У Магілёве фігурант карупцыйнай справы хацеў перапісаць маёмасць на жонку

Фігуранту праверкі па карупцыйным злачынстве не ўдалося перапісаць маёмасць на жонку праз заключэнне шлюбнага дагавора.

У Магілёве пракуратура праз суд дамаглася прызнання несапраўдным шлюбнага дагавора, які, паводле следства, быў заключаны з мэтай схаваць маёмасць ад дзяржавы. Гаворка ідзе пра справу, звязаную з магчымым карупцыйным злачынствам, у выніку якога дзяржаўнаму прадпрыемству была нанесена шкода больш як на 1 млн рублёў.

Паводле матэрыялаў справы, сямейная пара з Магілёва ведала пра праверку ў дачыненні да мужа і паспрабавала перааформіць сумесна нажытую маёмасць. Для гэтага яны заключылі шлюбны дагавор, згодна з якім кватэра, зямельны ўчастак з жылым домам і транспартны сродак павінны былі перайсці ва ўласнасць жонкі.

Пры гэтым суд устанавіў, што на момант заключэння дагавора муж і жонка працягвалі жыць разам, вялі агульную гаспадарку, мелі пастаянны даход і выхоўвалі сумесных дзяцей. Гэта стала адным з аргументаў на карысць таго, што здзелка была фармальнай і накіраванай на ўхіленне ад магчымых фінансавых абавязкаў.

Суд Ленінскага раёна Магілёва задаволіў пазоў пракурора: шлюбны дагавор прызнаны несапраўдным, а сама здзелка нікчэмнай. Адпаведна, маёмасць застаецца ў складзе сумеснай уласнасці і можа быць выкарыстана для пакрыцця магчымай шкоды дзяржаве.

Разам з тым рашэнне суда пакуль не набыло законнай сілы і абскарджана ў апеляцыйным парадку.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Магіляўчанку не выратаваў ад даўгоў шлюбны дагавор

Магіляўчанка спрабавала пазбегнуць выплаты 240 тыс. рублёў па судоваму выраку, прыкрыўшыся шлюбнай дамовай, але пракуратура выкрыла яго фіктыўнасць.

У свой час суд у Мінску прызнаў жыхарку Магілёва вітнаватай у нясплаце мытных плацяжоў, падаткаў і іншых збораў, а таксама ў незаконным заняцці прадпрымальніцкай дзейнасцю. З яе і яе падзельнікаў было спагнана агулам 240 тыс. рублёў.

Аднак, калі на аўтамабіцль жанчыны судовыя выканаўцы наклалі арышт, жанчына хуценька разам з мужам заключылі шлюбны дагавор. Дакумент прадугледжваў, што з моманту яго заключэння ўся маёмасць жонкі пераходзіць ва ўласнасць мужа. Пры тым, што сужонцы вялі агульную гаспадарку і жанчына таксама мела прыбатак у выглядзе заробку.

Пракуратура выкрыла хітрыкі гэтых магілёўцаў і звярнулася ў суд, каб прызнаць шлюбную дамову несапраўднай. Суд Ленінскага раёна Магілёва пагадзіўся з такім меркаваннем. Яго рашэнне ўжо ўступіла ў законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц