Дзень у гісторыі. 22 снежня. Заснаваны дамініканскі ордэн. Скінуты рэжым Чаўшэску. Цунамі ў Інданезіі. Дзень ўшанавання ксяндза Уладзіслава Чарняўскага

Дзень сонцастаяння. 

У паўночным паўшар’і – зімовае сонцастаянне (самы кароткі дзень года), у паўднёвым – летняе сонцастаянне (самы доўгі дзень). Наступае 21 снежня у 21:48 па Сусветнаму часу, і 22 снежня у  00:48 па Мінскаму. У Магілёве дзень усяго толькі 7 гадзін і 24 хвіліны.

Ганны (славянскі народны каляндар).  

«Ганкі — сядайце на санкі».

Русіны Букавіны лічылі, што з гэтага дня пачынаецца Новы год, а беларусы — што здзяйсняецца паварот на лета.

Ва ўсходніх славян прынята ў гэты дзень маліцца святой Ганне пры бясплоднасці. Цяжарным загадвалася пасціцца, а таксама на працягу сутак забаранялася прымацца за якую-небудзь істотную працу, не сыходзіць з хаты.

Казалі, што з гэтага дня ваўкі пачынаюць хадзіць зграямі: «На Зачацце Святой Ганны ваўкі становяцца, а пасля Вадохрышча разбягаюцца». Ганны – прыбавіцца багата дня.

Калі снег прываліць ушчыльную да агароджы – дрэннае лета, а калі ёсць прамежкі ураджайнае.

1216 год. Папа Ганорый III зацвердзіў ордэн вандроўных прапаведнікаў ― дамініканцаў. 

Члены ордэна называлі сябе «божымі сабакамі», а на іх сцягу былі намаляваныя сабакі, якія раздзіраюць на часткі цела ерэтыкоў.

Прасоўванне ордэна на Усход пачалося з Кіева, пры князі Уладзіміры Рурыкавічы, калі адкрыўся касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі і пачала дзейнічаць у 1233 годзе дамініканская місія.

У Беларусі першы дамініканскі манастыр заснаваны ў Любчы ў 1250 годзе. У першай палове XVII стагоддзя тут заснавана 10 дамініканскіх манастыроў, у другой палове – 25, у XVIII стагоддзі – 6, у XIX – 1. У Навагрудку знаходзіўся манастыр сясцёр-дамініканак.

Дамініканскі манастыр быў заснаваны ў 1681 годзе ў Княжыцах пад Магілёвам, дамініканцы размясціліся і ў Мсціславе, Клімавічах.

Фота: Былы княжыцкі дамініканскі сабор Святога Антонія. Пераўтвораны ў 1865 годзе у царкву Аляксандра Неўскага. Зачынена ў 1965 годзе. Разбураецца.

1264 год. Заключаны мірны і гандлёвы дагавор полацкага князя Гердзеня з Рыгай і Лівонскім ордэнам. 

Полацк адмовіўся ад экспансіі ў ніжнім Падзвінні і латгальскіх зямель, Ордэн гарантаваў непарушнасць Полацкіх зямель. Былі агавораны правы нямецкіх і полацкіх купцоў у Рызе і Полацку.

Фота: Полацк

1888 год. Нарадзіўся Леан Уладзіслаў Радзівіл

Апошні нясвіжскі і клецкі ардынат, ваенны, грамадскі і палітычны дзеяч Польшчы.  Ахвяра рэпрэсій.

Служыў у Праабражэнскім лейб-гвардыі палку, у генштабе рускай арміі, у тым ліку пры Стаўцы ў Магілёве.

У польскай арміі служыў у выведвальным аддзеле Генеральнага штаба. У 1935 годзе стаў апошнім 17-ым нясвіжскім і 14-ым клецкім ардынатам, пасяліўся ў Нясвіжы, займаўся замкам, заснаваў агурочны завод.

За некалькі дзён да захопу Чырвонай Арміяй Нсявіжу, у верасні 1939 года вывез і схаваў значныя каштоўнасці нясвіжскага замка.

Быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў турмах Мінска, Масквы. Быў абменяны на вязняў рэжыму  Мусаліні і пераехаў у Італію, потым Вялікабрытанію, у Парыж.

Памёр 8 красавіка 1959 года ў Парыжы.

Яго ўнучка Дзіяна Марыя Роза Караба-Тэтаманці наведвала Нясвіжскі палац у 2014 і 2017 гадах і ўздымала пытанне аб перапахаванні Леана ў радавой спачывальні.

1895 год. У мястэчку Горы пад Горкамі нарадзіўся Даніла  Пагуляеў. 

Савецкі геолаг, географ, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар.

Удзельнік Першай сусветнай вайны (прапаршчык), грамадзянскай, Вялкай Айчыннай войн. Усё сваё жыццё выкладаў у Смаленскім педінстытуце: загадчык кафедраў геологіі, фізічнай геаграфіі і геалогіі, дэкан прыродазнаўчага факультэта, прарэктар, кіраўнік Заходнім абласным навукова-даследчым інстытутам геалогіі.

