Мода на продаж старых сартыраў укараняецца на Магілёўшчыне

Яшчэ адзін туалет выставілі на продаж у Магілёўскай вобласці. На гэты раз прыбіральня была арыштавана і выстаўлена на продаж за даўгі МПМК-280 у Чэрыкаўскім раёне.

Відавочна, іншых актываў у прадпрыемства няма, таму прадаўцы ўчапіліся ў туалет мёртвай хваткай і патрабуюць за яго 3440 рублёў.

І гэта пры тым, што “збудаванне неўстаноўленага прызначэння”, а менавіта так называюць туалет у аб’яве, размешчана не ў цэнтры Чэрыкава, а на перыферыі –

у вёсцы Гронаў Вепрынскага сельсавета.

Фота e-auction.

У Крычаве дзікі попыт на пустуючыя дамы

Свой знакаміты ўказ аб продажы развалюх за базавую велічыню Лукашэнка падпісаў у 2021 годзе. Чакалася, што народ накінецца на хаткі ў вёсках, але… Здаецца, фінт не спрацаваў. Упіхваць закінутыя хаты нават па адной базавай аказалася няпроста.

Але ў Крычаве ўпэўненыя, што ўсё ідзе як па масле.

Прыводзіцца пераможная статыстыка:

  • за 5 месяцаў бягучага года ў Беларусі прададзена 2,6 тысячы дамоў;
  • разам з дамамі 577,5 га зямель вярнуліся да добрых гаспадароў;
  • Магілёўская вобласць займае 4 месца па ўцягванні пустуючых дамоў у абарот;
  • усяго тут прададзена 402 дамы і 65,4 га зямлі;
  • больш за ўсё дамоў прададзена менавіта ў Магілёўскім раёне – 45;
  • з іх 26 праз аўкцыён;
  • 19 за адну базавую велічыню.

На думку крычаўскіх аналітыкаў народ удалося ўзяць у абарот, а рэестр пустуючых дамоў – выдатны інструмент, але… Дваццаць шэсць тысяч дамоў у краіне прададзена ўсяго, і пераважная большасць з іх ніякага дачынення да развалюх не мае.

А вось і крычаўская статыстыка:

  • за адну базавую велічыню куплена 4 дамы: 3 у горадзе і 1 у сельскай мясцовасці;
  • за ўвесь мінулы год прададзена 8 дамоў;
  • у рэестры застаюцца 72 дамы, якія нікому не патрэбныя.

То-бок, па сутнасці справы не прададзена нічагуткі. Супакойвае толькі тое, што

“грамадзяне, не выходзячы з дому анлайн могуць азнаёміцца ў рэестры з участкамі па ўсёй краіне і выбраць сабе ўчастак па душы”.

Могуць-та, могуць, але ж не выбіраюць. 

Фота з рэестра.

У Магілёве актыўна расце кошт кватэр

За тыдзень, з 18 да 25 траўня 2026 года, сярэдні кошт у аб’явах аб продажы кватэр у Магілёве вырас на 2% і склаў 1147 долараў за м2.

Паводле Realt, за апошні месяц кватэры ў абласным цэнтры дадалі ў кошце 1%, за год – на 19,7%. Пры гэтым за прайшоўшы тыдзень пры росце сярэдняга кошту кватэр іх колькасць у продажы зменшылася на 1,6%. 

На 1,1% знізілася сярэдняя цана 1-пакаёвых кватэр, якія на дадзены момант прадаюцца ў сярэднім па 1226 долараў за м2. Сярэдняя цана на 2-пакаёвыя кватэры ў Магілёве складае 1186 долараў на м2 (+1,8% за тыдзень). За 3-пакаёвыя кватэры ў абласным цэнтры просяць у сярэднім 1079 долараў за м2, што на 0,3% больш, чым тыднем раней.

