Беспрацоўных у Касцюковічах зноў прымусілі бясплатна працаваць

Ці то асоб, не занятых у эканоміцы, у Касцюковічах развялося больш чым дзе, ці то міліцыя там самая запатрабавальная, ці то мясцовай газеце падабаецца асвятляць гэтую тэму, але беспрацоўныя там зноў змагаліся са снегам.

На думку міліцыянераў, грамадскія работы фарміруюць у грамадзян такія якасці, як:

  • дысцыплінаванасць;
  • добрасумленнасць;
  • патрыятызм;
  • павага да чалавечай годнасці;
  • павага да чужой працы.

Акрамя таго, уборка снегу аказвае на беспрацоўных «дабратворны ўплыў і матывуе іх да афіцыйнага працаўладкавання, вядзення нармальнага здаровага ладу жыцця».

Варта нагадаць, што калі міліцэйскія справы ў краіне складаюцца ўсё лепш і лепш, то з эканомікай нешта не клеіцца. Хоць снегу ў Беларусі хапае на ўсіх, патрыятызм растае на вачах, а колькасць грамадзян, якія ігнаруюць удзел у эканоміцы, расце ўдарнымі тэмпамі.

Відавочна, прымусовыя работы дрэнна спалучаюцца з павагай да чалавечай годнасці, а «добраахвотная» уборка дваровых тэрыторый у Касцюковічах не спрыяе папулярызацыі здаровага ладу жыцця.

Цяпер статыстыка алкагалізацыі насельніцтва і ўзроўню самагубстваў засакрэчаная беларускімі ўладамі. А калі яна яшчэ была ў адкрытым доступе, Касцюковіцкі раён, які, дарэчы, даў свету міністра Кубракова, лічыўся лідарам зусім не здаровага ладу жыцця.

Фота раённай газеты.

Касцюковіцкіх беспрацоўных прымусілі расчышчаць снег пад дамамі сілавікоў

Прымусовая праца становіцца нормай у Беларусі, таму беспрацоўных усё часцей прымушаюць працаваць бясплатна.

У Касцюковічах міліцыя прымусіла беспрацоўных мясцовых жыхароў займацца ўборкай снегу. Гэта адбылося пасля чарговага пасяджэння пастаянна дзеючай камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва, якое прайшло ў раённым аддзеле ўнутраных спраў, піша Mayday.

На мерапрыемства выклікалі каля двух дзясяткаў чалавек, якіх улады адносяць да катэгорыі «не занятых у эканоміцы». У сценах РАУС чыноўнікі расказалі ім пра наяўныя ў раёне вакансіі, а таксама папярэдзілі пра магчымую адказнасць за так званыя антыграмадскія паводзіны.

Пасля афіцыйнай часткі супрацоўнікі міліцыі вырашылі «ўцягнуць падуліковых грамадзян у грамадска карысную працу». Каля пяці мужчын, якія стаяць на ўліку ў міліцыі, былі накіраваныя на ўборку снегу з тратуараў каля новабудоўляў у мікрараёне арэнднага жылля. У гэтых дамах пражываюць самі сілавікі, работнікі сістэмы аховы здароўя і маладыя спецыялісты.

Пры гэтым пра аплату працы або добраахвотны характар такой «дапамогі» гаворка не ішла.

Нагадаем, што ў снежні 2025 года магілёўскіх беспрацоўных прымусілі прыбіраць тэрыторыю дзіцячага садка.

Фотаздымак: Mayday

Магілёўскіх беспрацоўных прымусілі прыбіраць тэрыторыю дзіцячага садка

Дармовая рабочая сіла беспрацоўных была выкарыстана гэтым разам для ўборкі тэрыторыі дзіцячага садка.

У Кастрычніцкі РАУС Магілёва выклікалі дзве катэгорыі людзей: непрацуючых грамадзян і грамадзян, якія знаходзяцца на разнастайным уліку ў гэтым райаддзеле. Афіцыяльная прычына – правядзенне так званага прафілактычнага мерапрыемства. Для большага пускання пылу ў вочы нават запрасілі прадстаўнікоў з упраўлення па занятасці, Цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі, а таксама ратавальнікаў.

Пагаварыўшы на тэму шкоды алкаголя, беспрацоўных, якія цяпер у Беларусі называюцца незанятымі ў эканоміцы, прымусілі прыбраць тэрыторыю дзіцячага садка. Іх дармовую працу міліцыянты ахарактаразавалі як “аказалі садзейнічанне ДУА «Дзіцячы садок № 47»”. Цікава, што няма інфармацыі аб “садзейнічанні” гэтаму дзіцячаму садку другой групы запрошаных на размову – тых, хто стаіць на розным уліку ў міліцыі. Пэўна, яны папросту пайшлі дадому, не праявіўшы так званую карысную ініцыятыву дармовай працы.

Фотаздымак: mogilev.mvd.gov.by