Даследчык прыродных умоў, рэсурсаў, карысных выкапняў Смаленскай вобласці.

Узначальваў Смаленскую абласную арганізацыю таварыства «Веды».

Памёр 19 верасня 1974 года. 

1917 год. Ва ўмовах падполля ў Мінску быў створаны Выканаўчы камітэт 1-га Усебеларускага з’езду. 

Нягледзячы на падтрымку У. Леніна і І. Сталіна, з’езд, які пачаў сваю працу 18 снежня, быў гвалтоўна разагнаны бальшавікамі А. Мясніковым, В. Кнорыным, К. Ландэрам.

Частка дэлегатаў сышла ў падполле і абрала Выканаўчы камітэт Рады з’езду з 17 чалавек на чале з Язэпам Варонкам. Пазней гэтыя структуры адыгралі важную ролю ў абвяшчэнні БНР.

31 студзеня 1918 года паводле дэкрэта Леніна ў Народным камісарыяце па нацыянальных справах на чале са Сталіным, стварылі Беларускі нацыянальны камісарыят, які адыграў выключную ролю ў стварэнні беларускай савецкай дзяржаўнасцці.

Язэп Варонка

1918 год. У Мінску заснаваны Беларускі савецкі тэатр. 

Ён узнік з удзельнікаў Таварыства драмы і камедыі, “Беларускай хаткі” і хору У. Тэраўскага. Прапрацаваў да сакавіка 1919 года. На яго базе і пад яго ўплывам узніклі першы тэатр рэвалюцыйнай сатыры (Тэрэвсат, Віцебск), БДТ-1 (тэатр імя Я. Купалы), БДТ – 2 (тэатр імя Я. Коласа). 

Хор У. Тэраўскага

1922 год. Нарадзілася Алена Васілевіч

Беларуская пісьменніца. Заслужаны работнік культуры.

Працавала ў Курскім абласным выдавецтве, часопісе «Работніца і сялянка», выдавецтвах «Мастацкая літаратура», «Юнацтва».

Аўтар аповесцей, 10 кніг апавяданняў, зборнікаў апавяданняў і аповесцей, аўтабіяграфічнай тэтралогіі, кніг нататкаў, эсэ, эцюдаў, шэрагу кніг для дзяцей.

Яе творы дакладныя ў апісанні побыту і раскрыцці характараў чалавека, у іх паэтычнае бачанне свету, стрыманая, даверлівая манера апавядання, жывая народная мова.

Перакладчыца на беларускую мову, у тым ліку рамана Д. Дэфо «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза».

Памёрла 8 жніўня 2021 года. 

1932 год. Афіцыйна зарэгістравана Таварыства беларускай асветы, створанае ў Вільні.   

Культурна-асветная арганізацыя Заходняй Беларусі. Арганізатары і кіраўнікі А. Луцкевіч, Р. Астроўскі, А. Неканда-Трэпка, Я. Шнаркевіч  і іншыя. Выдавала газету «Родны край». 

Пры арганізацыі ўтвараліся гурткі, адкрываліся бібліятэкі-чытальні, наладжваліся лекцыі, спектаклі вандроўных тэатраў, разгортвалася выдавецкая дзейнасць. ТБА дамагалася адкрыцця беларускіх школ, выступала супраць паланізацыі, асуджала палітычныя рэпрэсіі ў БССР.

Кіраўніцтва ТБА імкнулася не дапусціць моладзь да ўдзелу ў палітычнай барацьбе, за што жорстка крытыкавалася дзеячамі кампартыі і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. 

Забаронена польскімі ўладамі 20 жніўня 1937 года.

Фота: На «літаратурнай гарбатцы» ў гасцях у інжынера Антона Неканды-Трэпкі. Стаяць (злева направа): Пётра Сергіевіч, М. Мілючанка, Станіслаў Станкевіч, А. Неканда-Трэпка; сядзяць: Янка Шутовіч, Максім Танк, Наталля Арсеннева, Антон Луцкевіч, Рыгор Шырма, Г. Трэпчыха. Вільня, 1937 год.

1937 год. Расстраляны НКУС  Янка Вярсоцкі

Беларускі рымска-каталіцкі святар, грамадскі дзеяч.

Скончыў Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу (1915). Падчас вучобы наведваў культурна-асветны гурток беларускіх студэнтаў-клерыкаў.

Служыў вікарыем парафій Святой Тройцы ў Мінску і Смаленску. Удзельнік 1-га з’езда беларускага каталіцкага духавенства (Мінск, 24-25 мая 1917). Член Саюза ксяндзоў-беларусаў. Быў адміністратарам парафіі Забелы Дрыса-Себежскага дэканата Віцебскай губерні.

Арыштаваны ДПУ ў 1927 годзе, адбываў пакаранне ў Салавецкім лагеры. У 1932 годзе зноў арыштаваны і сасланы ў Казахстан. Пасля трэцяга арышту прыгавораны да расстрэлу.

1937 год. Расстраляны НКУС  Раман Семашкевіч

Беларускі мастак-жывапісец, графік, скульптар.

