 чалавек на чале з Язэпам Варонкам. Пазней гэтыя структуры адыгралі важную ролю ў абвяшчэнні БНР.

31 студзеня 1918 года паводле дэкрэта Леніна ў Народным камісарыяце па нацыянальных справах на чале са Сталіным, стварылі Беларускі нацыянальны камісарыят, які адыграў выключную ролю ў стварэнні беларускай савецкай дзяржаўнасцці.

Язэп Варонка

1918 год. У Мінску заснаваны Беларускі савецкі тэатр. 

Ён узнік з удзельнікаў Таварыства драмы і камедыі, “Беларускай хаткі” і хору У. Тэраўскага. Прапрацаваў да сакавіка 1919 года. На яго базе і пад яго ўплывам узніклі першы тэатр рэвалюцыйнай сатыры (Тэрэвсат, Віцебск), БДТ-1 (тэатр імя Я. Купалы), БДТ – 2 (тэатр імя Я. Коласа). 

Хор У. Тэраўскага

1922 год. Нарадзілася Алена Васілевіч

Беларуская пісьменніца. Заслужаны работнік культуры.

Працавала ў Курскім абласным выдавецтве, часопісе «Работніца і сялянка», выдавецтвах «Мастацкая літаратура», «Юнацтва».

Аўтар аповесцей, 10 кніг апавяданняў, зборнікаў апавяданняў і аповесцей, аўтабіяграфічнай тэтралогіі, кніг нататкаў, эсэ, эцюдаў, шэрагу кніг для дзяцей.

Яе творы дакладныя ў апісанні побыту і раскрыцці характараў чалавека, у іх паэтычнае бачанне свету, стрыманая, даверлівая манера апавядання, жывая народная мова.

Перакладчыца на беларускую мову, у тым ліку рамана Д. Дэфо «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза».

Памёрла 8 жніўня 2021 года. 

1932 год. Афіцыйна зарэгістравана Таварыства беларускай асветы, створанае ў Вільні.   

Культурна-асветная арганізацыя Заходняй Беларусі. Арганізатары і кіраўнікі А. Луцкевіч, Р. Астроўскі, А. Неканда-Трэпка, Я. Шнаркевіч  і іншыя. Выдавала газету «Родны край». 

Пры арганізацыі ўтвараліся гурткі, адкрываліся бібліятэкі-чытальні, наладжваліся лекцыі, спектаклі вандроўных тэатраў, разгортвалася выдавецкая дзейнасць. ТБА дамагалася адкрыцця беларускіх школ, выступала супраць паланізацыі, асуджала палітычныя рэпрэсіі ў БССР.

Кіраўніцтва ТБА імкнулася не дапусціць моладзь да ўдзелу ў палітычнай барацьбе, за што жорстка крытыкавалася дзеячамі кампартыі і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. 

Забаронена польскімі ўладамі 20 жніўня 1937 года.

Фота: На «літаратурнай гарбатцы» ў гасцях у інжынера Антона Неканды-Трэпкі. Стаяць (злева направа): Пётра Сергіевіч, М. Мілючанка, Станіслаў Станкевіч, А. Неканда-Трэпка; сядзяць: Янка Шутовіч, Максім Танк, Наталля Арсеннева, Антон Луцкевіч, Рыгор Шырма, Г. Трэпчыха. Вільня, 1937 год.

1937 год. Расстраляны НКУС  Янка Вярсоцкі

Беларускі рымска-каталіцкі святар, грамадскі дзеяч.

Скончыў Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу (1915). Падчас вучобы наведваў культурна-асветны гурток беларускіх студэнтаў-клерыкаў.

Служыў вікарыем парафій Святой Тройцы ў Мінску і Смаленску. Удзельнік 1-га з’езда беларускага каталіцкага духавенства (Мінск, 24-25 мая 1917). Член Саюза ксяндзоў-беларусаў. Быў адміністратарам парафіі Забелы Дрыса-Себежскага дэканата Віцебскай губерні.

Арыштаваны ДПУ ў 1927 годзе, адбываў пакаранне ў Салавецкім лагеры. У 1932 годзе зноў арыштаваны і сасланы ў Казахстан. Пасля трэцяга арышту прыгавораны да расстрэлу.

1937 год. Расстраляны НКУС  Раман Семашкевіч

Беларускі мастак-жывапісец, графік, скульптар.

Яшчэ студэнтам маскоўскага Вышэйшага мастацка-тэхнічнага інстытута стаў прызнаным мастаком. Яго творы набывалі Пушкінскі музей, Траццякоўская галерэя і іншыя ўстановы.

Пісаў партрэты, пейзажы, сцэны з гарадскога жыцця, жанравыя кампазіцыі. Аўтар партрэтаў М. Галадзеда, М. Гікалы, А. Александровіча, В. Таўлая, А. Грыневіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, скульптурнай кампазіцыі «Юны змагар».

Яго мастацтва высока цанілі яго сучаснікі.

У 1990 годзе ў Маскве адбылася першая пасмяротная выстаўка яго прац.

1989 год. У Румыніі скінуты рэжым Нікалае Чаўшэску

Н. Чаушэску (1918-1989) – генеральны сакратар ЦК Румынскай камуністычнай партыі (1965-1989), Прэзідэнт Сацыялістычнай Рэспублікі Румынія (1974-1989). 

Рэжым сканаў літаральна праз тыдзень пасля пачатку антыўрадавых хваляванняў. Дыктатар, які пазбавіўся падтрымкі арміі, паліцыі, пад радасныя воклічы дэманстрантаў на верталёце пакінуў прэзідэнцкі палац у Бухарэсце, але потым быў арыштаваны вайскоўцамі. 

Да ўлады часова прыйшоў апазіцыйны Фронт нацыянальнага выратавання.

25 снежня Чаўшэску і яго жонка Алена былі расстраляныя паводле пастановы Надзвычайнага ваеннага трыбунала. 

Трыбунал абвінаваціў Чаўшэску ў злачынствах супраць дзяржавы, генацыдзе ўласнага народа, адкрыцці таемных рахункаў у замежных банках і падрыве нацыянальнай эканомікі.

Фота: Затрыманне Мікалае і Алены Чаушэску.

1995 год. У ЗША памёр Мікола Шчорс

Беларускі палітычны дзеяч.

Медык, грамадскі актывіст, кіраўнік Беларускага студэнцкага саюза (1935-1937), старшыня Беларускага камітэта ў Варшаве.

19 чэрвеня 1941 года выбраны старшынёй Беларускага нацыянальнага цэнтра, які разглядаўся як урад будучай Беларусі пад пратэктаратам Германіі. Аднак праз тры тыдні, пасля наведвання Беларусі, адмовіўся ад палітычнай дзейнасці. Вярнуўся ў Варшаву, дзе узначальваў Беларускі камітэт.

У Германіі узначальваў Беларускае праваслаўнае аб’яднанне, быў другім віцэ-прэзідэнт адноўленай Беларускай цэнтральнай рады (1948-1952).

У ЗША узначальваў Злучаны беларуска-амерыканскі дапамаговы камітэт, стаў стваральнікам і старшынёй Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі, сустваральнік Камітэта незалежнай Беларусі, Беларуска-амерыканскага саюза. 

Супрацоўнічаў з камісіяй па даследаваннях бальшавіцкіх рэпрэсій у дачыненні нерускіх народаў СССР (камісія кангрэсмена Чарльза Керстена): прадставіў шматлікія дакументы рэпрэсій беларусаў.

У ЗША меў уласную клініку, з’яўляўся віцэ-прэзідэнтам Амерыканскай асацыяцыі хірургаў. Займаўся дабрачыннасцю: адзін з асноўных фундатараў падчас пабудовы царквы ў Саўт-Рыверы.

2001 год. Памёр Уладзіслаў Чарняўскі

Беларускі ксёндз. Перакладчык Бібліі і Катэхізіса на беларускую мову.

Скончыў беларускую настаўніцкую школу ў Барунах, гімназію пры друйскім кляштары марыянаў,  Віленскую духоўную семінарыю. Член ордэна марыянаў.

Ксяндзом служыў у Крэве, Вільні, Вішневе Валожынскага раёна. У 1968 годзе Папам Рымскім прызначаны дарадчыкам пры Кангрэгацыі абрадаў.

Дабіўся папскага блаславення на правядзенне богаслужэнняў па-беларуску. Доўгія гады ён быў адзіным святаром на Беларусі, хто вёў службу на роднай мове.

Пахаваны ў Вішневе. На стагоддзе з дня народзінаў (2016) у Вішневе адкрыўся музей святара.

