З пяці найбяднейшых раёнаў краіны тры – ў Магілёўскай вобласці. Нізкія заробкі, мільённыя крэдыты

Адны з бяднейшых у краіне і самыя бедныя ў Магілёўскай вобласці – Хоцімскі, Слаўгарадскі і Мсціслаўскі раёны. 

Паводле афіцыйнай статыстыкі Белстат за 2022 год самымі дэпрэсіўнымі, з самымі нізкімі заробкамі і мільённымі крэдытамі з’яўляюцца пяць раёнаў краіны.

Самы бядотны стан у двух: Шаркаўшчынскім Віцебскай вобласці з сярэднім месячным заробкам 1 005 рублёў 5 капеек (383 даляры) і 8,4 мільёнамі рублёў пратэрмінаваных пазык і Кармянскім Гомельскай вобласці з заробкам 1 007 рублёў 6 капеек (384 даляры) і 19 мільёнамі рублёў пратэрмінаваных пазык.

Адразу тры раёны Магілёўскай вобласці занялі з 3-га па 5-е месцы антырэйтынгу: Хоцімскі, Слаўгарадскі і Мсціслаўскі. І гэта пры тым, што ўсе яны падпадаюць пад Указ ад 8 чэрвеня 2015 года №235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-усходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці» і маюць пэўныя прэферэнцыі.

У Хоцімскім раёне за 2022 год рэальны заробак упаў на 3,7% і склаў 1036 рублёў 8 капеек (395 даляраў) і вырасла пратэрмінаваная запазычанасьць на 6,2 мільёны рублёў – да ўзроўню 19,2 мільёны рублёў. На тэрыторыі раёна працуе ільнозавод і 6 сельскагаспадарчых арганізацый.

У Слаўгарадскім раёне з сярэднім заробкам 1045 рублёў (398 даляраў) 13,3% арганізацый стратныя. Тут пратэрміноўка крэдытаў складае 16,8 мільёны рублёў, у раёне нулявыя замежныя інвэстыцыі. З прамысловасці працуюць філіялы “Бабушкина крынка” і прадпрыемства “Красный пищевик”.

Самую вялікую пратэрміноўку мае Мсціслаўскі раён – 34,5 мільёны рублёў (пры чыстым прыбытку 2,9 мільёна). У раёне 5,2 мільёны рублёў пазык толькі за паліўныя рэсурсы. Тут сярэдні заробак за 2022 год склаў 1047 рублёў 50 капеек (399 даляраў). І гэта пры тым, што ў раён летась укладаліся замежныя інвэстары на 254,3 тысячы даляраў. У раёне дзейнічае вытворчасць малака, льну і хлебабулачных вырабаў.

Фотаздымак мае ілюстрацыйны характар

«Могілкі кіёскаў». Як выглядае вытворчая база збанкрутаванага «Магілёўсаюздруку» (відэа)

Акцыянернае таварыства «Магілёўсаюздрук» само звярнулася ў Эканамічны суд Магілёўскай вобласці, каб яго прызналі банкрутам. Цяпер суд пачаў працэс конкурснай вытворчасці – працэдуры, якую выкарыстоўваюць у справе аб банкруцтве для задавальнення патрабаванняў крэдытораў.

Манапаліст продажу газетаў і іншай прадукцыі вінаваты крэдыторам 5 160 864,45 рублёў і супраць яго распачата 130 працэсаў прымусовага спагнання даўгоў,піша Магілёў.media.

Кошт маёмасці даўжніка паводле бухгалтарскага ўліку – 5 544 580,33 рублёў.

28,89% акцыяў прадпрыемства валодае дзяржава. Яны перададзены ва ўпраўленне. 65,96% акцыяў належаць 4 юрыдычным асобам. 58 асоб фізічных маюць 5,15%.

Праблемы ў арганізацыі з’явіліся некалькі гадоў таму праз нястачу грашовых сродкаў. Фінансаў не хапала, каб разлічыцца з насельніцтвам за прададзеную прадукцыю і нават аплаціць працу работнікаў. З ім спынілі супрацоўніцтва дзяржаўныя прадпрыемствы.

«Магілёўсаюздрук»спыніў продаж газетаў і іншай прадукцыі праз фінансавыя праблемы і стаў прадаваць свае кіёскі ў рэгіёне.

Услед за Расіяй. Беларусь будзе разлічвацца з замежнымі даўгамі ў нацыянальнай валюце

Так пастанавіў урад сумесна з Нацыянальным банкам. Афіцыйна дакумент пакуль не апублікаваны.

У тэлеграм-канале ўраду гаворыцца, што выкананне даўгавых абавязкаў па дзяржаўных каштоўных паперах, размешчаных на знешніх фінансавых рынках, будзе ажыццяўляцца ў беларускіх рублях паводле курсу Нацыянальнага банку на дату плацяжу.

Такую меру ўрадоўцы называюць вымушанай і абумоўленай немагчымасцю плацежнага агента і іншых удзельнікаў міжнароднай разьлікова-клірынгавай сістэмы гарантаваць паўнату і своечасовасць пералічэння сродкаў усім трымальнікам еўрааблігацыяў.

Урадоўцы сцвярджаюць: ёсць факты неатрымання асобнымі ўладальнікамі купоннага даходу па еўрааблігацыях, пералічанага Міністэрствам фінансаў у лютым.

Мінфін яшчэ ў сакавіку паведаміў, што ўлады Беларусі маюць намер разлічвацца па даўгах ураду, беларускіх банкаў і кампаніяў з «недружалюбнымі» краінамі не ў той валюце, у якой бралі крэдыты, а ў беларускіх рублях.

Раней аб абслугоўванні свайго знешняга доўгу ў нацыянальнай валюце – расійскіх рублях – таксама аб’явілі ў Маскве.

27 чэрвеня заходнія СМІ паведамілі аб «сімвалічным» дэфолце Расіі па валютных дзяржаблігацыях з-за таго, што напярэдадні, 26 чэрвеня, скончыўся льготны перыяд па аплаце каля 100 млн долараў пратэрмінаваных плацяжоў па каштоўных паперах Масквы.

Згодна з дамовай Расія павінна была заплаціць у замежнай валюце, аднак у Крамлі настойваюць, што ўнеслі суму ў рублях, і на гэтай падставе называюць сцвярджэнні аб яе дэфолце неправамернымі.