Яшчэ студэнтам маскоўскага Вышэйшага мастацка-тэхнічнага інстытута стаў прызнаным мастаком. Яго творы набывалі Пушкінскі музей, Траццякоўская галерэя і іншыя ўстановы.

Пісаў партрэты, пейзажы, сцэны з гарадскога жыцця, жанравыя кампазіцыі. Аўтар партрэтаў М. Галадзеда, М. Гікалы, А. Александровіча, В. Таўлая, А. Грыневіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, скульптурнай кампазіцыі «Юны змагар».

Яго мастацтва высока цанілі яго сучаснікі.

У 1990 годзе ў Маскве адбылася першая пасмяротная выстаўка яго прац.

1989 год. У Румыніі скінуты рэжым Нікалае Чаўшэску

Н. Чаушэску (1918-1989) – генеральны сакратар ЦК Румынскай камуністычнай партыі (1965-1989), Прэзідэнт Сацыялістычнай Рэспублікі Румынія (1974-1989). 

Рэжым сканаў літаральна праз тыдзень пасля пачатку антыўрадавых хваляванняў. Дыктатар, які пазбавіўся падтрымкі арміі, паліцыі, пад радасныя воклічы дэманстрантаў на верталёце пакінуў прэзідэнцкі палац у Бухарэсце, але потым быў арыштаваны вайскоўцамі. 

Да ўлады часова прыйшоў апазіцыйны Фронт нацыянальнага выратавання.

25 снежня Чаўшэску і яго жонка Алена былі расстраляныя паводле пастановы Надзвычайнага ваеннага трыбунала. 

Трыбунал абвінаваціў Чаўшэску ў злачынствах супраць дзяржавы, генацыдзе ўласнага народа, адкрыцці таемных рахункаў у замежных банках і падрыве нацыянальнай эканомікі.

Фота: Затрыманне Мікалае і Алены Чаушэску.

1995 год. У ЗША памёр Мікола Шчорс

Беларускі палітычны дзеяч.

Медык, грамадскі актывіст, кіраўнік Беларускага студэнцкага саюза (1935-1937), старшыня Беларускага камітэта ў Варшаве.

19 чэрвеня 1941 года выбраны старшынёй Беларускага нацыянальнага цэнтра, які разглядаўся як урад будучай Беларусі пад пратэктаратам Германіі. Аднак праз тры тыдні, пасля наведвання Беларусі, адмовіўся ад палітычнай дзейнасці. Вярнуўся ў Варшаву, дзе узначальваў Беларускі камітэт.

У Германіі узначальваў Беларускае праваслаўнае аб’яднанне, быў другім віцэ-прэзідэнт адноўленай Беларускай цэнтральнай рады (1948-1952).

У ЗША узначальваў Злучаны беларуска-амерыканскі дапамаговы камітэт, стаў стваральнікам і старшынёй Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі, сустваральнік Камітэта незалежнай Беларусі, Беларуска-амерыканскага саюза. 

Супрацоўнічаў з камісіяй па даследаваннях бальшавіцкіх рэпрэсій у дачыненні нерускіх народаў СССР (камісія кангрэсмена Чарльза Керстена): прадставіў шматлікія дакументы рэпрэсій беларусаў.

У ЗША меў уласную клініку, з’яўляўся віцэ-прэзідэнтам Амерыканскай асацыяцыі хірургаў. Займаўся дабрачыннасцю: адзін з асноўных фундатараў падчас пабудовы царквы ў Саўт-Рыверы.

2001 год. Памёр Уладзіслаў Чарняўскі

Беларускі ксёндз. Перакладчык Бібліі і Катэхізіса на беларускую мову.

Скончыў беларускую настаўніцкую школу ў Барунах, гімназію пры друйскім кляштары марыянаў,  Віленскую духоўную семінарыю. Член ордэна марыянаў.

Ксяндзом служыў у Крэве, Вільні, Вішневе Валожынскага раёна. У 1968 годзе Папам Рымскім прызначаны дарадчыкам пры Кангрэгацыі абрадаў.

Дабіўся папскага блаславення на правядзенне богаслужэнняў па-беларуску. Доўгія гады ён быў адзіным святаром на Беларусі, хто вёў службу на роднай мове.

Пахаваны ў Вішневе. На стагоддзе з дня народзінаў (2016) у Вішневе адкрыўся музей святара.

2018 год. Цунамі ў Зондскім праліве стала адным з самых разбуральных у гісторыі Інданезіі.  

Цунамі абрынулася на абодва бакі Зондскага праліва, як мяркуюць, яно было выклікана вывяржэннем вулкана Анак Кракатау. Загінула, па меншай меры 429 чалавек, больш за 1400 былі паранены.

На думку навукоўцаў, абвалілася падводная частка вулканічнага конусу, гэта і выклікала магутную хвалю.

Сярод ахвяр апынуліся ўдзельнікі папулярнай у Інданезіі мясцовай групы Seventeen. Хвалі накрылі музыкаў і іх гледачоў проста падчас выступу ў курортным горадзе Танджунг-Лесунг.