Замест вучобы ў Магілёве – збор камянёў на круглянскім полі

Студэнтаў Беларускага дзяржуніверсітэта тэхналогій адправілі збіраць камяні на полі занядбалай гаспадаркі ААТ “Круглянская іскра”.

Пра тое, як “дапамагалі ў навядзенні парадку” студэнты тэхналагічнага і механічнага факультэтаў БДУТ, распавёў сайт універсітэта, выклаўшы адпаведнае відэа.

Такім чынам, замест лабараторных і лекцый маладыя людзі збіралі камяні, фактычна выконваючы задачы, якія звычайна не маюць нічога агульнага з універсітэцкай адукацыяй.

Варта алзначыць, што “Круглянская іскра” – гэта гаспадарка, якая ўжо не першы год знаходзіцца ў складаным фінансавым становішчы. Яшчэ некалькі гадоў таму прадпрыемства было ўключана ў спіс тых, што патрабуюць фінансавага аздараўлення. Падтрыманне яго дзейнасці стала магчымым дзякуючы дзяржаўным рашэнням, у тым ліку пераносу тэрмінаў разлікаў па крэдытах.

На гэтым фоне прыцягненне студэнтаў да палявых работ выглядае як спосаб закрыць праблемы, паўстаўшыя ў выніку бязглуздага гаспадарання, за кошт іх дармовай працы.

Фотаздымак: БДУТ

Магілёўскіх беспрацоўных прымусілі прыбіраць тэрыторыю дзіцячага садка

Дармовая рабочая сіла беспрацоўных была выкарыстана гэтым разам для ўборкі тэрыторыі дзіцячага садка.

У Кастрычніцкі РАУС Магілёва выклікалі дзве катэгорыі людзей: непрацуючых грамадзян і грамадзян, якія знаходзяцца на разнастайным уліку ў гэтым райаддзеле. Афіцыяльная прычына – правядзенне так званага прафілактычнага мерапрыемства. Для большага пускання пылу ў вочы нават запрасілі прадстаўнікоў з упраўлення па занятасці, Цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі, а таксама ратавальнікаў.

Пагаварыўшы на тэму шкоды алкаголя, беспрацоўных, якія цяпер у Беларусі называюцца незанятымі ў эканоміцы, прымусілі прыбраць тэрыторыю дзіцячага садка. Іх дармовую працу міліцыянты ахарактаразавалі як “аказалі садзейнічанне ДУА «Дзіцячы садок № 47»”. Цікава, што няма інфармацыі аб “садзейнічанні” гэтаму дзіцячаму садку другой групы запрошаных на размову – тых, хто стаіць на розным уліку ў міліцыі. Пэўна, яны папросту пайшлі дадому, не праявіўшы так званую карысную ініцыятыву дармовай працы.

Фотаздымак: mogilev.mvd.gov.by