2018 год. Цунамі ў Зондскім праліве стала адным з самых разбуральных у гісторыі Інданезіі.  

Цунамі абрынулася на абодва бакі Зондскага праліва, як мяркуюць, яно было выклікана вывяржэннем вулкана Анак Кракатау. Загінула, па меншай меры 429 чалавек, больш за 1400 былі паранены.

На думку навукоўцаў, абвалілася падводная частка вулканічнага конусу, гэта і выклікала магутную хвалю.

Сярод ахвяр апынуліся ўдзельнікі папулярнай у Інданезіі мясцовай групы Seventeen. Хвалі накрылі музыкаў і іх гледачоў проста падчас выступу ў курортным горадзе Танджунг-Лесунг.

Дзень у гісторыі. 1 кастрычніка. Міжнародны дзень сеньёраў (пажылых людзей). Дзень нараджэння дзяржаўнага дзеяча ВКЛ Яна Храпавіцкага. Пераход БССР на рэвалюцыйны каляндар

Міжнародны дзень сеньёраў (пажылых людзей, з 1990 года). 

Колькасць людзей групы 65+ у свеце з 1950 года пастаянна расце разам з ростам працягласці жыцця. 

Да 2050 года кожны шосты зямлянін будзе ўзростам старэй за 65 гадоў (гэта 16% насельніцтва), а зараз кожны адзіннаццаты (9%). 

На 1 студзеня 2022 года ў Магілёўскай вобласці жыла 163,6 тысячы сеньёраў – кожны шосты жыхар, большасць з іх – у гарадах (амаль 74%). 

Міжнародны дзень музыкі (з 1975 года). 

Прафесійнае свята ўсіх музыкаў, кіраўнікоў аркестраў, работнікаў філармоній і музыказнаўцаў.

Адным з ініцыятараў установы дня з’яўляецца кампазітар з беларускімі каранямі Дзмітрый Шастаковіч. 

З музыкай чалавецтва знаёма з даўніх часоў. 

У 2000 годзе кітайскія археолагі знайшлі калекцыю музычных інструментаў, якім 2 тысячы гадоў.

На свеце знойдзецца не шмат людзей, якія абыякавыя да музыкі.

Міжнародны дзень кавы (з 2014 года).

Моцны і духмяны напой, які аднаўляе актыўнасць і падымае настрой, даўно заслужыў уласнае свята.

Беларусы паважаюць каву з моманту з’яўлення першых кавярняў у ВКЛ, пасля таго як быў захоплены абоз з зернямі кавы пад час перамогі войск Яна III Сабескага над асманамі.

Але спажыванне застаецца на нізкім ўзроўні: 700 грамаў на чалавека за год. Гэта паказчыкі аўтсайдэра ў Еўропе. 

У Фінляндыі, для параўнання, ужываюць амаль 13 кілаграмаў (1 месца ў Еўропе).

1612 год. Нарадзіўся Ян Антоні Храпавіцкі.

Дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, ваявода віцебскі.

Адміністратар Магілёўскай эканоміі.

Удзельнік 24 соймаў, маршалак соймаў 1665 і 1668 гадоў, член Скарбовага Трыбунала.

Адзін з падпісантаў Андросаўскага перамір’я (1667).

Пакінуў дзённік за 16581685 гады — каштоўную гістарычную крыніцу пра палітычнае жыццё Рэчы Паспалітай, соймы, штодзённае жыццё заможнай шляхты, звычаі і норавы.

 1881 год. Нарадзіўся Міхаіл Станюта

Беларускі жывапісец, педагог. Бацька Стэфаніі Станюты.

Працаваў загадчыкам аддзела выяўленчага мастацтва Галоўпалітасветы Беларусі, сакратаром аб’яднання мастакоў Беларусі (з 1924), Усебеларускага аб’яднання мастакоў (1927-1930).

 Выкладаў маляванне ў школах, мастацкіх студыях і гуртках. 

Адзін з ініцыятараў і арганізатараў Мінскай гарадской мастацкай выстаўкі (1921).

Працаваў у станковым жывапісе і графіцы.

1888 год. Нарадзіўся Лукаш Дзекуць-Малей

Пратэстанцкі прапаведнік, рэлігійны дзеяч, перакладчык, выдавец.