Нідзе з абласных центраў не было такога імклівага росту сярэдняга кошту кватэр, як у Магілёве. Так, у Брэсце гэты паказчык на ўзроўні 0,4% (1300 долараў за м2), у Гомелі – 0,5% (1092 долараў за м2), у Гродне – 0,6% (1186 долараў за м2). А ў Віцебску сярэдні кошт кватэр на продаж увогуле знізіўся на 0,1% (1029 долараў за м2).

Па даным паказчыку Магілёў не надта адстае ад Мінску, дзе ён склаў 2,1%, а ўласна сярэдні кошт прапануемай для пакупкі кватэры дасягнуў 2438 долараў за м2.

У Беларусі радзей за ўсё куплялі кватэры ў Магілёве

За першы квартал 2026 года найбольшую колькасць кватэр набылі ў Гродне (810 здзелак), а менш, чым у іншых гарадах – у Магілёве (316 здзелак).

Пры гэтым у Магілёве, як і ў іншых абласных цэнтрах, колькасць здзелак у адносінах да IV квартала 2025 года скарацілася. Толькі ў Гродне гэтая колькасць павялічылася на 15%, паведамляе прэс-служба Нацыянальнага кадастравага агенцтва.

Сярэдняя цана здзелак па выніках І квартала 2026 года да IV квартала 2025 года павялічылася ва ўсіх абласных цэнтрах: ад 50 долараў ЗША за 1 кв. м у Брэсце і Магілёве да 90 долараў ЗША за 1 кв. м у Гродне. 

Пакупнікі ў Магілёве часцей цікавяцца адна- і двухпакаёвымі кватэрамі.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Бамбасховішча ў растэрміноўку прадаецца ў Магілёве – стартавы кошт 78 тысяч

На аўкцыённай пляцоўцы Беларускай універсальнай таварнай біржы выставілі на таргі жалезабетоннае бамбасховішча ў Магілёве. Пакупніку даступна растэрміноўка да трох гадоў.

Бамбасховішча плошчай 90,3 квадратных метраў па вуліцы Куцепава, 17А, выстаўлена на таргі. Стартавая цана лота складае 78 754 рублі, задатак для ўдзелу ў таргах – 15 700 рублёў.

Разам з аб’ектам перадаецца права арэнды зямельнага ўчастка плошчай 0,1189 га тэрмінам на 20 гадоў. Аплаціць пакупку трэба на працягу 30 каляндарных дзён пасля заключэння дагавора, аднак па пісьмовай заяве пакупніку могуць даць растэрміноўку да трох гадоў з штомесячнай індэксацыяй плацяжоў. Штраф за адмову пераможцы ад здзелкі складзе 15 750,81 рубля.

Мэтавае прызначэнне ўчастка – будаўніцтва і абслугоўванне будынка і збудавання. Па генплане Магілёва магчымы кірунак выкарыстання – размяшчэнне аб’ектаў грамадскай або грамадска-жылой забудовы.

Вядомыя выпадкі, калі падобныя аб’екты іх уладальнікі рабілі прыбытковымі, выкарыстоўваючы цікавасць людзей да постапакаліпсісу. Цяжка сказаць, ці атрымаецца гэта ў Магілёве. Хутчэй за ўсё бамбасховішча нікому не спатрэбіцца.

Фота ведамаснага сайта Дзяржкаммаёмасці.

Быхаўскую “піраміду майя” зноўку прадаюць – кошт зніжаны

Пабудова невядомага прызначэння ў Быхаве, больш падобная на піраміду майя альбо зікурат, працягвае шукаць свайго гаспадара. Канструкцыя, да вяршыні якой вядуць таямнічыя прыступкі, належыла прадпрыемству ПМК-247 і зараз арыштаваная з-за запазычанасцяў. Раней за яе прасілі 3 000 рублёў – пісалі mogilev.media. Зараз жа кошт зніжаны да 2 000, і да заканчэння аўкцыёна на сайце “БелЮрЗабеспячэння” сёння яшчэ можна паспець.
быхаў
Фота: “БелЮрЗабеспячэнне”