У Касцюковічах падуліковых грамадзян не пакідаюць у спакоі нават на тыдзень

У Касцюковічах падуліковыя грамадзяне зноў чысцілі снег – “таму што на працу ўладкоўвацца яны не жадаюць”.

Жыццё падуліковага грамадзяніна ў Касцюковічах становіцца ўсё больш насычаным. Мясцовыя праваахоўнікі так клапоцяцца пра лёс гэтай катэгорыі насельніцтва, што не даюць ім сумаваць ні тыдня.

Учора ў актавай зале РАУС адбылося чарговае мерапрыемства з шматабяцальнай назвай «Кірмаш вакансій».

Падуліковым грамадзянам зноў расказалі пра свежыя магчымасці працаўладкавання ў арганізацыях раёна. З дакладам выступіла начальніца аддзела занятасці.

Але ў саміх падуліковых ужо сфарміраваліся ўласныя кар’ерныя перавагі. Нягледзячы на рэгулярныя прапановы вакансій, яны пастаянна выбіраюць альтэрнатыўную форму актыўнасці – добраахвотныя грамадскія работы. І ў гэтым ёсць свая рацыя – прапанаваныя вакансіі па ўзроўні зарплаты амаль не адрозніваюцца ад грамадскіх работ.

Пасля завяршэння кірмашу ўдзельнікі мерапрыемства традыцыйна адправіліся на практычную частку праграмы. На гэты раз яны аказалі добраахвотную дапамогу ў навядзенні парадку на дзіцячай пляцоўцы па вуліцы Камсамольскай.

Фота раённай газеты.