Актыўны ўдзельнік грамадскага жыцця на Гародзеншчыне і ў Заходняй Беларусі. 

Адзін з кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага камітэта і старшыня Беларускай школьнай рады ў Гродне.

Пераклаў рэлігійныя працы на беларускую мову, у тым ліку «Новы Запавет і Псальмы». 

Арыштаваны ДПУ 19 чэрвеня 1941 года ў Брэсце.

З 1944 года ў эміграцыі. 

Быў акруговым прэсвітарам баптысцкай царквы ў Гданьску.

1900 год. Нарадзіўся Раман Семашкевіч

Беларускі мастак-жывапісец, графік, скульптар, удзельнік групы «Трынаццаць».

Яшчэ студэнтам маскоўскага Вышэйшага мастацка-тэхнічнага інстытута стаў прызнаным мастаком. 

Яго творы набывалі Пушкінскі музей, Траццякоўская галерэя і іншыя ўстановы.

Пісаў партрэты, пейзажы, сцэны з гарадскога жыцця, жанравыя кампазіцыі. 

Аўтар партрэтаў дзеячаў 1920-1930-х гадоў, Янкі Купалы, Якуба Коласа.

Расстраляны НКУС у 1937 годзе. 

У 1990 годзе ў Маскве адбылася першая пасмяротная выстаўка яго прац.

1929 год. БССР і іншыя саюзныя рэспублікі СССР перайшлі на рэвалюцыйны каляндар.

У каляндарным годзе прадугледжвалася 360 дзён і адпаведна 72 пяцідзёнкі. Астатнія 5 дзён было вырашана лічыць святочнымі.

Тыдзень у 1929-1930 гадах складаўся з пяці дзён, пры гэтым усе працоўныя дні былі падзеленыя на пяць груп, названых па колерах, і кожная група мела свой уласны выходны дзень у тыдзень. 

Нягледзячы на тое, што выходных дзён стала больш, гэтая рэформа была непапулярная, бо значна ўскладняла асабістае, грамадскае і сямейнае жыццё з-за несупадзення выходных дзён розных чальцоў грамадства.

Канчаткова  адменены  26 чэрвеня 1940 года.

1937 год. Нарадзіўся Іван Вашкевіч

Беларускі акцёр, тэатральны дзеяч. Заслужаны работнік культуры.

Акцёр драматычнага тэатра імя Я. Коласа, дырэктар драматычнага тэатра імя Я. Купалы і Літаратурнага музея Петруся Броўкі.

Старшыня Беларускай канфедэрацыі творчых саюзаў.

1937 год. Нарадзіўся Андрэй Мдзівані

Беларускі кампазітар, педагог. Народны артыст Беларусі.

Адзін з заснавальнікаў праграмнай сімфоніі на нацыянальную тэматыку.

Аўтар твораў: балет “Страсці” (“Рагнеда”), музычная камедыя “Дзяніс Давыдаў”, араторыя “Вольнасць”, сімфоніі, уверцюры, паэмы, п’есы, вакальныя цыклы, рамансы, музыка для тэатра і кіно і іншыя.

Належыць да экспрэсіўнага крыла рамантызму.

1942 год. 80 гадавіна з дня нараджэння Наталлі Парошынай. 

Артыстка балета, педагог, заслужаная артыстка Беларусі. 

У якасці салісткі Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі стварыла выразны вобраз Жанчыны ў чорным у балеце “Свет і цені” Г.Вагнера. 

Выканаўца партый у “Балеро” М.Равеля, у “Лебядзіным возеры” П.Чайкоўскага і іншых.

1992 год. Памёр Мікалай Бірыла

Беларускі мовазнавец, лінгвагеограф. 

Акадэмік НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар. 

Даследчык беларускай дыялекталогіі, сучаснай беларускай літаратурнай мовы і культуры мовы, праблем беларускай і славянскай анамастыкі. 

Суаўтар і рэдактар шматтомнага «Лексічнага атласа беларускай мовы», аўтар «Беларускай антрапаніміі».

2022 год. 315 гадоў з дня заснавання Краснаполля (раней – Маластоўка), 79 гадоў з вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

У рамках мерапрыемстваў запланавана  адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў памяць воіну-афганцу Вячаславу Раманенку ў вёсцы Казелье. 

Пройдзе і традыцыйны турнір па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, прысвечаны памяці героя.