Мода на продаж старых сартыраў укараняецца на Магілёўшчыне

Яшчэ адзін туалет выставілі на продаж у Магілёўскай вобласці. На гэты раз прыбіральня была арыштавана і выстаўлена на продаж за даўгі МПМК-280 у Чэрыкаўскім раёне.

Відавочна, іншых актываў у прадпрыемства няма, таму прадаўцы ўчапіліся ў туалет мёртвай хваткай і патрабуюць за яго 3440 рублёў.

І гэта пры тым, што “збудаванне неўстаноўленага прызначэння”, а менавіта так называюць туалет у аб’яве, размешчана не ў цэнтры Чэрыкава, а на перыферыі –

у вёсцы Гронаў Вепрынскага сельсавета.

Фота e-auction.

У Бабруйску за даўгі прадаецца Завод жалезабетонных вырабаў

Працуючы бабруйскі Завод жалезабетонных вырабаў зноў выставілі на аўкцыён, але цяпер ужо коштам амаль 1 млн 124 тыс. рублёў.

Інфармацыя аб аўкцыёне размешчана на сайце РУП “БелЮрЗабеспячэнне”. На таргі выстаўлены галоўны корпус фармовачнага цэха, плошчай больш за 10 000 квадратных метраў і яшчэ тры будынкі, уключаючы склад гатовай прадукцыі. Выставіў прадпрыемства на продаж абласны аддзел прымусовага выканання. А ўласнікам завода з’яўляецца ТАА “ЮрБудМаш”. Паводле яго замдырэктара Сяргей Усава, і дачыннае прадпрыемства ў Бабруйску, і гадоўнае ў Магілёве працягваюць працаваць, піша komkur.info.

“Завод у Бабруйску вырабляе жалезабетонныя вырабы – пліты перакрыцця, падмуркавыя блокі, перамычкі, калоны, пярсцёнкі. Прадпрыемства мы купілі ў 2018 годзе, таксама з аўкцыёну, пасля мадэрнізавалі і з 2019 года яно працуе і вырабляе прадукцыю. Створаны 32 працоўныя месцы” – распавёў ён.

Прычынай жа продажу завода з’яўляюцца даўгі перад падатковымі органамі. Прычым яго ўжо прадавалі восенню 2025 года за больш чым 2 млн 800 тыс. рублёў, праўда, пакупнікоў не знайшлося. Цяпер жа цану знізілі больш чым удвая.

А ў прынцыпе Заводу жалезабетонных вырабаў неяк катастрафічна не шанцуе. Раней ён належаў прадпрыемству «Бабруйскжалезабетон». У 2010-х гадах яго ліквідавалі, пасля чаго сталі распрадаваць маёмасць. Адміністрацыйны будынак спрабавалі прадаць асобна. Спачатку аднаму ўласніку, а пасля іншаму. Другая спроба аказалася паспяховай, але цяпер ад завода спрабуе пазбавіцца колішні пакупнік – ТАА “ЮрБудМаш”.

Фотаздымак: e-auction.by

Бабруйчанін пусціў пажыць знаёмага, а той набраў на яго мікракрэдытаў

Бабруйчаніну раптам сталі паступаць патрабаванні аб пагашэнні мікрапазык, якія, як аказалася, набраў яго кватарант.

Званкі з мікрафінансавых арганізацый сталі для 25-гадовага жыхара Бабруйска непрыемным сюрпрызам. Суразмоўцы настойліва патрабавалі пагасіць крэдытную запазычанасць. Праблема была ў тым, што ніякіх пазык мужчына не афармляў.

Заява пацярпелага паступіла ў міліцыю, і ў ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў праваахоўнікі высветлілі, як з’явіліся гэтыя даўгі. Да незаконных фінансавых аперацый аказаўся датычны 23-гадовы беспрацоўны бабруйчанін, які раней некаторы час жыў у кватэры заяўніка.

Следства ўстанавіла, што малады чалавек скарыстаўся даверлівымі адносінамі і свабодным доступам да мабільнага тэлефона гаспадара жылля. Без ведама ўладальніка ён аформіў на яго імя тры мікрапазыкі, пасля чаго перавёў атрыманыя сродкі на ўласную банкаўскую карту. Грошы былі выдаткаваны на асабістыя патрэбы.

У дачыненні да падазраванага ўзбуджана крымінальная справа.

Фотаздымак: freepik.com

Магіляўчанку не выратаваў ад даўгоў шлюбны дагавор

Магіляўчанка спрабавала пазбегнуць выплаты 240 тыс. рублёў па судоваму выраку, прыкрыўшыся шлюбнай дамовай, але пракуратура выкрыла яго фіктыўнасць.

У свой час суд у Мінску прызнаў жыхарку Магілёва вітнаватай у нясплаце мытных плацяжоў, падаткаў і іншых збораў, а таксама ў незаконным заняцці прадпрымальніцкай дзейнасцю. З яе і яе падзельнікаў было спагнана агулам 240 тыс. рублёў.

Аднак, калі на аўтамабіцль жанчыны судовыя выканаўцы наклалі арышт, жанчына хуценька разам з мужам заключылі шлюбны дагавор. Дакумент прадугледжваў, што з моманту яго заключэння ўся маёмасць жонкі пераходзіць ва ўласнасць мужа. Пры тым, што сужонцы вялі агульную гаспадарку і жанчына таксама мела прыбатак у выглядзе заробку.

Пракуратура выкрыла хітрыкі гэтых магілёўцаў і звярнулася ў суд, каб прызнаць шлюбную дамову несапраўднай. Суд Ленінскага раёна Магілёва пагадзіўся з такім меркаваннем. Яго рашэнне ўжо ўступіла ў законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Калгасы Магілёўскай вобласці не спяшаюцца разлічвацца з работнікамі

Запазычанасць перад работнікамі сельгаспрадпрыемстваў Магілёўшчыны пагасілі толькі па настойлівай “просьбе” пракуратуры.

Каб атрымаць належныя па законе грошы, работнікам АПК Магілёўскай вобласці даводзіцца звяртацца ў пракуратуру.

Тры выпадкі наглядна дэманструюць стаўленне “моцных гаспадарнікаў” да сваіх кадраў:

  • жыхар Асіповіцкага раёна працаваў трактарыстам. Пасля сыходу на тэрміновую службу прадпрыемства не выплаціла яму заработную плату ў поўным аб’ёме. Пасля ўмяшання пракуратуры, нестаючая тысяча рублёў знайшлася праз дзень;
  • жыхарка Глуска працавала даяркай. Спагнаць з роднага калгаса 2,8 тысячы рублёў ёй дапамагла пракуратура;
  • аналагічная сітуацыя і ў Бялыніцкім раёне. Там сума запазычанасці сельгаспрадпрыемства перад сваім “кадрам” склала 2000 рублёў. І зноў давялося ўмешвацца пракурору.

Пракуратура ў Магілёўскай вобласці працуе добра, але чаму пракурорская пугá патрэбная менавіта кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў?

Магчыма, Лукашэнка мае рацыю: залатыя кадры ў яго куюцца не ва ўніверсітэтах, а ў турмах.

Фота БелТА.