“Дэпутат” Гарошкін любіць талаку. У Дрыбіне і Касцюковічах да яе таксама неабыякавыя

На нарадзе ў Вейна “сенатар-дэпутат” Аляксандр Гарошкін заклікаў чыноўнікаў больш актыўна выкарыстоўваць талаку і суботнікі для вырашэння надзённых пытанняў.

У чым-у чым, а ва ўжыванні бясплатнай працы грамадзян улады Магілёўшчыны сапраўды дасягнулі поспехаў.

Найбольш салідарныя з Гарошкіным у гэтым плане самыя слабыя раёны вобласці – Касцюковіцкі і Дрыбінскі.

Там талака – справа звыклая, а займаюцца яе арганізацыяй мясцовыя РАУС, якія прымушаюць жыхароў, што вядуць асацыяльны лад жыцця, выконваць грамадска-карысныя работы.

У Касцюковічах удзельнікі такой талакі днямі бралі ўдзел у прыборцы прыдамавой тэрыторыі на вуліцы Камсамольскай. У Дрыбіне грамадзяне гэтай жа катэгорыі таксама ўсёй талакой дапамаглі УКП «Жылкамгас».

Яно і зразумела. Пасля масавай алкагалізацыі і дэбілізацыі насельніцтва, праведзенай Гарошкіным і яго калегамі, на талаку выйдуць толькі тыя, каму ад клопату ўладаў ужо папросту не схавацца.

Фота раённай газеты.

У Касцюковічах падуліковых грамадзян не пакідаюць у спакоі нават на тыдзень

У Касцюковічах падуліковыя грамадзяне зноў чысцілі снег – “таму што на працу ўладкоўвацца яны не жадаюць”.

Жыццё падуліковага грамадзяніна ў Касцюковічах становіцца ўсё больш насычаным. Мясцовыя праваахоўнікі так клапоцяцца пра лёс гэтай катэгорыі насельніцтва, што не даюць ім сумаваць ні тыдня.

Учора ў актавай зале РАУС адбылося чарговае мерапрыемства з шматабяцальнай назвай «Кірмаш вакансій».

Падуліковым грамадзянам зноў расказалі пра свежыя магчымасці працаўладкавання ў арганізацыях раёна. З дакладам выступіла начальніца аддзела занятасці.

Але ў саміх падуліковых ужо сфарміраваліся ўласныя кар’ерныя перавагі. Нягледзячы на рэгулярныя прапановы вакансій, яны пастаянна выбіраюць альтэрнатыўную форму актыўнасці – добраахвотныя грамадскія работы. І ў гэтым ёсць свая рацыя – прапанаваныя вакансіі па ўзроўні зарплаты амаль не адрозніваюцца ад грамадскіх работ.

Пасля завяршэння кірмашу ўдзельнікі мерапрыемства традыцыйна адправіліся на практычную частку праграмы. На гэты раз яны аказалі добраахвотную дапамогу ў навядзенні парадку на дзіцячай пляцоўцы па вуліцы Камсамольскай.

Фота раённай газеты.

Беспрацоўных у Касцюковічах зноў прымусілі бясплатна працаваць

Ці то асоб, не занятых у эканоміцы, у Касцюковічах развялося больш чым дзе, ці то міліцыя там самая запатрабавальная, ці то мясцовай газеце падабаецца асвятляць гэтую тэму, але беспрацоўныя там зноў змагаліся са снегам.

На думку міліцыянераў, грамадскія работы фарміруюць у грамадзян такія якасці, як:

  • дысцыплінаванасць;
  • добрасумленнасць;
  • патрыятызм;
  • павага да чалавечай годнасці;
  • павага да чужой працы.

Акрамя таго, уборка снегу аказвае на беспрацоўных «дабратворны ўплыў і матывуе іх да афіцыйнага працаўладкавання, вядзення нармальнага здаровага ладу жыцця».

Варта нагадаць, што калі міліцэйскія справы ў краіне складаюцца ўсё лепш і лепш, то з эканомікай нешта не клеіцца. Хоць снегу ў Беларусі хапае на ўсіх, патрыятызм растае на вачах, а колькасць грамадзян, якія ігнаруюць удзел у эканоміцы, расце ўдарнымі тэмпамі.

Відавочна, прымусовыя работы дрэнна спалучаюцца з павагай да чалавечай годнасці, а «добраахвотная» уборка дваровых тэрыторый у Касцюковічах не спрыяе папулярызацыі здаровага ладу жыцця.

Цяпер статыстыка алкагалізацыі насельніцтва і ўзроўню самагубстваў засакрэчаная беларускімі ўладамі. А калі яна яшчэ была ў адкрытым доступе, Касцюковіцкі раён, які, дарэчы, даў свету міністра Кубракова, лічыўся лідарам зусім не здаровага ладу жыцця.

Фота раённай газеты.

У Глуску судзілі ўхіліста

Жыхар Глуска атрымліваў позвы пад роспіс, але ў ваенкамат не прыходзіў.

У Глуску адбылося выязное судовае пасяджэнне па справе аб ухіленні ад прызыву на тэрміновую ваенную службу. У прысутнасці прызыўнікоў разглядалася справа 22-гадовага жыхара гарадскога пасёлка, які на працягу некалькіх месяцаў не з’яўляўся па позвах у ваенкамат.

Малады чалавек з верасня па лістапад 2024 года наўмысна не прыбыў для адпраўкі да месца службы, нягледзячы на тое што позвы былі ўручаныя яму пад роспіс. Паважлівых прычын, якія тлумачылі б такія паводзіны, суд не знайшоў.

Абвінавачаны цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў зробленым.

Суд улічыў, што раней ён да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, меў пастаяннае месца жыхарства і працу.

Хлопец пакараны 360 гадзінамі грамадскіх работ.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.